Актывістаў пакаралі за фота ля будынка, дзе абвясцілі незалежнасць БНР
На 1350 рублёў (гэта 50 базавых велічынь) кожнага аштрафавалі актывістаў «Маладога фронту» Дзяніса і Максіма Урбановічаў і Віталя Трыгубава, піша svaboda.org.
Маладых людзей пакаралі за ўскладанне кветак і фатаграфаванне каля будынка на вуліцы Валадарскага, 9. Тут у 1918 годзе прынялі Трэцюю Устаўную грамату аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Здымак зрабілі сёлета 25 сакавіка. Пазней ён з'явіўся ў інтэрнэце. Праз больш як месяц актывісты даведаліся, што за фатаграфаванне на іх склалі пратакол як за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава судзілі завочна — абодва актывісты знаходзяцца на самаізаляцыі, бо кантактавалі з захварэлым на COVID-19. Максім Урбановіч, які прыйшоў на працэс, прасіў суд выслухаць у якасці сведак міліцыянтаў, якія складалі пратакол на яго і ягоных сяброў. Актывіст даводзіў, што 25 сакавіка яны не праводзілі пікету, а толькі спыніліся на некалькі секунд каля будынка і зрабілі фатаздымак.
«Трымаў у руках шалік з надпісам «Беларусь жыве вечна. Сябры разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг. Паклалі кветкі, сфатаграфаваліся на памяць, і ўсё, пайшлі далей. Хіба гэта пікет? Але судзьдзя не пажадала ні ў чым разбірацца, відаць, рашэнне аштрафаваць нас ёй спусцілі зверху», — сказаў пасля суду Максім Урбановіч.
Паводле актывіста, яны мусяць разам абмеркаваць, ці варта абскарджваць пастанову Маскоўскага раённага суда, хаця ў выніках абскарджання асабіста Максім не сумняваецца". Гэта дэманстрацыя беззаконня", — лічыць актывіст.