Улады пачалі рэгуляваць цэны на будаўнічыя матэрыялы
У пераліку будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый — больш за трыццаць пунктаў. Цэны на іх абмежавалі з 1 верасня. Адпаведную пастанову прыняло Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Чыноўнікі ўсталявалі максімальныя надбаўкі на цэны для
імпарцёраў і вытворцаў. А для забудоўнікаў вызначылі гранічную рэнтабельнасць, адзначае «Свабода».
У Беларусі сёлета істотна падаражэлі будаўнічыя матэрыялы.
«Метал за першы квартал 2021 года падаражэў на 80%, піламатэрыялы па некаторых
пазіцыях падаражэлі больш як на 200%», — цытаваў 2 жніўня партал Realt.by
міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча.
У чэрвені прадстаўнікі ФПБ, Міністэрства антыманапольнага
рэгулявання і Камітэта дзяржкантролю прызналі, што на цэны ў Беларусі ўплывае
рост цэн у свеце, звязаны з вялікім попытам і недастатковай прапановай, бо
прадпрыемствы менш выраблялі ў звязку з пандэміяй. Разам з тым у іх паўсталі
пытанні што да «абʼектыўнасці адпускных цэн і гандлёвых надбавак у асобных
гандлёвых пунктах», пісала БелТА.
Афіцыйныя прафсаюзы заклікалі тады «зацікаўленыя ведамствы
правесці комплексную работу па стабілізацыі сітуацыі ў гэтай сферы».
23 лютага для стрымлівання росту цэн на сацыяльна значныя
тавары ўрад забараніў павышаць цэны, а з сакавіка — вызначыў мяжу іх павышэння
не больш як 0,2% за месяц. Павялічваць цэны вышэй за ўстаноўленую мяжу
дазволена толькі са згоды камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання
цэнаўтварэння пры Савеце міністраў.
У жніўні ў разы падаражэла некаторая гародніна. Таксама пакупнікі заўважылі перабоі з курацінай.