Пра барацьбу з лайдакамі
Усе памятаюць, як адзін беларускі дзеяч прапаноўваў высунуць Аляксандра Лукашэнку ў намінанты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы. Публіка тады ад усёй душы парагатала, але палітэканамічныя анекдоты ад першых асоб не скончыліся
Прыкладам, вельмі здольным гумарыстам аказаўся Міхаіл Мясніковіч, які быццам усур’ёз прапанаваў абкласці падаткам тых, хто не працуе. Як у захапленні напісалі дзяржаўныя журналісты — Мясніковіч патрабуе абкласці падаткамі лайдакоў.
Нагадаем, што дзяржава наша лічыцца сацыяльнай, якая павінна спагадліва ставіцца да ўсіх. Што да багацеяў, што да беднякоў. Дзеля таго яна адбірае ў свайго насельніцтва грошы для абагульнення і справядлівага размеркавання. І пры гэтым кажа, што, калі мы, прыкладам, лечымся «ў дзяржаўных шпіталях» і не плацім поўную аплату за лекаванне, ці карыстаемся трамваем «за паўцаны» — мы ў вечным даўгу перад сваёй уладай.
Дня не праходзіць, каб сам Лукашэнка ці яшчэ хто не адзначылі, што жывем мы не па сродках, што мала плацім роднай дзяржаве.
Зараз вось тэрмінова запатрабавалі ледзь не запазычанасць спагнаць з непрацуючых. Чым больш не працаваў, тым больш вінен дзяржаве. Прыкладам, намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч падлічыў, што кожны лайдак вінен дзяржаве калі 8 мільёнаў беларускіх паўнавартасных рублёў. Арыгінальная думка. З гісторыі вядома, што і не такое здаралася. Прыкладам, ужо бралі плату за дым з коміна, за права насіць бараду. Да рэвалюцыі больш за ўсіх плацілі багатыя людзі, ранцье. А ў часы СССР калгаснікам наогул заробкі не плацілі, таму іх не абкладалі падаткамі. Бо даходаў яны не мелі. І ад таго пачувалі сябе вельмі шчаслівымі.
Зразумела, і тады дзяржава не жыла без падаткаў. Бо сталінскія эканамісты падыходзілі да справы дыялектычна. Калі сяляне не мелі даходаў у калгасах, то павінны былі мець ва ўласных гаспадарках. Тут ужо спуску не давалі. Падаткавікі смяяліся, што ў тыя адказныя часы пеўні яйкі неслі, і нават навучыліся іх ад фінінспектараў хаваць.
Хочаш жыць, умей круціцца. Як і зараз. Дзе працуеш і колькі маеш? Гэтым цікавяцца ўсе, асабліва тыя, хто ад імя дзяржавы абавязаны дапамагаць розным небаракам. Але так, каб не пераплаціць, каб хто не раздабрэў на казённых харчах. Паводле афіцыйных звестак, сёння на ўліку ў органах па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва налічваецца 22,6 тысячы чалавек. Усяго 0,5% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пры гэтым (во смех!) сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі складае 177,8 тысячы рублёў. 18% ад пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
Як вам падабаецца жыццё на 1/5 частку ад найменшага мінімуму? Ад сацыяльнай дзяржавы яны атрымліваюць меней за 6 тысяч рублёў на дзень. Для параўнання: самым знакамітым «усіх часоў і народаў» лайдаком, якога прысудзілі да 5 гадоў катаржных работ, быў паэт, пасля Нобелеўскі лаўрэат Іосіф Бродскі. Паэт так абараняў у судзе сваю годнасць: маўляў, у турме на яго ўтрыманне дзяржава выдаткоўвала 40 капеек у дзень, і гэтага хапала. А сваёй паэтычнай працы ён атрымліваў болей. За што яго лічаць лайдаком? Тым не менш, паэта асудзілі.
Сучасныя 6 тысяч — гэта, відавочна, меней, чым меў савецкі зэк падчас барацьбы ўладаў з лайдацтвам. Як кажуць, гісторыя развіваецца па спіралі і на больш высокай ступені. Але ў нашым выпадку ніякай «ступені» не бачна. Бачна толькі, што, як і раней, нормы сацыяльнай абароны настолькі мінімальныя, што людзі, якія губляюць канкурэнтаздольнасць на рынку працы, спрабуюць вырашаць свае праблемы самастойна, без дапамогі дзяржавы. А таму не адчуваюць адказнасці перад ёй. За дапамогай да яе звяртаюцца ў асноўным сацыяльныя аўтсайдэры.
У дапамогу дзяржавы зараз вераць лічаныя людзі, пра што сведчыць і статыстыка, на якую мы спасылаліся. Колькасць афіцыйных беспрацоўных з кожным днём памяншаецца, затое расце колькасць занятых у напаўлегальным або нелегальным сектары эканомікі. Кваліфікаваныя спецыялісты атрымліваюць тут вельмі добрыя заробкі. А яшчэ кваліфікаваныя кадры пакідаюць Беларусь.
А з таго, хто мае звычку пасля п’янкі пахмяліцца, а не на працу ісці, які ж падатак можна спагнаць?