Навагодняя ноч у аграсядзібе будзе каштаваць 50 долараў на чалавека
Навагодняя ноч у аграсядзібе абыйдзецца ў сярэднім у 50 долараў, адпачынак на студзеньскіх канікулах будзе танней — 20–35 долараў у суткі на аднаго чалавека, паведаміла старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова.
belkraj.by
«Непасрэдна навагодняя ноч абыйдзецца ў сярэднім у 50 долараў, пасля Новага года адпачыць можна будзе за 20-35 долараў у суткі ў разліку на аднаго чалавека. У гэтыя цэны ўваходзіць харчаванне, так што іх можна лічыць даступнымі. Гаспадары сядзіб вырашылі, што лепш не прастойваць, а рэагаваць на запыты рынку і зніжаць кошты. Таму адпачынак у сельскіх дамках патаннеў фактычна ў паўтара-два разы», — цытуе Валерыю Кліцунову БелТА.
Нагадаем, у снежні стала вядома, што ўладальнікам аграсядзібаў і рамеснікам не будуць павялічваць ў 2016 годзе памеры збораў у бюджэт
Для ўладальнікаў сядзібаў падаходны падатак прапаноўвалася павялічыць з адной да 12 базавых велічынь у год, а для рамеснікаў — з адной да чатырох у год. Аднак ініцыятыву ўрада не падтрымалі.
Ільготныя ўмовы падаткаабкладання для ўладальнікаў аграсядзібаў і рамеснікаў, як меркавалася, павінны дзейнічаць да 2021 года.
У Мінспорту раней заяўлялі, што лічаць падаходны падатак у адну базавую велічыню непрымальным, а ў Міністэрстве па падатках і зборах казалі, што памер стаўкі збору для ўладальнікаў аграсядзібаў ў перспектыве трэба ўвязаць з памерам іх даходаў.
Самі ж прадстаўнікі агратурызму неадназначна ўспрынялі ініцыятыву ў 12 разоў павялічыць для іх падаходны падатак: адны мелі намер працягнуць працаваць, іншыя падумвалі згортваць бізнэс. «Наша пазіцыя — не мяняць правілы гульні да 2021 года, як гэта і было абяцана, — заяўляла кіраўнік грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова. — Пасля гэтага тэрміну можна ўносіць змены. Да прыкладу, падатак можа залежаць ад абароту альбо ад колькасці гадоў у бізнэсе. Хто буйней, можа рэгістраваць юрыдычную асобу».