Дамоўленасці Лукашэнкі і Пуціна: «Дасягненняў ніякіх няма»
Пасля перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў паведаміў пра дамоўленасці паміж кіраўнікамі.
Па-першае, цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе захаваецца на ўзроўні 2021 года. Па-другое, дасягнуты дамоўленасці аб крэдытнай падтрымцы нашай краіны ў сувязі з падатковым манеўрам у Расіі.
«Салідарнасць» разам са старшым аналітыкам Цэнтра «Альпары Еўразія» Вадзімам Іосубам тлумачыць, чаму пра перамогу беларускіх улад у перамовах з кіраўніцтвам Расіі казаць не даводзіцца.
Цана на газ: Расія дамаглася жаданага
У гэтым годзе цана на расійскі газ для Беларусі складае $128,5 за тысячу кубаметраў. Лукашэнка не быў ёй задаволены: казаў, што цана магла б быць больш справядлівай. А некалькі гадоў таму беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі, што хацелі б мець цану на ўзроўні Смаленскай вобласці — гэта значыць, удвая ніжэй.
— Гэта была даўняя мэта беларускіх улад — знізіць цану на газ да ўнутранай цаны Расіі (асноўны іх аргумент у тым, што, купляючы газ даражэй, чым расійскія прадпрыемствы, вельмі цяжка канкураваць з імі). Але як бачым, гэтага зніжэння не адбылося. Іншымі словамі, цана на наступны год будзе зафіксаваная на жаданым для Расіі узроўні, а не на тым узроўні, пра які даўно марылі беларускія перамоўшчыкі, — адзначыў Іосуб.
Але ці ўсё так дрэнна для Беларусі? У канцы чэрвеня «Газпрам» павысіў прагноз па сярэдняй экспартнай цане на газ у Еўропе ў 2021 годзе да 240 долараў за тысячу кубаметраў (у гэтым годзе цэны ўзляцелі). Гэта нашмат вышэй, чым зараз плаціць і будзе плаціць у наступным годзе Беларусь.
— Газ — тавар спецыфічны, цана на яго пастаянна моцна вагаецца і прыкметна змяняецца ад аднаго хаба да іншага. Паняцце «сярэдняй цаны» дастаткова ўмоўнае. Але зразумела, што ў сярэднім Беларусь плаціць танней, чым еўрапейскія краіны (хоць бываюць некаторыя выключэнні: у пачатку 2020 года быў кароткі перыяд, калі газавыя цэны ўслед за нафтавымі моцна ўпалі і газ у Еўропе каштаваў танней, чым у Беларусі). Нельга адмаўляць, што некаторыя льготы ў Беларусі пры куплі расійскага газу застаюцца. Але, паўтаруся, гэта не той узровень, які хацелі б атрымаць беларускія ўлады. І цяжка спрагназаваць, якой будзе цана на расійскі газ у Еўропе ў наступным годзе. І нават тое, якімі будуць цэны на газ у канцы гэтага года, — адзначыў Іосуб.
Замест кампенсацыі за падатковы манеўр — крэдыт
Падатковы манеўр у нафтавай сферы ў Расіі прадугледжвае паступовае абнуленне экспартнай пошліны і павышэнне стаўкі падатку на здабычу. Дадатковыя выдаткі у Беларусі ўзнікаюць з-за павелічэння цаны на расійскую нафту і зніжэння экспартных пошлін на нафтапрадукты.
Раней Мінск ацаніў свае страты за шэсць гадоў у 11 мільярдаў долараў і патрабаваў ад Масквы кампенсацыі за іх. Паўтара года таму Лукашэнка нават заяўляў, што яны з Пуціным дамовіліся па гэтым пытанні.
Цяпер жа гаворка ідзе пра «крэдытную падтрымку». Што гэта азначае?
— Гэта азначае, што ні пра якую кампенсацыю дамовіцца не ўдалося. Крэдыт і кампенсацыя — гэта розныя рэчы. Кампенсацыя мела на ўвазе «дайце нам грошай». Але падарункаў ніякіх не будзе. Максімум што можна атрымаць — крэдыт, які трэба будзе затым аддаваць. Можна сказаць, што тэмы кампенсацыі за падатковы манеўр ў прынцыпе не існуе, — лічыць Іосуб.
Падпісання «дарожных карт» не будзе?
Рэзюмэ старшага аналітыка цэнтра «Альпары Еўразія» наконт дамоўленасцей Лукашэнкі і Пуціна па газе і падатковым манеўры такое:
— Дасягненняў для беларускіх улад ніякага няма. Гэтыя дамоўленасці — абсалютна ў рэчышчы расійскай пазіцыі: пакуль не будзе поўнай уніфікацыі ўсяго і ўся, унутрырасійскіх цэн на газ для Беларусі не будзе, як не будзе і кампенсацыі за падатковы манеўр. Уласна кажучы, такая была першапачаткова пазіцыя Масквы. Толькі трошкі Мінску падсаладзілі пілюлю, паабяцаўшы крэдыт, які давядзецца вяртаць.
Некалькі гадоў таму менавіта з-за гэтых пытанняў, які падняў беларускі бок, Масква прапанавала Мінску падпісаць дарожныя карты па паглыбленні інтэграцыі. Ці азначаюць цяперашнія дамоўленасці, што яны падпісаныя не будуць, нягледзячы на заявы ўлад аб тым, што адпаведны пакет практычна гатовы?
— Папярэдне такую выснову можна зрабіць: калі б пра «карты» дамовіліся, то і падаткаабкладанне нафты было б аднолькавым, і кошты на газ для Беларусі былі б унутрырасійскімі. Але ўсё ж далёка ідучыя высновы рабіць не варта, бо перамовы вядуцца ў рэжыме спецаперацый, грамадскасць пра іх змест і вынікі не хочуць інфармаваць. Таму даводзіцца рабіць высновы з урыўкаў інфармацыі, якой зрабілі ласку з намі падзяліцца. Мы шмат чаго не ведаем, каб дакладна ацэньваць сітуацыю, — сказаў Іосуб.