Ці выйграе насельніцтва ад рэформы ЖКГ?
З 1 сакавіка ў Першамайскім і Партызанскім раёнах Мінска пачнецца эксперымент па рэфармаванні сістэмы ЖКГ. Калі ён пройдзе ўдала, новыя падыходы запрацуюць па ўсёй сталіцы і ў іншых гарадах. Што выйграюць ад рэформы звычайныя грамадзяне, журналістам патлумачылі міністр ЖКГ, памочнік прэзідэнта і чыноўнікі Мінгарвыканкама.
Што зменіцца?
Зменіцца многае. ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» (МГЖГ) ператворыцца ў ДУ «Мінская жыллёвая камунальная гаспадарка». Замест адлічэнняў ад даччыных прадпрыемстваў яно пяройдзе на фінансаванне з бюджэту.
Запрацуе адзіная дыспетчарская служба з кароткім нумарам 115, куды можна будзе тэлефанаваць наконт усіх побытавых аварыяў. 1 сакавіка дыспетчары яшчэ не будуць прымаць тэлефанаванні, але, як абяцаюць чыноўнікі, служба пачне дзейнічаць вельмі хутка.
Усе 43 разлікова-касавых цэнтры, якія цяпер працуюць у Мінску, аб’яднаюцца ў Адзіны разлікова-даведачны цэнтр. У РДЦ можна будзе вырашыць не толькі пытанні па аплаце ЖКП, але і атрымаць разнастайныя даведкі. Спецыялісты разлікова-касавых цэнтраў змогуць абслугоўваць таварыствы ўласнікаў і ЖБВК.
З’явіцца адзіны аператар, які зоймецца вывазам і абясшкоджваннем смецця. Насельніцтва будзе наўпрост аплачваць яго паслугі, а аператар зможа вырашаць: альбо везці ТБО на палігон, альбо атрымліваць ад яго другасныя матэрыяльныя рэсурсы і атрымліваць дадатковы прыбытак.
Першым палігонамі для жыллёва-камунальнага эксперыменту з 1 сакавіка стануць Першамайскі і Партызанскі раёны Мінска. Раённыя ЖРЭА будуць пераназваныя ў КУП «Жыллёва-камунальная гаспадарка [...]» і пяройдуць на гаспадарчы разлік. Прасцей кажучы, на сістэму «колькі зарабілі — столькі атрымалі». КУП не будуць мець прамога дачынення да паслуг для насельніцтва. У іх падпарадкаванні застанецца камунальная ўласнасць і няпрофільныя актывы.
ЖЭСы ў двух раёнах сталіцы ўзбуйняць і ператвораць у жыллёва-эксплуатацыйныя ўчасткі (ЖЭУ). У кожны з іх увойдзе 2–3 ЖЭСы. Функцыі работнікаў будуць выразна падзелены. Тэхабслугоўваннем дамоў зоймуцца хаус-майстры. Для бягучага рамонту, уборкі тэрыторыі і платных паслуг насельніцтву будуць сфарміраваны асобныя брыгады, якія працуюць здзельна.
Навошта гэта трэба?
У выніку рэформы ўлады хочуць паменшыць фінансавую нагрузку на прадпрыемствы ЖКГ, зацікавіць іх у выніку працы, выразна размежаваць функцыі радавога персаналу і — гэта самае галоўнае — знізіць сабекошт тэхабслугоўвання жылфонду. Для Мінску ён складае 2820 рублёў за квадратны метр. Насельніцтва плаціць па тарыфе 947 рублёў за «квадрат».
— За гады існавання ЖРЭА раёнаў абраслі неліквідамі, няпрофільнымі актывамі: ваеннымі мястэчкамі, кароўнікамі, свінарнікамі. Усе выдаткі клаліся на кошт тэхабслугоўвання квадратнага метра, з-за чаго ён быў неабгрунтавана завышаны, — патлумачыў генеральны дырэктар ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Віталь Смірноў.
Каб пазбавіцца ад «шумавіння», давялося не толькі аддзяліць няпрофільныя актывы сістэмы ЖКГ ад паслуг насельніцтву, але і прааналізаваць структуру сабекошту тэхабслугоўвання.
— Гэта комплексная паслуга, якая ўключае ў сябе тэхабслугоўванне канструктыўных элементаў (сцены, дах) і інжынерных сетак (унутраныя стаякі, цеплавой вузел), асвятленне пад’езда, уборку месцаў агульнага карыстання і ўборку прыдамавой тэрыторыі. Гэта асноўныя складнікі, якія ўплываюць на сабекошт, — расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў.
Міністэрства ЖКГ палічыла, якія выдаткі прыпадаюць на кожны з гэтых складнікаў.
— У структуры сабекошту тэхабслугоўвання па Мінску 700–1200 рублёў за квадратны метр адводзіцца менавіта на тэхабслугоўванне, 50–70 рублёў за «квадрат» — на асвятленне, 400 рублёў за «квадрат» — на ўборку месцаў агульнага карыстання, — агучыў лічбы начальнік упраўлення жыллёвага гаспадаркі Андрэй Рамашка.
Уласна, тэхабслугоўванне жылфонду фармуе толькі каля траціны выдаткаў, таму было вырашана вылучыць выдаткі на асвятленне і ўборку са структуры сабекошту і фінансаваць іх наўпрост з бюджэту. Тарыф на тэхабслугоўванне ўсё роўна субсідуе дзяржава.
— З 1 сакавіка тарыфы для насельніцтва не зменяцца, — папярэдзіў Аляксандр Церахаў. — Мы правядзем эксперымент, палічым і, калі нашы разлікі апраўдаюцца, выйдзем з прапановай дыверсіфікаваць тарыфы ў залежнасці ад серыі дома. Мінімальны тарыф будзе каля 700 рублёў, максімальны — каля 1100 рублёў.
947 рублёў — гэта сярэдні тарыф, які склаўся па ўсім жылфондзе Мінска. Але разлікі паказваюць, што ён адрозніваецца ў залежнасці ад серыі жылога дома, яго інжынернага «начыння» і іншых фактараў.
— Калі гэта элітны дом, у якім адна кватэра на паверх, сістэма відэаназірання, датчыкі, чаму жыхар сёння плаціць па такім жа тарыфе, як мы з вамі? Чаму мы субсідуем яго празмернасці? — звярнуўся да публікі міністр.
Калі ў канцы года эксперымент у Першамайскім і Партызанскім раёнах пакажа добрыя вынікі, яго падоўжаць бестэрмінова. Больш за тое, гэты вопыт можна будзе распаўсюдзіць на ўсю сталіцу і іншыя гарады. Да яго ўжо праявілі цікавасць Гродна і Гомель, паведаміў Аляксандр Церахаў.
— Калі людзі кажуць пра высокія тарыфы ЖКГ, органы мясцовага самакіравання адказваюць, што насельніцтва пакрывае ўсяго 30% выдаткаў, а бюджэт плаціць 70%. Дык вось у гэтых 70% больш за палову таго, што не павінна класціся на квадратны метр (я кажу толькі пра тэхабслугоўванне). Квінтэсенцыя — ачысціць сабекошт ад «шумавіння». Чалавек у выніку рэформы зразумее, што плаціць, умоўна, 90% ад сабекошту, а не 30%, як яму кажуць, — заўважыў памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Якабсон.
TUT.BY
Пераклад НЧ