Артыкула за «палітычную дзейнасць» няма — значыць, і палітвязняў не існуе
Лукашэнкаўская прапаганда адчайна спрабуе даказаць «государевым людям», што ў турмах няма аніякіх палітвязняў. У цынічным сюжэце пра 21 траўня прагучалі многія імёны — у тым ліку і імя аўтара «Новага Часу» палітзняволенага Мікалая Дзядка. «MediaIQ» прааналізавала рэакцыю прапагандыстаў на Дзень палітвязня.
Ужо другі год, пасля смерці ў калонііВітольда Ашурка, праваабаронцы заклікаюць 21 траўня адзначаць Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Нечакана сваім гледачам пра яго вырашылі расказаць на «Беларусь 1»: маўляў, няма гэтага дня і няма палітвязняў.
Што насамрэч адбылося
Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі сёлета адзначылі ў многіх гарадах і краінах свету, некалькі акцый прайшло і ў партызанскіх умовах у Беларусі.
На падзею адрэагавалі палітыкі і чыноўнікі з ЗША, Эстоніі, Польшчы, Літвы, Даніі, больш за 100 нобелеўскіх лаўрэатаў, дыпламаты розных краін у Ватыкане і Вільні, праваабаронцы з усяго свету.
Што паказаў «Беларусь 1»
З'яўленне сюжэта пра Дзень палітвязня ў перадачы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» — з'ява ўнікальная і складана вытлумачальная. Без асаблівых уводзін (не было нават хоць мінімальна пераканаўчай для аўдыторыі спробы абвяржэння існавання палітвязняў) супрацоўнікі тэлеканала «пагрузіліся» ў тэму. Атрымалася цынічна і месцамі смешна: нявартую важнасць даты даводзілі з дапамогай некалькіх палітыкаў, якія нічога пра яе не напісалі.
«Ёсць народныя святы, такія, як 9 траўня, 3 ліпеня, а ёсць Дзень палітвязняў. Так, ахвотныя да пустышак нібыта праваабаронцы прыдумалі вось такую нагоду для адзначэння. Артыкулаў за «палітычную дзейнасць» у Крымінальным кодэксе Беларусі няма», — заявіў сувядоўца «Галоўнага эфіру» Павел Лазавік.
І ўсё ж, абурылася яго калега Вікторыя Сянкевіч, «наратыў, маўляў, у турме паўтары тысячы палітвязняў, падаграваецца і еўрадэпутатамі».
«Але, як правіла, падобнае «хроснае бацькоўства» не больш чым піяр і спроба выбіць грошы ў Бруселя. Што за аднарог гэты «палітвязень»? І хто гэтыя людзі, еўрадабрадзеі для тых, каго не існуе?» — спытала яна.
Супрацоўнік «Беларусь 1» Аляксей Волкаў пайшоў далей, убачыўшы ў сітуацыі алюзіі на «Дон Кіхота»: «Псеўдарыцар, які прагне славы, у калектыўнай асобе апекуна беларускіх «палітвязняў» у Еўрапарламенце», «збраяносец Санча Панса — прыкормленыя «праваабаронцы», а ўсё гэта на сваім фінансавым гарбе цягне конь — Брусель».
Волкаў не ўлічыў, праўда, што Дон Кіхот за амаль пяць стагоддзяў змяніў рэпутацыю з «псеўдарыцара» на наіўнага летуценніка-ідэаліста, і адназначна негатыўная канатацыя сышла.
Супрацоўнік «Беларусь 1» наракае на выгаранне актывістаў і перажывае праз нізкія прагляды відэа пра палітвязняў, а таксама праз тое, што палітыкі дзень не падтрымалі. На фоне кадраў Следчага камітэта са смерцю палітвязня Вітольда Ашурка ў калоніі Аляксей Волкаў разважае пра стомленасць грамадства ад тэмы.
Перш за ўсё ён згадвае «Марка Дэмесмекера» (па ўсім відаць, маецца на ўвазе ўсё ж Марк Дэмесмаэкер, палітык і Еўрадэпутат з Бельгіі). Яго Волкаў называе «заўзятым ненавіснікам Расіі» і ўдзельнікам нефармальнай групы ў Еўрапарламенце апекуноў беларускіх палітвязняў.
Сапраўды, такая група існавала ў 2015 годзе. «Сярод падапечных — Арцём Пракапенка, Яўген Рубцоў, прадстаўнік яркай дынастыі палітвязняў Мікалай Дзядок», — расказае Волкаў. Некаторыя з гэтых падапечных за восем гадоў паспелі вызваліцца, а некаторыя, як Мікалай Дзядок — зноў стаць палітвязнямі.
«Палітык жа, напэўна, не забыўся пра Дзень палітвязня? Мы вырашылі яму напісаць. Пакуль ніякага адказу не было: мабыць, адзначае», — запэўнівае Аляксей Волкаў.
Сярод тых, каго згадалі ў сюжэце, таксама чэшскі палітык і журналіст Ярамір Штэціна, польскі палітык Агнешка Казлоўская-Раевіч, нямецкі дыпламат і палітык Аляксандр Ламбсдорф. Яны з 2017-2019 гадоў больш не еўрадэпутаты, некаторыя працягваюць палітычную кар'еру ў сваіх краінах.
У Еўрапарламенце працуе літоўскі палітык з сюжэта Пятрас Аўштравічус. Супрацоўнік «Беларусь 1» шукаў паведамленне пра падтрымку палітвязняў на яго YouTube-канале з 64 падпісантамі і апошнім абнаўленнем 12 траўня. Бо, калі б ён зазірнуў на Facebook, знайшоў бы апошні матэрыял за 19 траўня пра сустрэчу з беларускім палітыкам Паўлам Латушкам. Мяркуючы па нефармальных фота ў Instagram, Аўштравічус, які звычайна даволі актыўна падтрымлівае беларускую апазіцыю, проста знаходзіцца ў адпачынку.
Усе згаданыя палітыкі насамрэч не з'яўляюцца сімвалічнымі хроснымі палітвязняў з Беларусі. Бо гэта цалкам канкрэтная інфармацыйная кампанія праваабарончай арганізацыі «Libereco», якой у 2015 годзе яшчэ не было.
Асаблівае абурэнне супрацоўніка «Беларусь 1» выклікала тое, што згаданыя палітыкі цяпер займаюцца ўкраінскай тэмай: выкраданнем дзяцей Расіяй, напрыклад.
«Здаецца, гэты Дон Кіхот пайшоў скараць млын сіне-жоўтых кветак. Адвярнуўшыся ад бел-чырвона-белага як мага хутчэй»,—- сказаў на заканчэнне Аляксей Волкаў.