Як ратаваць беларускі дробны гандаль? Бізнес даслаў прапановы ўладам

Гандлёвая галіна моцна пацярпела пасля ўвядзення дзяржаўнага рэгулявання цэнаў. Але гэта хоць і галоўная, але не адзіная праблема дробнага гандлю.

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Паводле скаргаў бізнес-супольнасці, на малыя прадпрыемствы ў гэтай сферы, акрамя рэгулявання цэнаў, ціснуць таксама іншыя праблемы, піша ThinkTanks.by.

Прапановы па зменах у гандлёвай сферы ў Беларусі Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў накіраваў у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ),  паведамляецца  на сайце арганізацыі.

У лісце гаворыцца, што пагаршэнне фінансавых вынікаў гандлёвых прадпрыемстваў у 2023 годзе «не дазваляе ажыццяўляць пашыранае ўзнаўленне галіны за кошт унутраных рэсурсаў, вядзе да яе стагнацыі». Прычым найбольшы ўплыў на такое жалю вартае становішча спраў аказвае пастанова №713 «Аб сістэме рэгулявання цэн», прынятая ў кастрычніку 2022 года.

«Паводле экспертных ацэнак яе дзеянне прывяло да памяншэння валавых даходаў прадпрыемстваў рознічнага гандлю прадуктамі харчавання ў сярэднім не менш, чым на 15% пры аналагічнай выручцы», — адзначае бізнес-саюз.

Нізкая рэнтабельнасць малых крамаў прыводзіць да неканкурэнтных заробкаў прадаўцоў і недахопу кадраў. Прадпрымальнікі прапануюць увесці меры падтрымкі гандлю ў сельскай мясцовасці, «дастатковыя для забеспячэння рэнтабельнасці ў сярэднім не менш за 2% і ўзроўню зарплаты прадаўцоў не ніжэй, чым у малых гарадах».

Глядзіце таксама

Пашырэнне буйных сетак

Яшчэ адной праблемай, пра якую казалі прадпрымальнікі, стаў рост долі буйных гандлёвых сетак, а таксама маркетплейсаў у тавараабароце краіны. Напрыклад, доля іх продажу алкагольнай прадукцыі ў тавараабароце краіны перавышае 80%, агульная выручка складае амаль 70% тавараабароту. Доля малых прадпрыемстваў, ІП у агульным тавараабароце краіны ўпэўнена падае з 2015 года.

На долю кампаній, якія належаць замежным уласнікам (Еўраопт, Суседзі, Святлафор, Wildberries і г. д.) прыпадае каля паловы тавараабароту буйных гандлёвых прадпрыемстваў.

«У рынкавым асяроддзі буйныя гандлёвыя прадпрыемствы сёння апынуліся ў больш выйгрышным становішчы — асаблівыя ўмовы паставак, эканамічна неабгрунтаваныя зніжкі і кошты вытворцаў і імпарцёраў. У выніку досыць шырокім асартыментам прадукцыі некаторыя буйныя сеткі гандлююць у розніцу па больш нізкіх коштах, чым яе адпускаюць вытворцы суб'ектам МСП», — гаворыцца ў дакуменце.

Глядзіце таксама

Норма закона аб тым, што гранічная доля адной гандлёвай сеткі ў тавараабароце рэгіёну прадуктамі харчавання не павінна перавышаць 20%, не працуе. Напрыклад, сетка «Еўраопт» ужо перавысіла гэтую норму больш чым у 50 рэгіёнах краіны», — адзначае дырэктар Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў.

Каб захаваць невялікія прыватныя крамы, бізнес-саюзы прапануюць абмежаваць магчымасці замежных гандлёвых сетак па адкрыцці новых аб'ектаў.

Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў (МССПіП) прапануе зрабіць больш жорсткім кантроль за пашырэннем гандлёвых сетак і ўсталяваць мараторый на адкрыццё новых аб'ектаў з гандлёвай плошчай больш за 3 тысячы квадратных метраў «да прыняцця навукова і эканамічна абгрунтаванай методыкі мэтазгоднасці іх размяшчэння».

Глядзіце таксама

Дарагія банкаўскія паслугі

Прадпрымальнікі таксама незадаволеныя высокімі стаўкамі на паслугі банкаў для малых гандлёвых прадпрыемстваў. У бізнес-саюзах адзначаюць, што выдаткі гандлю на паслугі эквайрынгу пры разліках пластыкавымі карткамі складаюць цяпер каля 2% ад чэка. Гэта амаль удвая больш, чым сярэдняя рэнтабельнасць гандлёвых прадпрыемстваў па краіне ў цэлым, не кажучы ўжо аб невялікіх гандлёвых аб'ектах.

Прадпрымальнікі прапануюць усталяваць гранічныя стаўкі па эквайрынгу на перыяд дзеяння дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння на ўзроўні 1% па картках беларускіх эмітэнтаў. Такі вопыт ёсць у Расіі.

Глядзіце таксама

Палегчыць цэнавыя бар'еры

Прапануецца таксама паменшыць пералік тавараў, якія падлягаюць дзяржаўнаму рэгуляванню цэнаўтварэння для суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ў населеных пунктах, дзе яны не з'яўляюцца адзінымі прадаўцамі.

Таксама бізнес просіць скараціць і спрасціць дакументаабарот.