А1 усталюе сонечныя панэлі ў «Зялёных школах» па ўсёй Беларусі
Адна з галоўных мэтаў праекта — паказаць на практыцы кожнаму вучню, якую карысць прыносіць энергія з аднаўляльных крыніц
У Беларусі стартуе конкурс «Энергія
сонца для Зялёных школ» — экалагічны праект кампаніі А1 у партнёрстве з Міністэрствам
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам
адукацыі Рэспублікі Беларусь і Праграмай Развіцця ААН у Беларусі. У ходзе яго правядзення
плануецца абраць сем «зялёных школ» — па адной у кожнай вобласці Рэспублікі Беларусь
і ў Мінску. У іх усталююць панэлі для пераўтварэння сонечнай энергіі ў электрычную,
а таксама адмысловае асвятляльнае і акумулюючае абсталяванне для нагляднай дэманстрацыі
вынікаў работы сонца школьнікам.
«Для кампаніі А1 экалогія і ахова навакольнага асяроддзя з'яўляюцца важным стратэгічным напрамкам карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Мы прынялі рашэнне падтрымаць Нацыянальны адукацыйны праект Мінпрыроды і Міністэрства адукацыі “Зялёныя школы”, прапанаваўшы сваю тэхнічную экспертызу і ўзяўшы на сябе рэалізацыю ўсіх аспектаў, звязаных з устаноўкай і эксплуатацыяй абсталявання на сонечнай энергіі. Мы бачым асаблівую каштоўнасць дадзенага праекта ў тым, што ён аб'ядноўвае экалогію і адукацыю і акцэнтуе магчымасць выкарыстання энергіі з аднаўляльных прыродных крыніц у штодзённым жыцці», — адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 Мікалай Юшкевіч.
Адна з галоўных мэтаў праекта — паказаць на практыцы кожнаму вучню, якую карысць прыносіць энергія з аднаўляльных крыніц (у дадзеным выпадку — энергія сонца). Плануецца, што рэалізацыя праекта «Энергія сонца для Зялёных школ» зробіць экалагічную інфармацыю больш даступнай для вучняў, а таксама паслужыць рухаючай сілай у вырашэнні лакальных экалагічных праблем.
«Сёння, у Сусветны дзень навакольнага асяроддзя, мы пачынаем рэалізацыю гэтага пілотнага праекта, які дазволіць навучэнцам наглядна пазнаёміцца з перавагамі сонечнай энергіі, будзе спрыяць фармiраванню клапатлівага стаўлення да выкарыстання энергіі, стане яркай старонкай у дзейнасці новай адукацыйнай мадэлі «Зялёныя школы»», – выказала упэўненасць начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Таццяна Кананчук.
Конкурс «Энергія сонца для Зялёных школ» — гэта не першая ініцыятыва А1 ў галіне аднаўляльнай энергіі, якая звяртае ўвагу на эфектыўнасць укаранення такога кшталту рашэнняў. З 2016 года ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці дзейнiчае сонечная электрастанцыя з 85 тысяч панэляў, збудаваная на сродкі кампаніі.
«Зялёныя школы» — адукацыйны праект, накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў стаўлення да прыроды як да каштоўнасці, павышэнне ўзроўню экалагічнай скіраванасці адукацыі, інфармаванасці моладзі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, выхаванне.
Адукацыйны праект «Зялёныя школы» атрымаў развіццё пры падтрымцы праекта «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Нацыянальным выконваючым агенцтвам праекта стала Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Палажэнне аб рэалізацыі праекта «Зялёныя школы» падпісалі прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Такім чынам у Беларусі была ўкаранёна новая мадэль экалагічнай адукацыі. Стаць удзельнікам экалагічнага руху можа любая школа, школьнае лясніцтва, установа дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі і экалагічны цэнтр для дзяцей і юнацтва Беларусі. Сёння ў Беларусі больш за 50 устаноў маюць спецыяльны сертыфікат «Зялёнай школы».
Паводле прэс-рэліза