Колькі беларусу трэба працаваць, каб набыць новы iPhone? Больш, чым летась
Заробкі ў краіне растуць, але беларусы не становяцца багацейшымі. У 2023 годзе сярэднестатыстычнаму грамадзяніну краіны трэба працаваць на новы iPhone на 13 дзён даўжэй, чым летась.
Аналітыкі партала Picodi Беларусь супаставілі мясцовыя кошты на iPhone 15 Pro (128 Гб) з заробкамі і разлічылі індэкс iPhone: кошт смартфона, выражаны ў працоўных днях. У 2023 годзе сярэднестатыстычнаму беларусу трэба працаваць 68,4 дня, каб купіць новы iPhone. Гэта на 13,2 дня больш, чым летась.
У Беларусі новы флагман у базавай камплектацыі ацанілі ў 5499 рублёў (на 1799 рублёў больш, чым летась), піша BGMedia.
Цана, указаная падчас прэзентацыі ($999), не ўлічвае падатак з продажаў. Па такім кошце купіць iPhone можна толькі ў чатырох штатах ЗША. У астатніх выпадках да гэтай цаны дадаецца падатак штата і гарадскі альбо акруговы падатак з продажаў (максімум — 9,55%). Стандартная стаўка ПДВ у Беларусі складае 25%.
Сярэднестатыстычны заробак у Беларусі, паводле апошніх афіцыйных звестак Белстата, роўны 1962 рублям (1687 рублёў пасля выліку падаткаў). Такім чынам, сярэднестатыстычнаму беларусу неабходна 68,4 рабочых дня, каб сабраць грошы на куплю iPhone 15 Pro, пры ўмове, што ён адкладзе ўсе заробленыя за гэтыя дні грошы.
У параўнанні з леташнім індэксам iPhone колькасць неабходных працадзён у Беларусі павялічылася на 13,2 дні.
Так выглядаў індэкс iPhone у Беларусі апошнія шэсць гадоў:
- 2018 — 86,5 дні;
- 2019 — 67,4 дні;
- 2020 — 75,3 дні;
- 2021 — 63,4 дні;
- 2022 — 55,2 дні;
- 2023 — 68,4 дні.
Лідарам рэйтынгу стала Швейцарыя — сярэднестатыстычнаму жыхару гэтай краіны трэба ўсяго 4,2 працоўныя дні, каб купіць новы iPhone. У сваю чаргу сярэднестатыстычны амерыканец павінен адпрацаваць 5,3 дня, а катарэц — 5,8 дня.
Сярод краін, якія трапілі ў рэйтынг, найгоршы вынік у Аргенціны, дзе новы флагманскі iPhone роўны 285,7 працадзён. Парагвай і Турцыя займаюць другое і трэцяе месца з канца з вынікамі 145,6 і 123,7 адпаведна.
Індэкс iPhone — гэта штогадовы рэйтынг суадносін кошту iPhone да сярэдняга заробку, які складаюць аналітыкі Picodi з 2018 года.
Індэкс iPhone 2023 быў разлічаны на аснове афіцыйных коштаў iPhone 15 Pro (з памяццю 128 GB), указаных у рэгіянальных крамах Apple або ў аўтарызаваных прадаўцоў. Інфармацыя аб сярэдняй заработнай плаце была ўзятая з сайтаў органаў дзяржаўнай статыстыкі або адпаведных міністэрстваў і з'яўляецца актуальнай на момант публікацыі коштаў на iPhone у канкрэтнай краіне.
Памер зарплаты пасля выплаты падаткаў разлічаны з дапамогай мясцовых калькулятараў заробкаў. Месячны заробак аналітыкі падзялілі на 21 — сярэднюю колькасць рабочых дзён у месяцы. У краінах, дзе статыстычныя ведамствы карыстаюцца тыднёвымі стаўкамі, памер даходу дзялілі на 5.