5 прычын, чаму поле бітвы пад Воршаю магло б стаць must-see для турыстаў
Чаму Аршанскі райвыканкам не заўважае такую відавочную крыніцу прыбыткаў у бюджэт? Нават у святле загадаў развіваць уязны турызм?
Прычына першая. Новы турыстычны аб’ект — назавем яго для зручнасці «Крапівенскае поле» — знаходзіцца на памежжы Аршанскага і Дубровенскага раёнаў. Гэта значыць, што ён лёгка ўключаецца ўва ўсе наяўныя тутэйшыя турыстычныя маршруты. Прынамсі для школьнікаў, якіх возяць на экскурсіі па бліжэйшых наваколлях. Цудоўная магчымасць за невялікія грошы (усяго каля 20 км ад Воршы, а да Дуброўна дык і яшчэ бліжэй) паказаць дзецям «жывую гісторыю», а пры жаданні яшчэ і арганізаваць пікнік. Пакуль толькі пікнік. Бо мы разбіраем першую прычыну, а будзе ж яшчэ й пятая!
Прычына другая. Давайце не будзем пра папулярнасць гэтага месца ў беларуска-арыентаванай часткі землякоў. Зразумела: калі яны прыязджаюць на Крапівенскае поле нават цяпер, калі там няма аніякіх прыкметаў добраўпарадкавання, то пры наяўнасці сэрвісу ды іншага будуць ездзіць яшчэ ахвотней. Але я цяпер кажу пра нашых усходніх суседзяў, пра «пацярпелы бок», скажам так. Пра нашчадкаў тых, каго перамаглі 8 верасня 1514 года. Да расійскай мяжы адсюль няма і 30 км. Думаеце, не паедуць? Яшчэ як! На тое — прычыны трэцяя і чацвёртая.
Прычына трэцяя. У перспэктыўны турыстычны маршрут на Крапівенскае поле можна ўключыць яшчэ безліч цікавых абʼектаў. Набярыцеся цярплівасці: я ж вас не ў чыстае поле запрашаю, даруйце за каламбур!
За некалькі кіламетраў, каля вёскі Ларынаўка, на левым беразе Дняпра знаходзіцца старажытнае паганскае капішча. Гэта мясцовы «стоўнхэндж» у выглядзе кампазыцыі з буйных камянёў з дамінантным двухмэтровым валуном. Тут жа з берагавога схілу цячэ культавая крыніца. Паблізу выяўлена нэалітычная стаянка. Бліжэй да вёскі ўрочышча Дубкі, дзе растуць два дубы-старажылы ўзростам каля 300 гадоў. Непадалёк, на беразе ручая Арэхаўца, побач з яго ўтокам ў Дняпро знаходзяцца недаследаваныя пячоры — імаверна, паселішча манахаў-пустэльнікаў. Паводле гістарычных дакументаў, гэтае месца належала Куцеінскаму манастыру.
За тры кіламетры на поўнач ад бліжэйшай вёскі Крапіўна турысты могуць убачыць курганны могільнік, а ў самой вёсцы — царкву, збудаваную ў 2-й палове ХІХ стагоддзя і адноўленую ў 1991 годзе. Яна знаходзіцца на месцы драўлянага храма ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, пабудаванага ў памяць аб загінулых у Аршанскай бітве. У гэтым храме можна сустрэць нямала цікавых абразоў, бо сюды звозілі святыні з многіх зачыненых храмаў Віцебшчыны. Адзін абраз мясцовыя жыхары празвалі Крапівенскім: некалькі гадоў таму яго знайшоў у полі званар храма. Абраз зусім маленькі: ён быў медным акладзе памерам са скрынку ад запалак. Цяпер ён знаходзіцца ў алтары, а павялічаную копію ўсталявалі на крыж.
У вёсцы Гацькаўшчына, за якой пачынаецца поле бітвы, захаваліся камяні са знакамі, якія звязваюць з тагачаснымі падзеямі, на старых могілках знаходзіцца адзін з найбольшых каменных крыжоў Аршаншчыны. Ёсць тут і драўляная капліца, і крыж вышынёй каля 2 метраў, з драўляным разным распяццем. Разбяная фігура Хрыста мае асаблівасьць: апроч левай рукі, уся фігура выразаная з аднаго кавалка дрэва. Аўтар скульптуры невядомы, але яе шануюць мясцовыя людзі.
Прычына чацвёртая. Важная для аматараў экстрыму, спартовых і іншых забаваў. Гэты турыстычны аб’ект карыстаўся б папулярнасьцю круглы год, калі па-разумнаму выкарыстаць прыродны рэльеф — рачны схіл, пагоркі і палявы абсяг. Пра гэта мы аднойчы размаўлялі з бардам Андрэем Мельнікавым, адным з заснавальнікаў фэсту «Аршанская бітва».
«Можна было б прапанаваць катанне на лодках і катамаранах па Дняпры да вострава, дзе была пераправа войска Канстанціна Астрожскага. Можна абсталяваць месца для купання ўлетку і трасу для зімовых вандровак на іртах. Ды шмат што можна прыдумаць! Ад спаборніцтваў гульцоў у снежкі да скачкоў у ваду з «тарзанкі», — разважаў Андрэй.
Чаму б і не? Я ўжо не кажу пра рыцарскія фэсты на ўзор полацкага «Рубону», калі сам рыцарскі стан можа быць аб’ектам экскурсіяў. Двубоі на мячах, рамесніцкі кірмаш з ганчарнымі, скуранымі ды іншымі вырабамі, майстар-класы сярэднявечных танцаў, гатаванне ежы на вогнішчы... Вось тут самы час пераходзіць да наступнай прычыны.
Прычына пятая. Яна і прычына, і ўмова для існавання турыстычнага must-see. Калі ўмова, то можа й першая.
Для ўвасабленьня ідэі пра хітовы турыстычны аб’ект патрэбная інфраструктура. На ўласныя вочы бачыла, як гэта працуе ва Украіне, пабываўшы ў Халодным Яры. Не буду падрабязна распавядаць пра гістарычнае значэнне гэтых мясцін — усё можна прачытаць у інтэрнэце. А заадно і параўнаць, наколькі падобныя перадумовы для стварэння турыстычнага аб’екту і наколькі розныя вынікі. Халодны Яр на Чаркашчыне — гэта і музэйна-этнаграфічны комплекс «Дзікі хутар» з гатэлем і рэстарацыяй. У супрацу з ім улучаныя самадзейныя музыкі, артысты, клубы гістарычных рэканструкцыяў, тут арганізаваны продаж сувеніраў. І ўсё гэта працуе не толькі на карысць вывучэння гісторыі краю, але й прыносіць адчувальныя прыбыткі.
Што да нашага Крапівенскага поля, то інфраструктура дазволіла б і прывабіць турыстаў, і аднавіць бардаўскі фэст «Аршанская бітва» — ён практычна знік пасля таго, як слухачоў пачалі затрымліваць «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Прыкладам, калі праводзіць яго ў аграсядзібе, выкупіўшы пару хатаў у Гацькаўшчыне.
Да ўсяго, ужо практычна гатовы пачатак экскурсіі. На полі ёсць 5-метровы крыж з надпісам «Героям Аршанскай перамогі», на беразе стаіць помнік-камень у памяць пра палеглых продкаў, гэтыя два аб’екты злучае «Сцяжына герояў», уздоўж якой ляжаць валуны з надпісамі і выявамі дзеячоў ВКЛ.
Пра ўсё гэта парупіліся добрыя людзі, аматары беларускай гісторыі. Мясцовыя ўлады не зрабілі анічога — калі не лічыць штогадовых загадаў узараць поле напярэдадні чарговых угодкаў бітвы пад Воршай. Так што па ім цяпер не тое што з турыстычнай групай — нават аднаму прайсці заскладана...
Паводле svaboda.org, Алена Сцяпанава