«Беларусістыка — гэта ўнікальныя веды і навыкі на рынку працы»

У Варшаўскім універсітэце амаль семдзесят гадоў працуе Кафедра беларусістыкі. За гэты час былі падрыхтаваныя спецыялісты, якія звязалі сваё жыццё з Беларуссю або з беларускімі справамі. Вольга Трацяк, кандыдат філалагічных навук і супрацоўніца Варшаўскага ўніверсітэта Кафедры беларусістыкі расказала «Польскаму радыё» пра магчымасці для вучобы і кар'еры. 

Фота: facebook.com/bialorutenistyka

Фота: facebook.com/bialorutenistyka

— Наша адзінка займае пачэснае месца сярод навукоўцаў, і напрацовак, якія былі зробленыя ў галінах развіцця мовазнаўства і літаратуразнаўства. На кафедры ў нас, напрыклад, быў складзены беларуска-польскі слоўнік, які з'яўляецца адной з аб'ёмных лексікаграфічных распрацовак. На жаль, ён ужо недаступны ў продажы, але спадзяемся, што будзе дадрукаванае гэтае выданне, можна азнаёміцца на старонцы нашай кафедры з выданнямі, якія былі апублікаваныя нашымі прафесарамі.

— Ці прыходзяць да вас вучыцца мігранты-беларусы з новай хвалі? Ці цікавяцца людзі вывучэннем беларускай мовы або ўдасканальваннем сваіх ведаў?

— Тры гады таму да нас прыйшлі студэнты і ўтварылася група, якая складалася толькі з беларусаў, з беларусаў, якія прыехалі са сваімі бацькамі.  І для нашых выкладчыкаў гэта было свайго роду выклікам, паколькі нашая праграма ўсё ж прыстасаваная да студэнтаў палякаў, да тых, якія ніколі не вывучалі кірыліцу і ніколі не мелі дачынення з беларускай мовай, бо першая ступень навучання адбываецца менавіта ад нуля. А тут прыйшлі беларусы, якія ў школе вучылі беларускую мову, і для нас гэта быў такі новы выклік, усе нашы праграмы навучання мы павінны былі перагледзець. 

Але я часта сутыкаюся з тым, што людзі не ведаюць, што ўвогуле ёсць Кафедра беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце. Мы, да слова, любім гасцей і прымаем іх ветліва, таму, калі хтосьці хацеў бы наведаць Кафедру беларусістыкі, то запрашаем — факультэт знаходзіцца недалёка ад ракі Вісла (раён Варшавы Powiśle) на вуліцы Dobra, 55. Можам таксама правесці міні-экскурсію, каб вы даведаліся, у якіх умовах навучаюцца сучасныя студэнты, наш будынак — адзін з найноўшых будынкаў Варшаўскага ўніверсітэта. 

— Ці прыходзяць палякі вучыцца? Пра беларусаў сказалі, што хваля міграцыі прынесла студэнтаў, а палякаў цікавіць беларуская мова?

— Уся гісторыя кафедры, можна сказаць, была звязана са студэнтамі палякамі. Нават, калі прыходзілі этнічныя беларусы, але гэта ўсё ж людзі, якія нарадзіліся ў Польшчы. І так, калі я прыйшла вучыцца, напрыклад, то на першым курсе ў нас было 47 чалавек, і сярод іх толькі я адна была беларускаю. Рэшта былі палякі або палякі з Падляшша, з этнічнай беларускай меншасці.

— А чым яны тлумачылі свой выбар? Усё ж беларуская мова не англійская, якая стала ўніверсальнай ва ўсім свеце і ва ўсіх сферах.

— Вы ведаеце, цікава назіраць, хто кандыдат на наш кірунак. Найперш прыходзяць асобы, якія зацікаўленыя ў вывучэнні моў. Часта гэта людзі, кія ўжо ведаюць тры-чатыры іншыя мовы. 

А з іншага боку, вучыцца ідуць людзі, якія шукаюць свае карані, напрыклад, іх бабуля, дзядуля — беларусы. А ёсць асобы, якія прыйшлі за сэрцам, то бок закахаліся ў беларусак, у беларусаў. Ну і, канешне, гэта этнічныя беларусы з Падляшша.

— Ці ўвогуле папулярна сёння быць навукоўцам, асабліва навукоўцам, даследчыкам у сферы лінгвістыкі?

— Ці модна быць навукоўцам? Тут мне цяжка адказаць.

Але можна сказаць, што кірунак вывучэння беларусістыкі гэта вельмі нішавая, рэдкая з'ява, якая ў працадаўцаў таксама выклікае зацікаўленне. Калі вы спецыяліст такога вузкага профілю, то мне здаецца, што вашыя шанцы ўзрастаюць на тое, каб знайсці цікавую прафесію.

Гэта я кажу не на пустым месцы, у мяне ёсць прыклады нашых выпускнікоў. Адзін з такіх прыкладаў — гісторыя выпускніца нашай кафедры, якая пасля напісала кандыдацкую ў іншай краіне, вярнулася ў Польшчу і працавала ў фірме, якая распрацоўвае штучны інтэлект. Яна выйграла конкурс сярод шматлікіх моцных кандыдатаў толькі таму, што яна была выпускніцай кафедры беларусістыкі.

Бо, калі хтосьці з'яўляецца беларусістам, ён не толькі ведае мову, але і культуру гэтага рэгіёну, ведае культуру ўсходніх славян, гістарычныя сувязі, кантакты. Я думаю, што гэта таксама з'яўляецца сёння ўнікальным. Нікога не здзівіш валоданнем англійскай ці нямецкай мовай, але здзівіш валоданнем беларускай мовы, арыентацыяй у культуры. 

12 красавіка — дзень адчыненых дзвярэй Варшаўскага ўніверсітэта, у ім будуць удзельнічаць усе факультэты. Мерапрыемства адбудзецца на галоўным кампусе Варшаўскага ўніверсітэта на вуліцы Кракаўскае Прадмесце, 26/28. З 10-й да 16-й гадзіны можна прыйсці і пазнаёміцца са студэнтамі і выкладчыкамі кафедры беларусістыкі, паразмаўляць асабіста, даведацца наконт прыёмнай камісіі, наконт момантаў, хто можа паступіць, як гэта зрабіць. 

Для людзей, якія атрымалі ў Польшчы статус дадатковай або міжнароднай абароны, навучанне ў Варшаўскім універсітэце бясплатнае, калі яны пройдуць  конкурсныя адборы. Узроставых абмежаванняў няма.

— Якія спецыяльнасці прапануе Кафедра беларусістыкі?

— Кафедра беларусістыкі прапануе спецыяльнасць «беларуская філалогія з вывучэннем англійскай мовы».

Мы рыхтуем спецыялістаў мовазнаўцаў або літаратуразнаўцаў, і ў гэтай спецыялізацыі абараняецца дыплом-бакалаўрыят або пасля ўжо магістарская работа. Гэта дастаткова шырокі профіль. Асобы пасля такой адукацыі могуць працаваць у розных установах, пачынаючы ад міністэрстваў рознага тыпу, устаноў адукацыі, усіх арганізацый і ўстаноў, якія супрацоўнічаюць з Беларуссю.

Бо, нягледзячы на тое, у якой геапалітычнай сітуацыі сёння мы знаходзімся, Беларусь з'яўляецца найбліжэйшым суседам Польшчы. І тут хочаш-не хочаш, супрацоўніцтва вядзецца на розных узроўнях. 

Наш кірунак дае шырокія магчымасці, гэта не толькі настаўнік у школе, ці выкладчык ва ўніверсітэце, ці толькі навуковы супрацоўнік, фактычна можна сабе знайсці працу ў сродках масавай інфармацыі, НДА. 

— Паводле вашых назіранняў, ці больш увагі цяпер надаецца працэсам, якія адбываюцца ў Беларусі, я маю на ўвазе, культуру, літаратуру, мову, або беларускаму культурнаму, моўнаму працэсу ў эміграцыі?

— На жаль, нашая сённяшняя палітычная сітуацыя перапыніла сувязі, якія былі наладжаныя яшчэ да 2020-га года — перапыніла студэнцкі абмен, лёгкасць падарожжаў і ўдзелу ў навуковых канферэнцыях, якія ладзіліся або ў Варшаве, або ў Мінску, або ў іншых беларускіх гарадах.

І мы адчуваем фактычна, што ўтварылася пустое месца... І мне здаецца, што ў Польшчы навукоўцы канцэнтруюцца на тым, што адбываецца тут, унутры краіны, канцэнтруюцца на культурных, выдавецкіх падзеях. Больш гэта аналізуецца, чым тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. 

Сітуацыя спаленых мастоў на сённяшні дзень, але спадзяюся, што гэтыя масты адбудуюцца хутка.

— У Кафедры ёсць магчымасць праводзіць сертыфікацыю ведаў беларускай мовы. Што гэта значыць?

— Па-першае, кафедра беларусістыкі ўвогуле ёсць феноменам, бо мы адзіная кафедра па-за межамі Беларусі ў свеце, і як адзіная кафедра даем магчымасць атрымаць сертыфікат, які пацвярджае ўзровень валодання беларускай мовай на ўзроўні B1 і B2 паводле стандартаў Еўрапейскай камісіі.

Таму, калі некаму будзе патрэбны сертыфікат ведання беларускай мовы, то кожны чэрвень аб'яўляем такі экзамен, яго можа здаць любы чалавек.

Такі сертыфікат можа паўплываць, напрыклад, на вышыню аплаты на працы, паколькі гэта дадатковыя веды. Можна і самога сябе праверыць — на якім узроўні мы валодаем беларускай мовай.

— У канферэнцыях па беларусістыцы ўдзельнічаюць людзі з розных краін. Гэта часам нават здзіўляе, бо беларусы нярэдка думаюць, што яны нікому не цікавыя, маўляў, што тут вывучаць?

— Для навукоўцаў зацікаўленасць у Беларусі дае ім магчымасць быць нешматлікімі экспертамі, якія займаюцца менавіта гэтай галіной, гэтым кірункам даследаванняў. Калі паглядзець на мапу свету, то беларусісты ёсць шмат дзе, у розных краінах, і ў Злучаных Штатах, і ў Германіі, у славянскіх еўрапейскіх краінах.

Пэўна, гэта ўплывае і падтрымлівае развіццё культуры, беларускай мовы. Гэта стварае пэўную рэкламу беларускай мове і літаратуры, бо не толькі беларусы і палякі займаюцца гэтай галіной, — ёсць даследчыкі ў розных прэстыжных універсітэтах.

Заклікаем усіх далучацца да працы кафедры, цікавіцца, што там адбываецца, і ўвогуле паглядзець на беларускую мову ў разрэзе ўнікальнасці, а не распаўсюджанасці і ведаў, якія даступныя ўсім.

Я б толькі яшчэ дадала, што мы сардэчна запрашаем на інтэрнэт-старонку Кафедры беларусістыкі, можна нас шукаць на старонках сацыяльных сетак — у Facebook, у Instagram — і назіраць за тым, што адбываецца на кафедры.