Рост ВУП за ліпень — 0%

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі ажыццявіў першую ацэнку валавога ўнутранага прадукта за студзень-ліпень 2021 года.

2_2_2_scaled_1.jpg


Аб'ём ВУП у бягучых цэнах склаў 95,4 млрд. рублёў, або ў супастаўных цэнах — 103,3% да ўзроўню студзеня-ліпеня 2020 года. Рост ВУП за ліпень — 0%, піша «Беларускі партызан».

У мінулыя гады ВУП за такі ж перыяд паводзіў сябе па-рознаму. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за студзень-ліпень у 2020-м знізіўся на 1,6% у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года. А ў 2018 годзе ВУП за студзень-ліпень вырас на 1,3%. Нагадаем, што, нягледзячы на 0% росту ў ліпені 2021 года, гадавы ВУП пакуль у плюсе на 3,3%.

Раней у Еўразійскім банку развіцця ацэньвалі змяненне ВУП за месяц з ліквідацыяй сезонных ваганняў прыкладна ў 0% у траўні і чэрвені. Гэта можа паказваць на завяршэнне перыяду аднаўлення беларускай эканомікі пасля спаду мінулага года. Па ліпені ЕАБР яшчэ не выпускаў аналітыку.

Тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску» адзначае, што, як толькі знікла нізкая база першага паўгоддзя 2020 года, «пасыпаўся» і эканамічны рост. Яшчэ ў красавіку ВУП павялічваўся на 7,2%.

Запаволенне росту адбываецца трэці месяц запар. У жніўні, мабыць, будзе яшчэ горш, бо ўраджай зерневых прагназуецца на 1/6 ніжэй, чым у 2020 годзе.

Рост у прамысловасці скараціўся да +2,7%, хаця за І квартал было +9,2%, за ІІ квартал — +11,6%.

Напэўна, гэта эфект ад запаволення калійнай і нафтапрадуктовай галіны. Гэта ўскосна відаць па тэмпах аптовага тавараабароту, які за ліпень вырас толькі на 0,1%.

Працягваецца негатыўны трэнд па інвестыцыях. За ліпень адбылося скарачэнне на 13,4%. Дададзеная вартасць у сектары будаўніцтва ўпала на 18%.

Прамысловасць перастала быць драйверам росту. У веснавыя месяцы яна дадавала да ВУП па 3-4 п.п., а ў ліпені ўнёсак знізіўся да 0,5 п.п.

Будаўнічы сектар стабільна ў мінусе з пачатку года. Унёсак сельскай гаспадаркі цягам года блізкі да нуля. Дададзеная вартасць па сектары гандлю скарацілася за ліпень на 0,5-0,7%.

У ліпені да 1/3 росту ВУП забяспечыла секцыя «Інфармацыя і сувязь». Таксама ў сферы паслуг расце транспарт. Гэтыя секцыі адметныя тым, што ў іх паніжаная доля дзяржавы ў капітале бізнесаў.