Беларусь — у топ–9 краін па жаночай занятасці

У нашай краіне жанчын агулам працуе больш, чым мужчын. Адметна, што такіх краін у свеце на 2022 год набралася толькі 9. Ва ўсіх астатніх — працоўныя мужчыны занятыя ў больш чым палове выпадкаў, піша Thinktanks.by.

_belarus_vjasna_verbnaja_njadzelja_carkva_vjalikdzen_horad_minsk_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Паводле даных Сусветнага банка, у свеце існуе ўсяго дзевяць краін, дзе сярод занятых у эканоміцы больш жанчын, чым мужчын. Беларусь — у іх ліку.

У рэйтынгу краін з самай высокай жаночай занятасцю на першым месцы размясцілася Арменія (52,76%). Даныя адлюстроўваюць стан эканомік на 2022 год, піша «Прайм».

У лік краін, дзе працуючых жанчын больш, чым мужчын, таксама ўвайшлі:

  • Туркменістан (52,61%);

  • Бурундзі (51,96%);

  • Мазамбік (51,63%);

  • Паўднёвы Судан (51,30%);

  • Зімбабвэ (50,68%);

  • Беларусь (50,15%);

  • Барбадас (50,10%);

  • Літва (50,06%).

Менш за ўсё працуючых жанчын — у арабскіх краінах: Емене, Іраку, Катары — там гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 12–16%. Расія ў рэйтынгу размясцілася на 22-м месцы.

Нядаўна Белстат паведамляў, што ў Беларусі сярод работнікаў, якія маюць дадатковую працу, пераважаюць жанчыны — 70%. 

Сярэдняя беларуска: колькі гадоў, як жыве і чым займаецца?

Белстат намаляваў партрэт сярэдняй беларускай жанчыны.

Паводле статыстычных дадзеных, ёй 43,6 года, жыве ў горадзе, мае вышэйшую адукацыю. Замуж яна выйшла ў 26 гадоў, першага дзіцяці нарадзіла ў 27. Сярэдняя беларуска працуе ў сферы паслуг і дадаткова аказвае валанцёрскую дапамогу жывёлам. 

zhensch.png

Жанчын у Беларусі пражывае больш, чым мужчын (53,8%). На кожную тысячу мужчын прыпадае 1165 жанчын. Аднак сярод дзяцей і моладзі да 30 гадоў больш мужчын. Ва ўзросце старэй 65 колькасць жанчын амаль у два разы пераўзыходзіць колькасць мужчын.

Жаночымі ў Беларусі з'яўляюцца такія віды дзейнасці, як ахова здароўя і сацпаслугі, адукацыя, фінансы. 60% працуючых жанчын маюць дзяцей.