Сярэдні заробак — 319 долараў. Як жывуць самыя дэпрэсіўныя рэгіёны Беларусі
Запазычанасць на дзясяткі мільёнаў і адмоўная рэнтабельнасць продажаў. У якіх рэгіёнах самыя нізкія заробкі — распавядае «Свабода».
Шаркаўшчына — 776 рублёў
У антырэйтынгу рэгіёнаў з самымі нізкімі заробкамі за мінулы год — Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці. Сярэдні намінальны заробак тут — 776,1 рубля, або 319 долараў па сярэднегадавым курсе, падлічвае Белстат.
Крэдыторская запазычанасць арганізацый раёна на 2021 год —
34,1 мільёна рублёў. 23,4% даўгоў — гэта пратэрмінаваная запазычанасць, то-бок
не сплачаная ў час.
Больш за траціну насельніцтва Шаркаўшчыны старэйшае за
працоўны ўзрост. Рэнтабельнасць продажаў у арганізацый на Шаркаўшчыне — мінус
0,2%, то-бок прадаюць са стратамі.
Дарэчы, у Шаркаўшчынскім раёне самы нізкі заробак у Беларусі
ўжо другі год запар.
Аснова эканомікі раёна — гэта сельская гаспадарка. Тут
працуе Шаркаўшчынскі кансервавы завод — філіял «Полацкай універсальнай базы»,
ён выпускае пладовыя віны.
Кармянскі раён — 793 рублі
Другі ў антырэйтынгу па сярэдніх заробках — Кармянскі раён: 793 рублі на месяц, або 326 долараў па сярэднегадавым курсе. З 2019 па 2020 год насельніцтва Кармянскага раёна скарацілася на 223 чалавекі. 20% жыхароў раёна старэйшыя за працаздольны ўзрост.
Арганізацыі раёна вінныя па крэдытах 47 мільёнаў рублёў,
12,3% крэдытаў — пратэрмінаваныя, то-бок іх не вярнулі ў час.
У Карме працуе другі філіял «Рэчыцкі тэкстыль», хлебны завод
і «Кармянскі ільнозавод», таксама тут працуе сем сельскагаспадарчых
арганізацый.
Калі глядзець па вакансіях, то ў Кармянскім раёне
заробкі прапануюць яшчэ меншыя, чым сярэдні за мінулы год. Напрыклад, цырульніку
— 417 рублёў, столькі ж гатовыя плаціць лекару.
Мсціслаўскі раён — 805 рублёў
Сярэдні заробак за мінулы год у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці — 805 рублёў, або 331 долар па сярэднегадавым курсе. За год (з 2019 па 2020) жыхароў раёна стала менш на 426 чалавек. Запазычанасць арганізацый раёна — 130 мільёнаў рублёў, 23,7% крэдытаў — пратэрмінаваныя.
У раёне працуе адкрытае акцыянернае таварыства
«Мсціслаўлён» і філія булачна-кандытарскай фабрыкі. Сярод вакансій з
агульнадзяржаўнага банку вакансій заробкі яшчэ меншыя. Кіроўцу аўтамабіля
прапануюць 420 рублёў на месяц, трактарысту — 410 рублёў.
Хоцімскі раён — 826 рублёў
Сярэдні заробак за мінулы год у Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці — 826 рублёў, гэта 339 долараў па сярэднегадавым курсе за мінулы год. За год жыхароў раёна стала менш на 233 чалавекі.
Запазычанасць усіх арганізацый раёна — 61,3 мільёна рублёў,
21% усіх крэдытаў пратэрмінаваныя. З прамысловасці ў рэгіёне працуе Хоцімскі
ільнозавод. У вакансіях Хоцімскага раёна можна знайсці працу і за большы
заробак, чым сярэдні па рэгіёне.
Напрыклад, прарабу прапануюць ад 1000 рублёў, столькі ж —
слесару-сантэхніку.
Слаўгарадскі раён — 831 рубель
Сярэдні заробак у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці за мінулы год — 831 рубель за месяц, гэта 341 долар па сярэднім леташнім курсе.
Жыхароў раёна за год стала менш на 174 чалавекі. Даўгі ўсіх
арганізацый раёна — 56,6 мільёна рублёў, 21,7% усіх даўгоў пратэрмінаваныя.
Аснова эканомікі раёна — сельская гаспадарка. У агульнарэспубліканскім банку
вакансій заробкі прапануюць яшчэ меншыя, чым сярэдні па рэгіёне.
Дарожнаму рабочаму прапануюць заробак у 420 рублёў, машыністу крана — 600 рублёў.