Кадры не вырашаюць нічога

Часам, калі чытаеш навіны, узгадваеш старыя анекдоты. Напрыклад, як адзін чыноўнік, каб прадухіліць падзеж жывёлаў на ферме, прапаноўваў пафарбаваць стайню ці ў зялёны, ці ў чырвоны колер. А калі худоба ўся памерла, сказаў: «Шкада! У мяне яшчэ столькі цікавых ідэй было!»

Фото: photo.bymedia.net

Фото: photo.bymedia.net

Гэтая показка прыйшла на думку, калі я пабачыў чарговую «прарыўную ідэю» віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына. Ён хоча разагнаць рост ВУП да 4 працэнтаў на год пры дапамозе сотні вялікіх прадпрыемстваў. «Мы ўнеслі ў Адміністрацыю прэзідэнта праект указа адносна шэрагу прадпрыемстваў, назіральныя саветы якіх павінны ўзначаліць вышэйшыя службовыя асобы, плюс топ-100 акцыянерных таварыстваў нашай краіны, дзе мы выбудуем нармальную эфектыўную сістэму карпаратыўнага кіравання», — сказаў Турчын.

Канешне, цікавая ідэя! Па-першае, зразумела, калі, напрыклад, наваполацкім «Нафтанам» зоймецца міністр эканомікі, а гродзенскім «Азотам» — міністр прамысловасці. Але ці будзе карысць «Гомсельмашу» ад куратарства міністра аховы здароўя, а БелАзу — ад міністра спорту і турызму?

Па-другое, у Беларусі, паводле падлікаў, на мінулы год было 36 чальцоў ураду. Зразумела, на ўсе прадпрыемствы не хопіць. Будзем пашыраць урад?

І, па-трэцяе, топ-100 акцыянерных таварыстваў краіны, дзе «мы выбудуем сістэму карпаратыўнага кіравання». Гэта ўжо ўвогуле нікуды не лезе. Калі таварыствы сапраўды «акцыянерныя», то яны павінны самі вырашаць праблемы кіравання. А калі ў іх улазіць дзяржава — то гэта альбо дзяржаўныя прадпрыемствы (давайце называць рэчы сваімі імёнамі), альбо «дзяржаўны рэйдарскі захоп» з дапамогай розных «залатых акцый» і іншых інструментаў.

Але, на думку старшага аналітыка «Альпары» Вадзіма Іосуба, ані БелАЗ, ані «Гродна-Азот» не дачакаюцца сваіх куратараў. «Гаворка можа ісці пра прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, як ні дзіўна, пра нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, якія ў мінулым годзе пачалі прыносіць страты. Гаворка можа ісці пра прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прамысловасці, цэментнай прамысловасці», — прагназуе ён.

То-бок, прадпрыемствы, у якія ўбухалі мільярды долараў на «мадэрнізацыю», але ніякага поспеху не дасягнулі, — яны застаюцца стратнымі. І тут не «шэфства» ўводзіць трэба і не карпаратыўнае кіраванне. Патрэбныя нармальныя аддзелы маркетынгу і збыту, а таксама зніжэнне сабекошту прадукцыі. А калі гэтага не будзе — нават міністр замежных спраў у якасці куратара не дапаможа.

Праўда, Іосуб яшчэ больш радыкальны: «Для эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў трэба пагрузіць іх у рынкавае асяроддзе: даць працаваць таму, што працаваць можа, даць памерці таму, што нежыццяздольнае».

А без гэтага, паводле меркавання яшчэ аднаго эканаміста, Леаніда Заікі, вынікі будуць простыя: «Будуць ездзіць, будуць біць у барабаны, будуць даваць справаздачу. Будуць інфаркты, да інфарктаў дададуцца інсульты, але ўсё застанецца па-ранейшаму».

У глабальныя планы Турчына не вераць і самі дырэктары прадпрыемстваў. Нацбанк на тыдні прадставіў аналітычны агляд «Маніторынг прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі» Паводле яго, кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў чакаюць у лютым-красавіку 2019 года росту інфляцыі, павелічэння спажывецкіх коштаў і зніжэння абменнага курсу беларускага рубля.

Пры гэтым кіраўнікі прадпрыемстваў чакаюць у лютым-красавіку 2019 года павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і попыту, але з гэтым прыйдзе «патрэба ў крэдытаванні і скарачэнне колькасці занятых», адзначаецца ў даследаванні.

Паводле дадзеных апытання топ-менеджараў беларускіх кампаній, эканамічная кан’юнктура ў лістападзе 2018-га — студзені 2019 года пагоршылася. Неспрыяльнай кан’юнктуру палічылі 41,6% кіраўнікоў прадпрыемстваў супраць 40% трыма месяцамі раней. Эканамічнае становішча свайго прадпрыемства адзначылі як здавальняючае 71% кіраўнікоў прадпрыемстваў, як дрэннае — 18,9%.

І, паводле ацэнак кіраўнікоў прадпрыемстваў, за апошнія тры месяцы попыт на іх прадукцыю знізіўся. А калі попыт знізіўся, адкуль возьмуцца 4% ВУП?

Ах, сапраўды, у нас жа ВУП могуць палічыць па колькасці створанай, але не прададзенай прадукцыі!

У ацэнцы бягучай сітуацыі не адстаюць ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і простыя рабацягі. Паводле вынікаў даследавання, праведзенага ў рамках рэгіянальнай праграмы «Разам да справы» па ініцыятыве Цэнтра даследавання грамадскага кіравання SYMPA і грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», мазгі жыхароў краіны за апошнія 10 гадоў павярнуліся ў іншы, цалкам супрацьлеглы, бок. 63,4% беларусаў лічыць, што менавіта яны адказныя за свой дабрабыт і самі абавязаныя вырашаць свае праблемы. Толькі каля 25% апытаных упэўненыя, што за іх дабрабыт адказвае дзяржава.

Гэтыя вынікі кардынальна адрозніваюцца ад аналагічнага апытання 2008 года. Тады 65% апытаных спадзяваліся на дзяржаву.

Беларусы незадаволеныя, перш за ўсё, падзеннем узроўню жыцця і ростам коштаў (53%), рэформай ЖКГ і пенсійнай рэформай (20%). Пры гэтым 64,3% рэспандэнтаў лічаць, што дзяржорганы Беларусі прадастаўляюць далёка не ўсю неабходную інфармацыю пра сваю працу, дзеянні і рашэнні. Гэта тычыцца і кіраўніка дзяржавы: пра давер да яго заявілі 42,8% апытаных, а 44,3% грамадзян яму не давяраюць. У межах статыстычнай хібнасці, але ж…

Дык што ж рабіць? Як нам павысіць дабрабыт народа? Цікавы рэцэпт прапанавалі жыхары Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Справа ў тым, што ўлады закрылі аўтастанцыю ў аграгарадку Доўск, якая знаходзілася на трасе Санкт-Пецярбург — Адэса. Станцыяй карысталіся жыхары населеных пунктаў, райцэнтраў, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, транзітныя пасажыры. Штодня ад яе адпраўляліся больш за 30 аўтобусаў, але мясцовыя ўлады вырашылі яе закрыць, а разам з ёй — і прыбіральні, і скрыні для смецця.

А паколькі ўлады на патрабаванні аднавіць станцыю не рэагавалі, актывісты напісалі ліст… Дональду Трампу! Яны про­сяць амерыканскага прэзідэнта даслаць і ўсталяваць на закрытай аўтастанцыі біяпрыбіральні, сметніцы, лаўкі, а таксама печку-«буржуйку».

Ідэя цікавая, але яе трэба развіць. Згодна з «планам Турчына», ці не возьме апякунства над «Гомсельмашам» спадарыня Меркель?