Адвакатка хоча прыцягнуць беларускі рэжым у міжнародны суд. Падстава вас здзівіць
Беларуская адвакатка і спецыялістка ў аўтарскім праве Марыя Колесава-Гудзіліна пры падтрымцы Беларускай Р*ды к*льтуры распачынае працу, мэта якой — прывесці беларускі рэжым у міжнародны суд за свядомае парушэнне аўтарскіх правоў на дзяржаўным узроўні.
У студзені гэтага года ў Беларусі прынялі Закон аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, які ўступіў у сілу праз 10 дзён. Паводле яго, кіно, музычныя творы, праграмнае забеспячэнне, тэлетрансляцыі і, што істотна для міжнароднага гандлю, таварныя знакі могуць выкарыстоўвацца ў Беларусі без дазволу праваўладальнікаў з гэтак званых недружалюбных краін. Пералік іх замацаваны кіраўніцтвам беларускага рэжыму асобным пастанаўленнем.
Закон, можна меркаваць, ужо дзейнічае: СМІ паведамлялі пра паказы пірацкіх копій галівудскіх рэлізаў у беларускіх кінатэатрах, а дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 5» быў заўважаны ў паказе спартовых падзей без права на іх трансляцыю. Больш за тое, дакумент можа закрануць гандаль таварамі еўрапейскіх вытворцаў, якія пасля ўступлення закона ў сілу могуць увозіцца на тэрыторыю Беларусі без права на таварны знак, а далей — накіроўвацца ў Расію.
«Без найноўшых ведаў і тэхналогій эканамічнае і сацыяльнае развіццё сёння немажлівыя, таму абарона правоў на інтэлектуальную ўласнасць надзвычай важная для любой краіны, — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна. — Тым часам афіцыйная Беларусь уводзіць закон, які разбурае рэпутацыю рынку, а праз тое, што ён перастае быць прывабным для аўтараў і ўласнікаў бізнесу, эканоміку таксама. Мы змагаемся за тое, каб сусветныя супольнасць і рынак разумелі: беларусы шануюць інтэлектуальную ўласнасць і паважаюць згоду праваўладальнікаў. Наш план мінімум — дамагчыся асуджэння новага беларускага закона міжнароднымі органамі. План максімум — каб у Міжнародным судзе быў распачаты працэс супраць Беларусі ў сувязі з парушэннем яе абавязкаў у захоўванні аўтарскіх правоў».
Кампанія па абароне інтэлектуальнай уласнасці ў Беларусі разлічана на гады. Яна прадугледжвае працу з адмысловым дакладчыкам ААН аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, зварот у Фонд асветы ў галіне правоў на музычныя творы, паведамленне ў Пастаянны камітэт аўтарскага права і сумежных правоў пры Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, а таксама індывідуальны зварот у Камітэт эканамічных, сацыяльных і культурніцкіх правоў пры ААН.
Паводле плана, гэтая праца мусіць завяршыцца міжнародным судом.