Казахскія вытворцы алкаголя не хочуць фінансаваць канкурэнтаў з Беларусі і Расіі
У Казахстане назіраецца засілле гарэлкі з Расіі і Беларусі. У буйных супермаркетах імпартная гарэлка складае да 70% усёй нішы.
Мясцовыя вытворцы алкаголю з-за гэтага знаходзяцца ў нявыгадным становішчы і церпяць страты, паведамляе ў панядзелак Kzinform са спасылкай на кіраўніка асацыяцыі «КазАлко»
Аміржана Каліева.
Паводле яго слоў, за паўгода імпарт гарэлкі ў рэспубліку з краін МС павялічыўся на 7-8%. Цяпер гарэлка з Расіі і Беларусі складае 30% агульнага аб'ёму, пры гэтым у вялікіх гарадах гэты
паказчык набліжаецца да 50%. Доля беларускай гарэлкі ў аб'ёме імпарту ўсяго 10%, астатняя — расійская.
Аміржан Каліеў адзначыў, што ў рамках МС для гарэлкі з Расіі і Беларусі няма абмежаванняў ні па колькасці, ні па якасці. І акцызы такія ж, як для казахстанскіх вытворцаў. Гэта значыць рынак рэспублікі вельмі прывабны і выгадны для алкагольнага бізнесу гэтых краін. Пры гэтым, па словах Каліева, якасць расійскай гарэлкі пакідае жадаць лепшага. Тры гады таму Асацыяцыя праводзіла яе экспертызу. Аказалася, што дарагая расійская гарэлка, заяўленая для прэміум-сегмента, па якасці такая ж, як самая танная казахстанская.
Атрымліваецца, што мясцовыя вытворцы алкаголю знаходзяцца ў нявыгадным становішчы, несучы страты. Кіраўнік «КазАлко» і раней заяўляў, што Расія ў парушэнне ўмоваў МС не пускае
казахстанскую гарэлку на свой рынак. Гэта, на думку Каліева, проста несумленна.
«Калі цяпер у тэрміновым парадку не будуць створаны адпаведныя бар'еры для імпарту, ці Расія і Беларусь не адкрыюць свае рынкі для нашай прадукцыі, мы будзем проста фінансаваць
чужы бізнэс», — заявіў Аміржан Каліеў.