Старыя песні аб адным. Лукашэнка прапанаваў «Газпраму» пабудаваць новы азотны камбінат у Гродне
Беларусь можа кампенсаваць падзенне спажывання расійскага газу пасля ўводу АЭС за кошт уводу ў эксплуатацыю новага комплексу на базе «Гродна Азота». Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы.
Поўны ўвод у строй атамнай станцыі ў Астраўцы дазволіць
зэканоміць прыкладна 5 млрд. кубаметраў прыроднага газу. Тым не менш патрэба ў
гэтай сыравіне ў цэлым не знізіцца — з улікам планаў па будаўніцтве новага
азотнага камбіната ў Гродна.
— Таму мы ўсё роўна будзем спажываць прыродны газ ва
ўсёўзрастаючых аб'ёмах. Праект коштам 1,2 — 1,3 мільярда [долараў]. Новы
камбінат [у Гродне]. Мы хочам павялічыць аб'ёмы азотных угнаенняў. Калі будзе
ваша даручэнне прапрацаваць пытанне, мы з «Газпрамам» гатовыя гэты праект
рэалізаваць, — цытуе Лукашэнку tut.by cа спасылкай на яго прэс-службу
Беларусь ужо даўно разглядае «Газпрам» у якасці патэнцыйнага
партнёра па будаўніцтве новага комплекса на базе «Гродна Азота», паколькі
прыярытэтнае пытанне — гэта забеспячэнне завода сыравінай (прыродным газам).
У 2014 годзе Беларусь выставіла на продаж блокпакет акцый «Гродна Азота». Стартавая цана актыву склала 414 млн. долараў, укласці ў яго давядзецца яшчэ 1,6-1,8 млрд. долараў, а ў перспектыве пакупнік зможа атрымаць кантроль над камбінатам, даплаціўшы не менш за 440 млн. долараў.
Кола прэтэндэнтаў было абмежаванае ўмовай пастаўкі 2 млрд. кубаметраў газу ў год, сярод патэнцыйных інвестараў называлі «Газпрам», «Раснафту» і «Еўрахім». Але дадзеныя ўмовы расійскія кампаніі не зацікавілі, паколькі ацэнка актыву была завышаная.
У наступным улады Беларусі прапаноўвалі Кітаю стаць фінансавым
інвестарам праекта ў надзеі на танныя крэдыты. Аднак і там дасягнуць
дамоўленасцей не атрымалася. Таму Мінск вырашыў узводзіць аб'ект за свой
кошт, але прыцягнуць замежнага генпадрадчыка.
Увод новага камбіната ў эксплуатацыю запланаваны на 2025
год. Кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 1,3 млрд. долараў. Разліковы тэрмін
акупнасці — дзесяць гадоў. У выніку «Гродна Азот» у два разы павялічыць
магутнасці па выпуску карбаміду і значна нарасціць экспарт. Пры гэтым расход
газу знізіцца прыкладна на 15%, энергаспажыванне — на 20%.