Беларуска-расійскі самалёт: ці паляціць у 2026 годзе?

Першыя самалёты беларуска-расійскай вытворчасці плануюць зрабіць у 2026 годзе. Чым выклікана такая неабходнасць і ці атрымаецца рэалізаваць гэты план?

Фота: belmarket.by

Фота: belmarket.by

Калі верыць віцэ-прэм'еру Беларусі Пятру Пархомчыку, першыя самалёты сумеснай беларуска-расійскай вытворчасці павінны падняцца ў паветра ў 2026 годзе. Зараз жа, з яго слоў, «вядуцца доследна-канструктарскія работы», пішуць «Белнавіны».

Дамова аб стварэнні 19-мясцовага самалёта была падпісана летась, падчас візіту кіраўніка беларускага Саўміна ў Екацярынбург, паміж ААТ «558-ы Авіяцыйны рамонтны завод» і АТ «Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі». Пра тое, што Беларусь і Расія «дамовіліся папрацаваць» над сумесным выпускам самалётаў для рэгіянальных перавозак, заяўляў і Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксеем Рускіх.

«Мы сёння разам распрацоўваем і ствараем гэты самалёт, вядзём доследна-канструктарскія работы. Павінны да 2026 года вырабіць першыя два самалёты. Вельмі важна, што мы ўжо сёння маем цвёрды заказ — мінімальная колькасць самалётаў, якія мы павінны будзем вырабіць да 2030 года. Гэта 85-100 штук. Калі мы будзем паспяхова выконваць пастаўленыя задачы», іх можа быць і больш».

Праект, мяркуючы па словах чыноўніка, патрабуе значных інвестыцый. Ён не назваў іх суму, але адзначыў, што трэба будзе пабудаваць яшчэ 20 тыс. кв. м. дадатковых вытворчых плошчаў і закупіць каля 100 адзінак складанага абсталявання.

Раней канал «Sputnik Ближнее зарубежье» распаўсюдзіў відэа галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала Avia.ru Рамана Гусарава, які кажа пра «падключэнне беларускай вытворчай базы да фінальнай зборкі нейкага самалёта» для рэалізацыі «велізарнай задачы, якая стаіць перад Расіяй па ўсёй лінейцы авіяцыйнай тэхнікі», для якой расійскіх уласных магутнасцей можа не хапіць. На думку Гусарава, гаворка ідзе пра самалёт рэгіянальнага класа, накшталт мадэляў ЛМС-901 «Байкал» і ТВРС-44 «Ладага».

Глядзіце таксама

У Расіі сапраўды плануецца замяніць самалётамі «Байкал» старыя Ан-2, аднак пасажыраў імі перавозіць, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. The «Insider» піша пра тое, што «Байкал» патрэбен наогул толькі для справаздачнасці, а па факце ў Расіі няма рухавікоў для імпартазамяшчэння (а замежныя з-за санкцый у дэфіцыце). Да таго ж, на думку віцэ-прэм'ера РФ Юрыя Трутнева, сабекошт самалёта можа зрабіць нявыгаднай яго эксплуатацыю. Шэраг расійскіх авіякампаній вымушаны тым часам падаўжаць тэрміны эксплуатацыі пасажырскіх Ан-24 і Ан-26 паўвекавой даўнасці з-за адсутнасці новых бартоў.

У снежні Уладзімір Пуцін заявіў, што да 2030 года расійская прамысловасць выпусціць больш за тысячу самалётаў. Пазней прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін на нарадзе з віцэ-прэм'ерамі паменшыў гэтую лічбу да 600. Рэальна ж у 2023 годзе Расія змагла выпусціць толькі два вялікія цывільныя самалёты.

Глядзіце таксама