«Біць не білі, але ўмовы былі жудасныя». Жахлівая гісторыя грамадзянкі Украіны, якая правяла год у беларускай турме
Людміла Ганчарэнка амаль год правяла ў зняволенні ў Беларусі. На момант затрымання яе малодшаму сыну было толькі тры месяцы. У чэрвені 2024 года жанчыну вызвалілі па працэдуры абмену ваеннапалоннымі. Людміла распавяла DW аб зняволенні і вяртанні дадому ва Украіну.
Жыхарка Чарнігава Людміла Ганчарэнка — адна з пяці грамадзян Украіны, вызваленых з беларускіх турмаў па працэдуры абмену ваеннапалоннымі. Акрамя Ганчарэнкі на волі аказаліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант справы аб падрыве ў Мачулішчах расійскага ваеннага самалёта Мікалай Швец. 28 чэрвеня 2024 года іх вярнулі ва Украіну.
Людмілу Ганчарэнку затрымалі 19 ліпеня 2023 года ў Брэсце. Нагодай сталі некалькі фота расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якія беларускія сілавікі знайшлі ў яе тэлефоне. Ганчарэнку абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці" (арт.358-1 КК РБ) і прыгаварылі да трох гадоў калоніі. У зняволенні Людміла правяла амаль год. Таксама ў закладніках у беларускага рэжыму апынуліся яе сын, сястра і пляменнік. Гісторыя былой палітзняволенай і яе блізкіх — на DW.
Затрымалі за фота расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі
Людміла Ганчарэнка жыве ва ўкраінскім Чарнігаве, у яе двое сыноў. Старэйшаму — 14, малодшаму крыху больш за год. Украінка часта бывала ў Беларусі. Яе першы муж і бацька старэйшага дзіцяці — беларус. "Ездзілі то да яго, то да родных, то куплю там нешта", — успамінае суразмоўніца. Адзін з такіх прыездаў, летам 2023 г., абярнуўся для жанчыны затрыманнем і годам у беларускай турме.
Па словах Людмілы, звычайна ў Беларусь яна ўязджала праз Польшчу, аднойчы недалёка ад Брэста зняла лагер расійскіх вайскоўцаў, відэа адправіла ўкраінскім памежнікам. Суразмоўніца мяркуе, што беларускія сілавікі, якія правяралі яе тэлефон пры перасячэнні мяжы, знайшлі гэтае відэа, а таксама фота расійскай ваеннай тэхнікі, зробленае ў студзені 2023. "Я нічога не выдаляла, нічога не хавала", — кажа Людміла.
Увечары 19 ліпеня 2023 года ў кватэру ў Брэсце, якую жанчына зняла на час паездкі, прыехалі супрацоўнікі Гомельскага КДБ. Сілавікі затрымалі Ганчарэнку і яе родных, якія знаходзіліся ў Беларусі разам з ёй: сястру Наталлю Ярашэнку, непаўналетніх сына і пляменніка. Наталля апынулася ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) у Гомелі. Дзяцей дапыталі, пасля яны знаходзіліся ў знаёмай Людмілы, з'ехаць з Беларусі змаглі толькі праз тыдзень.
У КДБ пагражалі аддаць 13-гадовага сына ў дзіцячы дом
Ганчарэнку змясцілі ў ІЧУ, вазілі на допыты ў КДБ. "Пачалі, натуральна, пагражаць: альбо будзеш падпісваць усё, што мы будзем казаць, альбо паедзеш на сем гадоў (у турму. – Рэд.)", – распавядае Людміла. Яна кажа, што сілавікі пагражалі свабодай яе, на той момант 13-гадовага, сына. Казалі, калі жанчына падпіша патрэбныя паперы, дзіця адпусцяць, калі будзе незгаворлівай, адправяць у беларускі дзіцячы дом, а калі яму споўніцца 14, пасадзяць.
Хлопчык, паводле яе слоў, таксама атрымаў моцную псіхалагічную траўму: яго дапытвалі, "вазілі на дэтэктар хлусні", "пужалі, што аддадуць у дзіцячы дом, калі не будзе праўду гаварыць", пагражалі пісталетам.
Праз допыт прайшоў і непаўналетні пляменнік Людмілы, сын яе сястры Наталлі Ярашэнка. Толькі праз тыдзень хлопчыкам дазволілі з'ехаць з Беларусі. Ва Украіну яны дабіраліся самастойна праз Польшчу.
Сястра Ганчарэнка правяла 147 сутак у ІЧУ
Сястра Людмілы Ганчарэнка, Наталля Ярашэнка, 147 сутак правяла ў Гомельскім ІЧУ, пасля яе дэпартавалі ва Украіну з забаронай на ўезд у Беларусь на пяць гадоў. Падчас зняволення жанчыну таксама дапытвалі ў КДБ, прымушалі прызнацца, што яна здымала расійскую вайсковую тэхніку. Наталлі прыйшлося прайсці праверку на паліграфе, аб выніках якой ёй так і не паведамілі. "Але я, сапраўды, нічога не здымала, нічога не рабіла", – кажа яна.
Па словах Наталлі, шэсць сутак яна правяла ў карцары. Там не было нічога, акрамя збітых з дошак высокіх нараў, рукамыйніцы і туалета. "Мне стала дрэнна. Выклікалі медыка — у мяне быў высокі ціск", — успамінае Наталля. Пасля гэтага яе вярнулі ў звычайную камеру.
"Ніхто асабліва нічога не тлумачыў. Яны мне толькі казалі, маўляў, паедзеце дадому, не хвалюйцеся", — распавядае ўкраінка.
У ІЧУ ў Наталлі, паводле яе слоў, лопнула вена на назе, жанчына месяц прасіла, каб яе адвезлі ў бальніцу. За амаль пяць месяцаў зняволення ў суразмоўніцы не было ні прагулак, ні перадач. Адзінае, чаго змагла дабіцца яе сяброўка-беларуска — дазволу перадаваць Ярашэнку 300 грамаў сала і 300 грамаў каўбасы ў тыдзень.
За знаходжанне ў ІЧУ Наталлі выставілі рахунак — "амаль 400 долараў". 15 снежня 2023 года яе прывезлі на мяжу з Украінай. Перад тым, як жанчына накіравалася на радзіму, беларускія сілавікі поўнасцю ачысцілі яе тэлефоны.
Трэба было папрасіць прабачэння ў Лукашэнкі
Людміла Ганчарэнка да гэтага часу ўжо знаходзілася ў СІЗА №3 Гомеля, ёй выставілі абвінавачанні па артыкуле аб "агентурнай дзейнасці". "Біць не білі, але ўмовы для жыцця былі жудасныя", — успамінае СІЗА суразмоўніца.
19 снежня 2023 года Ганчарэнку прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 22 сакавіка 2024 года Людмілу адправілі ў жаночую папраўчую калонію ў Гомелі (ВК №4). Таксама грамадзянку Украіны ўнеслі ў "спіс экстрэмістаў".
18 красавіка Людмілу Ганчарэнку выклікалі ў адміністрацыю ВК для напісання прашэння аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. "Ужо было ўсё напісана, трэба было толькі папрасіць прабачэння ў прэзідэнта і беларускага народа, распісацца і паставіць дату", — удакладняе Ганчарэнка.
13 чэрвеня яе забралі з калоніі сілавікі з Мінска: "Надзелі берушы, навушнікі, павязку, каб я не разумела, куды еду, рукі завязалі сцяжкамі", — распавядае Людміла.
Украінцаў тыдзень "адкормлівалі" ў катэджы пад Мінскам
Яе і яшчэ траіх украінцаў, якіх рыхтавалі да абмену на расійскіх палонных, прывезлі ў катэдж пад Мінскам, і, паводле Ганчарэнкі, сталі "адкормліваць". Побач увесь час знаходзіліся сілавікі: "Хто яны, мы не ведалі, яны маскі не здымалі, з намі не размаўлялі, толькі пыталіся, што нам трэба паесці ці папіць".
22 чэрвеня грамадзян Украіны зноў "павезлі". Па размовах жанчына зразумела, што іх прывезлі ў СІЗА КДБ. Там знаходзіўся фігурант справы аб выбуху ў Мачулішчах Мікалай Швец, якога таксама рыхтавалі да абмену. Далей, паводле слоў Ганчарэнкі, "ехалі з хуткасцю ветру", дарога заняла крыху больш за дзве гадзіны. Калі мікрааўтобус спыніўся, увайшоў сілавік і сказаў, што "ў вас сёння другі дзень нараджэння, вас Аляксандр Рыгоравіч памілаваў", а таксама, што праз гадзіну яны будуць дома, бо іх памянялі на аднаго святара і на трох расійскіх ваеннапалонных.
Людміла кажа, што зараз пакрысе аднаўляецца, са здароўем усё больш-менш нармальна, толькі моцна ўпаў зрок. Жанчына імкнецца праводзіць больш часу з малодшым сынам, якому на момант яе затрымання было менш за тры месяцы. Хлопчык пакуль да яе не да канца прывык, спіць па-ранейшаму з бабуляй.
Суразмоўніца кажа, што ні за што адсядзела год, як і многія беларусы: "Столькі людзей сядзіць увогуле ні за што. Лайк недзе паставілі — 3 гады, 5 еўра заданаціла — 3 гады, нейкі каментар напісала — год".