Беларусь — прытулак для «цэрбераў Януковіча»?
Былыя «беркутаўцы», у якіх рукі, цалкам магчыма, заплямленыя крывёй, зараз працуюць у беларускай міліцыі. І нават паспяхова сведчаць на працэсах пасля пратэстных акцый, распавёў Дзяніс Івашын.
Журналіст Дзяніс Івашын пракаментаваў свой апошні матэрыял «Экс-байцы ўкраінскага «Беркута» на службе ў міліцыі Беларусі» і растлумачыў, чаму займаецца гэтым расследаваннем.
Апошняе расследаванне Дзяніса Івашына ўскалыхнула беларускую інтэрнэт-прастору. У сваім артыкуле журналіст выяўляе трох колішніх «беркутаўцаў», якія сёння спакойна працуюць у шэрагах беларускай міліцыі. Фігурантаў артыкула Мікалая Стагарняка, Сяргея Гаўрыляка і Сяргея Панасенку Дзяніс Івашын цягам двух з паловай месяцаў адсочваў у сацыяльных сетках. Сам журналіст мяркуе, што такіх «уцекачоў» у Беларусі можа знаходзіцца каля сотні.
«Першасная інфармацыя паступіла да мяне ў сакавіку гэтага года падчас судовых працэсаў, якія адбываліся над удзельнікамі акцый пратэстаў т. зв. «Маршаў недармаедаў». Паступіла інфармацыя, што адзін з фігурантаў гэтага расследавання прымае непасрэдны ўдзел у судовых пасяджэннях і цалкам магчыма з’яўляецца супрацоўнікам колішняга «Беркута».
Да мяне трапілі дакументы судовай справы Вячаслава Касінерава, дзе Мікалай Стагарняк выступаў у якасці сведкі за 17 лютага. «Сведка» наўпрост даваў хлуслівыя паказанні супраць Вячаслава. Нібыта на плошчы ён увесь час быў у балаклаве, твар ягоны быў закрыты, а ў пэўны момант Касінераў зняў сваю балаклаву на імгненне, і вось у цемры, (а гэта быў люты месяц), Стагарняк убачыў Касінерава.
Сюжэт «Белсату» пра «беркутаўцаў» у Беларусі
І паводле вачэй яго пазнаў у дзвюхтысячным натоўпе. Ён сведчыў у судзе, што бачыў менавіта Касінерава, у выніку яму прысудзілі каля 15-ці сутак адміністрацыйнага арышту», — кажа Дзяніс Івашын.
Як сцвярджае журналіст, сам Стагарняк сведчыць, што 17-га лютага быў на службе падчас аховы грамадскага парадку на тэрыторыі цэнтральнага раёну Менску.
«З гэтага можна зрабіць выснову, што ён з’яўляецца дзеючым супрацоўнікам РУУС Цэнтральнага раёну сталіцы. Мы маем дакументальнае пасведчанне, дакумент з пячаткай, які пацвярджае тое, што ўлады не толькі даюць былым «беркутаўцам» прытулак на тэрыторыі Беларусі, але нават даюць ім працу ў шэрагах міліцыі. Колішніх «беркутаўцаў», у якіх рукі, цалкам магчыма, заплямленыя крывёй, прымаюць дзеля аховы свайго рэжыму», — каментуе Івашын.
«Каб ведаць, з кім маем дачыненні»
Двух іншых фігурантаў артыкула журналіст выявіў праз сяброўскае кола кантактаў Стагарняка ў сацыяльных сетках.
«Я падаю гэтыя фотаздымкі і інфармацыю, каб людзі, якія іх, магчыма, бачылі, заўважалі іх твары падчас судовых працэсаў або падчас акцыяў, маршаў тых жа «недармаедаў», каб яны іх апазнавалі і дзяліліся інфармацыяй. Вельмі важна падаваць пра іх усю інфармацыю, якая ёсць у наяўнасці. Каб людзі ведалі з кім мы маем дачыненні.
Напрыклад, трэці
фігурант, Сяргей Панасенка, браў непасрэдны ўдзел падчас рэвалюцыі ва Украіне
ва ўсіх супрацьстаяннях, у тым ліку абароне «Міжгір’я» Януковіча, яго
рэзідэнцыі на вуліцы Банкавай у Кіеве. А той жа Стагарняк не толькі ўдзельнічае
ў затрыманнях, але, мала таго, лжэсведчыць на судах, выконваючы ўсе рэпрэсіўныя
функцыі лукашэнкаўскага рэжыму.
Я ўпэўнены, што гэтыя фігуранты ўдзельнічалі і ў брутальным разгоне і Дня Волі ў Менску 25 сакавіка», — каментуе Дзяніс Івашын.
«Іх можа быць дзясяткі, дзясяткі, дзясяткі…»
На пытанне, колькі магчыма знаходзіцца ў беларусі былых ахоўнікаў рэжыму Януковіча, Дзяніс Івашын дакладнай лічбы пакуль не мае, аднак мяркуе, што іх можа быць каля сотні.
«У Беларусі іх можа быць дзясяткі, дзясяткі і дзясяткі, таму што я толькі падаю інфармацыю пра Мікалаеўскую роту падраздзялення «Беркут», а ўвогуле ва Украіне на момант Еўрамайдана было звыш чатырох тысяч чалавек. Толькі ў Кіеве быў полк і ў Кіеўскай вобласці быў полк, у абласных цэнтрах былі батальёны. На сённяшні момант, паводле афіцыйных сведчанняў Украіны, каля 20-ці чалавек знаходзіцца ў вышуку. Інфармацыя, што да астатніх непацверджаная.
Увесь камандны склад падчас таго, калі рэвалюцыя перамагла, з’ехаў або на тэрыторыю Расіі, або вельмі шмат паўцякала на тэрыторыю анексаванага Крыму, дзе падчас акупацыі, яны здзяйснялі ахоўныя функцыі: стаялі на блокпастах, удзельнічалі ў блакаванні вайсковых частак. Вельмі шмат іх там зараз знаходзіцца.
Апошнім часам шмат інфармацыі прыходзіць, што выяўленыя байцы «Беркута» у Маскве падчас акцый разгону. Мы бачым, што яны заангажаваны паўсюдна. І тут, у Беларусі, улада дае ім абсалютна ўсе магчымасці пражывання і працы, забяспечвае іх усімі ільготамі, працаўладкоўвае іх жонак, і яны тут сабе вельмі добра пачуваюцца. Да таго ж не забывайма, што яны трапляюць у асяроддзе таго ж АМАПу лукашэнкаўскага, якое ўжо ў прынцыпе амаль нічым не адрозніваецца ад таго ж януковічаўскага батальёна «Беркута». Ідэалагічная база ў іх аднолькавая», — лічыць журналіст.
«Не баюся ні помсты, ні рэакцыі, бо гэта мой абавязак»
«Я не баюся ані помсты, ані рэакцыі. Бо гэта мой абавязак, як непасрэднага ўдзельніка Рэвалюцыі годнасці. Я ўдзельнічаў ва ўсіх сутыкненнях, таму гэта мая кроўная справа. Апроч усяго, я і сам магу сведчыць пра ўсе супрацьпраўныя дзеянні гэтых супрацоўнікаў, якія яны рабілі падчас рэвалюцыі. Той жа «Беркут» таксама закідваў нас «молатавым», стралялі па нас бранябойнымі латуннымі патронамі, якімі забілі Жызнеўскага Міхася.
Я лічу, гэта мой абавязак надаваць інфармацыю, асабліва пра тых, хто ганебна ўцёк і перахоўваецца. Дык мала таго, што перахоўваецца, але працягвае выконваць злачынствы. Украіна першае, што павінна зрабіць, гэта пазбавіць гэтых людзей грамадзянства», — дадае Дзяніс Івашын.