Асвячэнне трактараў, сілавікі за стырном камбайнаў і багата полымя. «Якасная» хроніка ліпеня
Перакрочыўшы сваю палову, «год якасці» не перастае здзіўляць разнастайнымі, абсурднымі і крынжовымі падзеямі! Праз высокую тэмпературу і нядбайны стан тэхнікі «якасны» ліпень унёс жыцці дзясяткаў камбайнаў, беларускія сілавікі гарантуюць харчовую бяспеку, а Бабруйскую крэпасць прапануюць ператварыць у бар.
Цягам месяца на беларускіх палях згарэлі альбо загарэліся ажно некалькі дзясяткаў камбайнаў і трактароў. Здарэнні адбываліся амаль штодзень, у некаторыя дні — па дзве адзінкі сельскагаспадарчай тэхнікі за суткі. Так, МНС паведамляе пра два спаленыя кормаўборачныя камбайны як мінімум 10, 20 і 24 ліпеня. Паводле ратавальнай службы і мясцовых выданняў, у большасці выпадкаў камбайнерам прыходзіцца самастойна лакалізоўваць узгаранні, што сведчыць пра адсутнасць пажарных машын на месцы выканання работ. Гэта з’яўляецца не толькі парушэннем базавых правілаў пажарнай бяспекі, але і патэнцыйнай пагрозай распаўсюджання полымя па наваколлі (такі выпадак ужо адбыўся напачатку жніўня). Адметна і тое, што праз адсутнасць пажарных камбайны выгараюць ушчэнт менш чым за 10 хвілін.
Абсалютным лідарам пажараў сталі гомельскія камбайны «Палессе» 2011-2013 гадоў выпуску, а таксама іншыя мадэльныя лінейкі дадзенага вытворцы. У «сельскагаспадарчы рай» адправіўся і з дзясятак трактароў «Беларус». Найбольш распаўсюджанымі прычынамі ўзгаранняў былі перагрэў рухавіка, разбурэнне вузлоў, праблемы з электраабсталяваннем і кароткае замыканне электраправодкі.
«Ізноў провад ад акумулятара да старцера перацёрся аб раму. Не ведаю як цяпер, але мяне пры атрыманні папярэдзілі. Хаця папрацаваць так і не прыйшлося, іншаму аддалі. Дадаткова на провад шланг нацягнулі», — адзначае беларускі камбайнер пад відэа з палаючым камбайнам у TikTok.
У той жа час, пра ўзгаранні нямецкіх «Claas», самых якасных камбайнаў, якія абслугоўваюць беларускія палі, у мінулым месяцы МНС не паведамляла.
На Віцебшчыне з пытаннем вырашылі разабрацца ганарлівай практыкай, успадкаванай ад «старэйшага брата». Так, на полі ля пасёлка Сураж Віцебскага раёна пад спевы «Выратуй, Госпадзі, людзі Твае…» святой вадой была акроплена сельскагаспадарчая тэхніка. Перад групай камбайнераў і механізатараў быў адслужаны малебен за пачатак усякай добрай справы. Пасля айцец Аляксандр (Аляксандр Кавалёў) звярнуўся да прысутных са словамі на дарогу, пазычыўшы працаўнікам паспяховай уборачнай кампаніі.
Нагадаем, адна з эталонных практык «расійскага свету» сёлета атрымала шырокае прызнанне сярод беларускіх дзяржаўных структур. Цяпер урачыстыя мерапрыемствы ўсё часцей праходзяць з удзелам бацюшкі і святой вады. Раней мы распавядалі, як салігорскае ДАІ замест удасканалення руху на небяспечным участку дарогі асвянціла яго.
Асвячэнне сельскагаспадарчай тэхнікі ў Суражы. Фота: Vitprav.by
У Жабінкаўскім раёне на «дапамогу» аграрыям запрасілі сілавікоў — супрацоўнікаў МУС і ўнутраныя войскі РБ. Яны паказальна раздалі бутэлькі вады і, паводле БЕЛТА, селі за стырно камбайнаў. Але ж адпаведныя фота адсутнічаюць.
«Як сказаў Прэзідэнт: час абраў нас, — цытуе Лукашэнку інспектар ДАІ Аляксей Буцько. Уборка ўраджаю — задача няпростая. Таму дадатковыя сілы на хлебнай ніве не перашкодзяць. Галоўнае — разумець сённяшнюю адказнасць: саспелы колас чакаць не будзе. Ад сабранага ўраджаю таксама залежыць бяспека нашай краіны».
Раздача вады супрацоўнікамі МУС. Фота: Белта
Вайсковец часткі 7434 Матвей Мамаеў адзначыў, што праца на малой радзіме кіраўніка дзяржавы з’яўляецца для яго вялікім гонарам.
«Пакуль я гарантую харчовую бяспеку, мае калегі стаяць на варце БелАЭС», — кажа Мамаеў.
Акрамя тэхнікі адбылося і некалькі пажараў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах: 5 ліпеня — на збожжасушыльным комплексе ў Гарадцы Кобрынскага раёна, 6 ліпеня — на аналагічным прадпрыемстве ў Начы Ляхавіцкага раёна, 13 ліпеня — у Гарадзечне Валожынскага раёна, 15 ліпеня — на комплексе «RIELA» ў Мінскім раёне, 26 ліпеня — у Ярава Пастаўскага раёна. У большасці выпадкаў пра колькасць знішчанага зерня не паведамляецца, але калі падсумаваць знаныя звесткі, полымя пашкодзіла больш за 5 тон сельскагаспадарчай культуры.
Пажар у Гарадзечне. Фота: МНС
У шматпакутным Бабруйску, дзе гістарычная спадчына літаральна рассыпаецца на вачах, мясцовы выканкам выставіў на аўкцыён частку Бабруйскай крэпасці і прапануе адкрыць у ёй бар альбо клуб.
«Будынак, які плануецца прадаць праз найбліжэйшы аўкцыён, не эксплуатуецца каля 10 гадоў. Мы вырашылі прыладзіць яго, каб людзі змаглі ўцягнуць яго ў гаспадарчы абарот і нешта з ім зрабіць. Рэдзюіт можна задзейнічаць пад рэстаран, бар, клуб, спартзалу і любы іншы фармат установы. Доўгі час будынак выкарыстоўваўся пад склад», — адзначылі ў выканкаме.
Бабруйская крэпасць, рэдзюіт. Фота: Holiday.by
Прамова ідзе пра рэдзюіт правага ўваходнага плацдарма другога палігона Бабруйскай крэпасці па адрасе Прыгонны вал, 27. Новаму гаспадар таксама перадаецца ўчастак зямлі плошчай у 0,47 гектары, што знаходзіцца вакол збудавання.
Рэдзюіт з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і знаходзіцца пад аховай дзяржавы, пра што сведчыць адпаведная шыльдачка на знявечаным нячыннасцю фасадзе будынка. Цягам апошніх гадоў увесь комплекс крэпасці, які цягнецца ўздоўж аколіц горада, асабліва хутка прыходзіць у непрыдатнасць праз новыя абвалы ўнутры абарончых збудаванняў. Нягледзячы на цікавасць і каштоўнасць аб’екта, спроб яго рэстаўрацыі запачаткавана не было.
Вось і сапраўдны твар лукашэнкаўскага пераможнага цемрашальства: у процівагу аблічбоўцы помнікаў савецкім жаўнерам і ўсталяванню тысяч няздарных банераў памяці «вялікай айчыннай» па ўсёй краіне — разбураная Бабруйская крэпасць з патэнцыйным барам унутры.
А каб закрыць ліпень вясёла-крынжовай ноткай, напрыканцы пакажам вам парад у Іванава! Атрымайце асалоду ад гэтага крынжу!
Парад на 3 ліпеня ў Іванава
Нагадаем, у студзені Лукашэнка падпісаў Указ «Аб аб'яўленні 2024 года Годам якасці».
«Прыярытэтнай увагай» улады назвалі дасягненне высокай якасці жыцця, што ўключае якаснае абслугоўванне населеных пунктаў, дастатковы ўзровень даходу, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурнае правядзенне вольнага часу ды іншыя пункты.