У Гомелі пасля страйку Becker Bar завалілі штрафамі, а цяпер высяляюць з памяшкання
26 кастрычніка каля 15 кафэ і рэстаранаў, арганізацый гандлю і паслуг
Гомеля зачыніліся — хтосьці адкрыта падтрымаў агульнанацыянальную забастоўку,
хтосьці па тэхнічных прычынах, сышоў на перападлік або сандень, пішуць "Моцныя навіны".
Becker Bar папярэдзіў гасцей, што працягне святкаваць Дзень нараджэння і будзе зачынены на спецабслугоўванне. Адразу пасыпаліся праверкі, затым штрафы, а цяпер арэндадаўца высяляе ўстанову з памяшкання.
Першымі з праверкай прыйшлі з МНС, распавядае ўладальнік Becker Bar Сяргей. На ліквідацыю парушэнняў далі больш за месяц. Ва ўстанове практычна з усім разабраліся за два дні, але гэта не выратавала ад штрафаў.
— Мяне запрасілі патлумачыць, як праходзяць ліквідацыі, склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Спачатку пакаралі мяне як фізасобу на 25 базавых з 30 магчымых, хоць мы да таго моманту ўжо з 6 пунктаў ліквідавалі 5. Заставаўся апошні — пажарная сігналізацыя. Разабраліся і з ёй, але разгледзелі другі пратакол і далі на юрыдычную асобу 200 базавых з 200 магчымых. Нягледзячы на тое, што мы ўжо не працуем некалькі тыдняў, трэба плаціць зарплату супрацоўнікам, у нас працуюць людзі з інваліднасцю. Нікога гэта не збянтэжыла.
Па словах Сяргея, 200 базавых адносна супастаўныя з квартальнымі падаткамі. Таму са штрафамі было б справіцца цяжка, але магчыма, "калі б далі магчымасць".
Becker Bar яшчэ 31 кастрычніка зачыніўся па патрабаванні гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. З парушэннямі таксама пытанне ўжо вырашана, таму ў бары чакалі, калі санстанцыя дасць дазвол адчыняцца. Але з'явілася больш істотная праблема — уласнік памяшкання успомніў пра старыя, прычым пагашаныя, «пазыкі».
— Мы ўчора атрымалі ліст ад нашага арэндадаўца КЖРЭУП "Цэнтральнае" за подпісам дырэктара Сазанца аб тым, што ў 2019-м годзе мы дапускалі некалькі разоў пратэрміноўку плацяжоў за капітальны рамонт. Мы заплацілі, але з пратэрміноўкай. За гэта нас просяць да пятніцы 13 лістапада вызваліць памяшканне. Вельмі хутка і рашуча, — распавядае Сяргей. — Я быў на прыёме, пытаўся, ці можна неяк перайграць, мне было адмоўлена: «Дагавор ёсць дагавор, закон ёсць закон».
Раней, кажа ўладальнік установы, да бара прэтэнзій не меў. Сяргей падкрэслівае, гаворка ідзе пра 2019 год, а ўжо заканчваецца 2020.
— Я папярэдзіў, што тэрміны нерэальныя, мы не паспеем выехаць. На што было сказана, што будуць гэта рабіць па рашэнні суда. Мы пойдзем у суд як адказнікі. Я не выселюся добраахвотна: няма магчымасці чыста фізічна і тэхнічна. І, шчыра кажучы, мне не здаюцца такія раптоўныя рашэнні справядлівымі. Таму я б аддаў перавагу пачакаць.
Казаць аб планах Сяргею пакуль складана. Але пераезд бара немінучы.
— Цяпер вырашаецца пытанне, куды, як, у якім выглядзе, будзе гэта ранейшы фармат ці нешта новае. Але з'язджаць у бліжэйшы час прыйдзецца, калі толькі наш гуманны суд не вырашыць, што гэта няправільна, але на гэта надзеі мала.
На пытанне, ці чакалі такіх наступстваў пасля 26, Сяргей кажа, што маральна былі "да нечага гатовыя", але не да такіх жорсткіх мер. Тое, што адбываецца цяпер, уладальнік бара звязвае з рэпрэсіямі за рашэнне не працаваць у дзень страйку.
— Прама ніхто не кажа, але ад усіх гучыць фраза: "вы ж усё разумееце". Шчыра кажучы, гэта нейкае цемрашальства. Нармальнае здаровае прадпрыемства ўзяць і пахаваць, не зважаючы на папярэднія гады працы, супрацоўнікаў.
У бары працуе каля 15 чалавек, усе гэтыя людзі могуць застацца без працы. У адміністрацыі кажуць, што будуць старацца захаваць калектыў.