Палонных афіцэраў Польскага войска расстрэльвалі і ў Курапатах

3 красавіка — чорная дата ў нашай гісторыі. У гэты дзень у 1940 годзе аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах.

_belarus_minsk_kurapaty_vosen_2022.fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__26__logo.jpg

Агульны лік ахвяраў — 16 тысяч. Сярод расстраляных было шмат беларусаў-вайскоўцаў.

У адных толькі Курапатах замардавалі каля пяці тысяч ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі.

Адзін з палонных, якому пашчасціла выжыць — пісьменнік Юзэф Чапскі — назваў пасля гэтага сталінскую Расію — «бесчалавечнай зямлёй».

3 красавіка з Казельска былі вывезены 4404 палонных, якія былі забітыя ў Катыні стрэлам у галаву. Ліквідацыя лагера доўжылася да 12 мая. У сваю чаргу, з 4 красавіка па 16 мая палякаў вывозілі з Асташкава ў Калінін (цяперашняя Цвер). Целы забітых 6287 вязняў былі пахаваныя ў вёсцы меднае. З 5 красавіка па 12 мая з лагера ў Старабельску ў Харкаў былі вывезены 3896 палякаў. Расстраляныя былі пахаваныя ў прыгарадзе Харкава, пасёлку Пяціхаткі.

Сярод забітых былі афіцэры Войска Польскага, у тым ліку выбітныя ваеначальнікі і стратэгі. Таксама сярод загінулых былі паліцыянты, навукоўцы, чыноўнікі, прафесары, дзеячы мастацтва, лекары, юрысты і настаўнікі.

Расстрэлы адбываліся ў перыяд з красавіка па май 1940 года. Вязні гінулі ад стрэлу ў галаву. Каля 15 тысяч ахвяр, якіх НКУС утрымліваў у лагерах у Казельску, Асташкаве і Старабельску, былі расстраляныя і пахаваныя ў агульных магілах у Катыні, медным і пад Харкавам. Гэта былі, у асноўным, афіцэры і паліцыянты. Яшчэ 7 тысяч загінулых складалі грамадзянскія асобы, якія знаходзіліся ў турмах заходніх абласцей УССР і БССР, гэта значыць на тэрыторыях, якія раней належалі Польшчы і ўключаных у склад СССР у 1939 годзе.

Акрамя Катыні, меднага і Пяціхатак, ахвяры расстрэлаў пахаваныя на могілках у Быкаўне і ў некалькіх іншых месцах. Польскія гісторыкі мяркуюць, што ў Курапатах пад Менскам пахаваныя 3872 паляка з так званага беларускага спісу.

Польскія вязні былі расстраляныя на аснове рашэння Палітбюро ЦК КПСС ад 5 сакавіка 1940 года. Толькі ў 1990 годзе ўлады СССР прызналі, што забойствы палякаў былі здзейсненыя НКУС.