Урад не вынесе дваіх

Публічны «разнос» урада ўсё ж такі адбыўся. Незалежныя эканамісты прагназавалі яго паўгода таму, калі стала зусім зразумела, што прагнозныя паказчыкі па ВУП выканаць немагчыма.



5_1_urad_.jpg

Выступаючы на пасяджэнні Савета Міністраў, Лукашэнка заявіў, што «сітуацыя, якая ў нас склалася ў мінулым годзе, катэгарычна недапушчальная ў гэтым годзе!» Паводле яго слоў, паўтарэнне мінулага года будзе азначаць неадкладную адстаўку ўрада. Ён нагадаў, што прычына такога разносу не толькі эканамічная, але і палітычная. «Важна вызначыцца і, вызначыўшыся, папрацаваць так, каб праз два — два з паловай гады, калі мы збяромся перад усім народам на Усебеларускі народны сход, не так было сорамна», — удакладніў ён задачу ўрада.

 

У Беларусі ў 2012 годзе не забяспечана выкананне 5 з 12 найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця: па ВУП, які склаў 1,5% замест прагназаваных 5,5%, прадукцыі прамысловасці, зніжэнні ўзроўню матэрыялаёмістасці ў прамысловасці, энергаёмістасці ВУП і прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Практычна ўсе вобласці не дасягнулі прагнозных значэнняў па росту валавога рэгіянальнага прадукту, а Мінск нават не выйшаў на ўзровень 2011 года (96% пры прагнозе 104,5%).

 

Зразумела, гэта не задавальняе прэзідэнта. Тым больш, у сувязі з яскравай «палітычнасцю» пытання росту беларускай эканомікі.

 

Што можна сказаць пра ўрад Мясніковіча? Пэўна, там сабраліся альбо выключныя альтруісты, альбо людзі з цягай да самагубства. Паказчыкі, якія агучваліся на 2012 год, былі недасягальныя. Недасяжныя зараз і паказчыкі, выпрацаваныя на Усебеларускім сходзе ў 2010 годзе, пра якія казаў кіраўнік краіны. «Беларусь павінна ўвайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу», — замацавана ў рэзалюцыі Усебеларускага сходу.

 

Толькі ў рэзалюцыі не казалася, дзе на ўсё гэта ўзяць грошы.

 

Лукашэнка жа ўраду не тое што не дапамагае, а здаецца, наўпрост перашкаджае. Шмат якія аналітыкі — не толькі ў Беларусі, але і за мяжой — казалі, што краіна ў 2011 годзе была на мяжы дэфолту з-за таго, што перад выбарамі 2010 года неабгрунтавана выраслі заробкі. І толькі дэвальвацыя нацыянальнай валюты выратавала краіну. Краіну, яна, канешне, выратавала, але людзям прыйшлося несалодка.

 

Тое ж самае і зараз. Першапачаткова ўрад і запланаваў рост эканомікі ў 2012 годзе пасля крызісу 2011-га ў межах 1,5% ВУП. Гэта была рэальная лічба. Але менавіта з падачы прэзідэнта яе скарэктавалі на 5,5%. І хто вінаваты ў тым, што перад посткрызіснай эканомікай была пастаўлена невырашальная задача?

 

Сённяшні «план» выхаду на 8,5% ВУП — гэта зноў жа задача невырашальная. Незалежныя эканамісты кажуць, што ў горшым выпадку ВУП «застыне» і будзе рэцэсія, а ў лепшым — рост ВУП можа дасягнуць толькі 3%. А адказным за «віртуальныя праекты» зноў апынецца ўрад.

 

Тое самае тычыцца і прагнозу інфляцыі ў 12% за год. Свежых звестак па гэтым паказчыку няма, але толькі за студзень яна склала чвэрць гадавой нормы — 3%. Прычым, даражэлі перш за ўсё тыя тавары, кошты на якія рэгулююцца дзяржавай.

 

І тая ж сітуацыя ў знешнім гандлі. Сальда знешняга гандлю таварамі ў студзені 2013 года склала мінус 150,3 мільёна долараў. Яшчэ каля 350 мільёнаў долараў было выплачана ў расійскі бюджэт у якасці кампенсацыі за пастаўкі бязмытнай нафты. І яшчэ мы працягваем выконваць свае абавязкі і аддаваць крэдыты. У такіх умовах разлічваць на «збалансаванасць знешняга гандлю» — гэта, пагадзіцеся, або вар’яцтва, або самазабойства.

 

Адстаўку ўрада яшчэ ў мінулым годзе прадракаў фінансавы аналітык Сяргей Чалы — менавіта з-за таго, што ўрад не выканаў прагнозныя паказчыкі. Лукашэнка на прэс-канферэнцыі беларускім журналістам нават адказаў на завочнае пытанне Чалага. «Што тычыцца адстаўкі ўрада, то вы з маіх вуснаў наогул ні разу гэтага не чулі. Можа, камусьці хочацца адставіць урад, але думаю, што Чалы не ў стане сёння замяніць не тое што прэм’ер-міністра, але і міністра», — заявіў тады прэзідэнт.

 

Не прайшло і двух месяцаў — і Лукашэнка паабяцаў «спіхнуць» урад у выпадку невыканання прагнозаў.

 

Сваю думку адносна ўраду, дарэчы, змяніў і сам Чалы. З ягоных словаў, урад і зараз, і пазней «адстаўляць» не трэба. «Цяпер абсалютна няма сэнсу, нельга, дый нават небяспечна адпраўляць у адстаўку гэтую каманду. Гэта тыя людзі, якія маюць вопыт выхаду з найцяжэйшага крызісу, якія разумеюць, як працуе эканоміка, якія вымушаныя былі ў некаторай ступені наступіць сабе на горла, каб з крызісу выйсці і змяніць свае погляды. Яны на сваёй шкуры даведаліся, што можна рабіць у эканоміцы, а што нельга. Гэта ўнікальны досвед», — кажа Чалы.

 

Па ягоным меркаванні, зараз правакуюць прэзідэнта на «разносы» і крытыку тыя, хто давёў краіну да дэвальвацыі ў 2011 годзе. Мінулы ўрад Сяргея Сідорскага сышоў напрыканцы 2011 года — 27 снежня 2010-га. «Расхлёбваць» усе негатыўныя наступствы пачаў новы ўрад. Петр Пракаповіч напярэдадні дэвальвацыі тэрмінова лёг у бальніцу, кінуўшы родны Нацбанк, а 18 ліпеня сышоў з Нацбанка зусім. Зараз, пачакаўшы годзік, можна зноў «падседжваць» урад, які зрабіў так шмат для краіны?

 

На думку Чалага, перадумовы для адстаўкі ўрада ўзнікнуць у другой палове 2013 года, калі стане ясна, што прагноз для 2013-га па росту ВУП невыканальны. Тады ўрад, як у 2012-м, можа пачаць рабіць тыя ж памылкі: напампоўваць эканоміку грашыма і так далей. У выніку адстаўку ўрада Чалы прагназуе ў 2014 годзе па выніках 2013 года.

 

Але няма дрэннага без добрага. Урад, які так ці інакш чакае адстаўка, можа праводзіць сваю палітыку, не азіраючыся на прагнозныя паказчыкі, і рабіць сваю справу толькі на карысць краіны. То бок, не паўтараць мінулагодніх памылак. Тады яны хаця б папярэднікам добрую спадчыну пакінуць.

 

Што можа выратаваць гэты «ўнікальны», па словах Чалага, урад? Па-першае, сам Лукашэнка, які можа, як ужо неаднаразова было, «знізіць» свае патрабаванні і апетыты ў сярэдзіне года, і адмовіцца ад загадзя невыканальных паказчыкаў. Па-другое, гэта зноў-такі Лукашэнка, які пасля адмовы ад невыканальных паказчыкаў не будзе ўмешвацца ў дзейнасць ураду. Для прэзідэнта, заклапочанага «ростам заробку» людзей, вельмі істотна зразумець адно: людзі не хочуць такога «падвышанага» заробку, які праз месяц напалову з’есць дэвальвацыя. Яны хочуць, каб заробак, хай і заставаўся б на ранейшым узроўні, але б ніякая інфляцыя-дэвальвацыя яму не пагражала. Вось гэта ўрад зрабіць здолее.

Але «дваіх Балівар не вынесе»: тут альбо стабілізацыя эканомікі і цяжкі марудны рост, альбо выкананне прагнозу ў 8,5% ВУП, а затым новы завал. Для самога ўрада і для Лукашэнкі важна зразумець, што важней.