Інваліду 2 групы пагражае год калоніі за абразу Лукашэнкі

Суд Хойніцкага раёна 12 лістапада пачаў разгляд крымінальнай справы паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзідэнта»), піша svaboda.org. Абвінавачаны — жыхар Гомеля, інвалід другой групы ў сувязі з анкалагічным захворваннем Аляксей Раманаў.

d619ee93_f922_4e8d_a732_12e5276750c6_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.jpg


Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Святланы Ціханоўскай як валанцёр. На пікеце ў Хойніках 28 ліпеня негатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Супраць Раманава распачалі крымінальную справу.
У крымінальнай справе зазначана, што Аляксей Раманаў, «маючы намер публічна абразіць прэзідэнта, наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспертызай, змяшчаюць негатыўную ацэнку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».
Аляксей прызнаў сябе вінаватым у тым, што абразіў чалавека Лукашэнку, але не прэзідэнта.
«Прэзідэнта я не абражаў. Бо я не лічу Лукашэнку прэзідэнтам, ён нелегітымны», — патлумачыў Свабодзе актывіст.
Паседжанне на патрабаванне пракурора Андрэя Судома праходзіла ў закрытым рэжыме. Пракурор запатрабаваў пакараць Аляксея калоніяй на адзін год. Адвакатка Рагнеда Тагай выказалася, што яе падабароннага варта пакараць штрафам.
Прысуд абвесцяць 18 лістапада.