«Данон» падаў у суд на «Савушкін прадукт»
Арбітражны суд Масквы зарэгістраваў пазоў АТ «Данон Расія» да ААТ «Савушкін прадукт». Расійская юрыдычная асоба патрабуе спагнаць з беларускага вытворцы малочных прадуктаў 1,4 млн долараў.
Danone адстойвае ў судзе свае аўтарскія правы на дызайн упакоўкі прадуктаў, паведамляе РБК. Гаворка ідзе пра лінейку «Актывія», у ёй прадстаўлены ёгурты, тваражкі, кефірныя прадукты. Па версіі Danone, у 2018 годзе кампанія «Савушкін прадукт», якая таксама выпускае ёгурты з біфідабактэрыямі, змяніла дызайн сваёй лінейкі «Аптымаль», зрабіўшы яго падобным да дызайну «Актывіі».
Кампанія неаднаразова інфармавала «Савушкін прадукт» пра тое, што лічыць свае правы парушанымі, і патрабавала змяніць дызайн «Аптымалі», але ні на адзін ліст з прэтэнзіямі беларусы не адрэагавалі.
«Савушкін прадукт» — найбуйнейшы вытворца малочных прадуктаў у Беларусі, а таксама буйны пастаўшчык у Расію і іншыя краіны Усходняй Еўропы.