Узаемны недавер і самазабяспечанасць. Як кавід змяніў глабальную эканоміку

Да пачатку пандэміі кавіду свет рухаўся ў бок глабалізацыі і эканамічнага росту ва ўмовах вольнага гандлю. Цяпер жа мы маем надламаную эканамічную сістэму, дзе постпандэмічная празмернасць прапановы і недавер да замежных эканомік прымушае краіны імкнуцца да самазабяспечанасці.

depositphotos_353503510_s_7itj8.jpg

У эканамічнай навуцы такую з’яву называюць аўтаркія, ці, інакш кажучы, эканамічны нацыяналізм. Прыкладам аўтаркіі можна лічыць малады Савецкі Саюз, які адсек сябе ад сусветнага гандлю, аналагічныя тэндэнцыі назіраліся ў гітлераўскай Германіі. Пасля пачатку глабалізацыі аўтаркія мала дзе праяўлялася так яскрава, як у Паўночнай Карэі, піша Guardian.
Яшчэ да з’яўлення кавіду ў некаторых заходніх краінах праявіліся тэндэнцыі да нацыяналізму ў эканоміцы. Гэта датычыцца, напрыклад, гісторыі з Брэксітам, росту папулярнасці Трампа. Але ж пачатак пандэміі паскорыў такія тэндэнцыі.
Яўген Постнікаў, старшы выкладчык па міжнародных адносінах ва Універсітэце Мельбурна, тлумачыць, чаму гэта адбываецца. Згодна з ім, цяжкасці пандэміі прынеслі грамадствам разуменне, як моцна краіны залежаць ад імпарту і прадуктаў, што ўваходзяць у міжнародныя ланцугі паставак.
На практыцы гэта праявілася, напрыклад, калі яшчэ ў 2020 годзе Францыя і Германія прынялі законы, якія абвясцілі маскі для твару стратэгічнай маёмасцю. Такія законы даюць магчымасць краінам прысвойваць маскі, калі іх перавозяць праз тэрыторыю Францыі і Германіі. Пазней імкненне да эканамічнага нацыяналізму было прадэманстраванае ў сітуацыі з вакцынацыяй, калі кожная арганізацыя ці краіна, што стварыла свой варыянт супрацькавіднай прышчэпкі, пільна кантралявала яе распаўсюд.
Постнікаў лічыць, што краіны больш не могуць чакаць ад стратэгічных канкурэнтаў бесперабойных паставак важных тавараў і паслуг. Цяпер краіны лічаць пытанні гандлю, як і пытанні бяспекі, элементамі высокай палітыкі.

Якім будзе свет пасля пандэміі

Згодна са справаздачай кансалтынгавай кампаніі Deloitte, больш за 80% галінаў прамысловасці адчулі на сабе падчас пандэміі парушэнні ланцугоў паставак. На гэта паўплывалі перш за ўсё транспартныя абмежаванні, звязаныя з умовамі лакдаўну ў большасці краін свету. Прыкладна 75% кампаній пачалі актыўную працу па пераносе вытворчасці з замежных краін бліжэй да дома.

depositphotos_349571640_s_k49wl.jpg


У краінах накшталт Кітая расце кошт на працоўную сілу, што таксама матывуе карпарацыі пераглядаць механізмы вытворчасці. Напрыклад, зараз працоўная сіла ў Мексіцы каштуе менш, чым у Кітаі, і гэта спрыяе таму, каб амерыканскія кампаніі пераносілі вытворчасць бліжэй да дома.
Тое, што дакладнае паходжанне віруса кавіду пакуль невядома, таксама дрэнна ўплывае на сусветную эканоміку. Кітай — краіна, дзе з’явіўся кавід, — стаў аб’ектам варожасці ў заходнім грамадстве. З такой краінай не так проста супрацоўнічаць.
Чым жа скончацца змены ў глабальнай эканоміцы? Яўген Постнікаў лічыць, што наўрад ці свет ператворыцца ў вялікую колькасць аўтаркісцкіх дзяржаў накшталт Паўночнай Карэі. Хутчэй мы пабачым шмат невялікіх рэгіянальных блокаў дзяржаў, у рамках якіх будуць існаваць больш кароткія ланцугі паставак, чым у дакавідны час.
Наша Ніва