Палёт над гняздом імпартазамяшчэння на «кукурузніку»
Палёты на «кукурузніках» Ан-2 у РФ могуць быць спынены. СМІ тлумачыць, што расійскія авіякампаніі, якія эксплуатуюць самалёты, сутыкнуліся з дэфіцытам запчастак праз адмову еўрапейскіх пастаўшчыкоў супрацоўнічаць з Расіяй. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы.
Вось такую навіну прынёс інтэрнэт. Адна справа, калі ў расійскага авіяхіта — сярэднемагістральнага пасажырскага самалёта Sukhoi Superjet 100 — узнікаюць праблемы ў сувязі з адмовай кампаніі «Rolls-Royce» пастаўляць рухавікі, і зусім іншая, калі складанасці з забеспячэннем айчыннымі запчасткамі паўстаюць у «кукурузніка», які ўпершыню падняўся ў неба 31 жніўня 1947 года!
А як жа кааперацыя ў межах Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, ШАС, БРІКС, АСЕАН?
З кааперацыяй праблем няма, як няма і праблем з ухваленнем дзейнасці нацыянальнага лідара. У траўні яе ўхвалялі 81% расіян (калі верыць «Лявада-Цэнтру»).
Такі высокі працэнт — паказчык згуртаванасці грамадства. А ці можа быць нешта важнейшым за яе ва ўмовах чарговага выкліку ўсходнеславянскай цывілізацыі з боку англасаксонскага свету? Што да такой праблемы, дык тут сумнявацца не выпадае. Цытую паводле першакрыніцы:
«Як бы нам ні хацелася, як бы мы шчокі ні надзімалі, што мы вось такія-сякія... Так, мы такія, мы асаблівыя, мы незалежныя, у нас ёсць свае планы, свае думкі і іншае. Але гэта агульная наша цывілізацыя. Усходнеславянская ва ўмовах чарговага выкліку цывілізацыя. Чаму нам трэба спакойна глядзець, як нас павінны зламаць? І са знешняга боку, і з унутранага. Таму гэта вялікая задача, якую мы павінны вырашаць» (27.06.2023).
Забеспячэнне «кукурузнікаў» запчасткамі — толькі фрагмент гэтай вялікай задачы, і яна будзе паспяхова вырашана. Грошы за запчасткі Расія гатовая плаціць. Чаго-чаго, а грошай у Расіі хапае, і яна шчодра імі дзеліцца не толькі з калегамі па інтэграцыйных аб’яднаннях, але і з недружалюбнымі краінамі. Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Банкам Расіі, з пачатку СВА (так званай расійскай «Спецаперацыі») за пяць кварталаў патрыёты вывелі з краіны 160 мільярдаў долараў — выбітнае дасягненне, калі ўлічыць, што з трэцяга квартала 2014 года па чацвёрты квартал 2021 года, гэта значыць за 30 кварталаў, было выведзена ўсяго толькі 50 мільярдаў долараў.
Дэдаларызацыя на маршы! Не ў апошнюю чаргу дзякуючы ёй курс «зялёнага» смела перасягнуў адзнаку ў 90 паўнаважкіх расійскіх рублёў. За імі пацягнуўся і іх «малодшы брат» — беларускі рубель: не пакідаць жа бліжэйшага сваячка ў бядзе! У студзені за долар давалі 2,64 рубля, а з другой паловы чэрвеня да 3 рублёў ужо патрэбна дадаваць капейкі, прычым з кожным днём усё больш.
Каму яна перашкодзіла?
«Суверэнітэт, — як нам патлумачылі 6 ліпеня, — гэта ўлада ў межах пэўнай дзяржавы». Але хто, акрамя нашых уладных структур, ажыццяўляе ўладу ў Беларусі? Ніхто. Ці азначае гэта, што праблем з суверэнітэтам у нас няма і не прадбачыцца?
На жаль, не ўсё так адназначна. Вернемся да курсу долара, які паплыў уверх. Гэта адбылося з ім дзякуючы ці насуперак намаганням нашых уладных структур?
Нешта мне падказвае, што насуперак, прычым не ў першы і нават не ў сто першы раз. Гісторыя беларускай нацыянальнай валюты, калі хто падзабыў, не ў апошнюю чаргу ёсць гісторыяй яе дэнамінацый. Для аматараў інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» прапаную пытанне: «Колькі ў Беларусі было дэнамінацый і колькі нулёў кожны раз губляў рубель?».
У самым шырокім сэнсе ўлада — гэта магчымасць / здольнасць аказваць уздзеянне на каго-небудзь ці на што-небудзь. Аднак з гэтага ніякім чынам не вынікае, што калі ўлада пачынае аказваць уздзеянне, яна даможацца выніку, які першапачаткова запланавала. Дастаткова прыгадаць гісторыю з будаўніцтвам камунізму. У 1920 годзе да яго было рукой падаць, заставалася нейкіх 10–20 гадоў — гэта як сем вёрстаў, якія, як кажуць, сабаку не адлегласць.
Аднак жа з надыходам камунізму неяк не склалася, дый з заняпадам капіталізму не ўсё да канца зразумела. Тым не менш новая перспектыва праглядаецца:
«Калі казаць вельмі мякка, што нас чакае: абсалютна ў гэтым перакананы — сыход у нябыт аднапалярнай сістэмы. З’яўляецца шматпалярнасць. І гэты працэс ужо не спыніць. Не спыніць ні мірным, ні ваенным шляхам. Калі з’яўляецца сапраўдны парадак, заснаваны на шматпалярнасці, то гэта зусім іншая канфігурацыя, што забяспечыць сур’ёзную ўстойлівасць нашай планеты, якая будзе абапірацца на шмат пунктаў апоры» (06.07.2022).
Ва ўмовах аднапалярнага свету праблем з запчасткамі для «кукурузнікаў» не назіралася, як не назіралася, дарэчы, і праблем з атрыманнем шэнгенскіх віз.
У гэтай сувязі прыгадваецца стары адэскі анекдот:
— Фіма, вы памятаеце, што да рэвалюцыі на Дзерыбасаўскай стаяла бочка з чорнай ікрой?
— Памятаю, вядома.
— Скажыце, а вы не памятаеце, каму яна перашкодзіла?
Нам — гэта каму?
Паводле французскага сацыёлага П’ера Бурдзье, «кампетэнцыя вымяраецца ў ліку іншага тонкасцю ўспрымання». Калі зыходзіць з гэтага вызначэння кампетэнцыі, то найбольшая колькасць спецыялістаў па пытаннях лібералізму сканцэнтравана ў нас сярод «залатых пёраў» беларускай журналістыкі.
Гэта для абывацеляў лібералізм — ён і ў Афрыцы лібералізм, а для схільных да рэфлексіі натур лібералізм — бывае і дыктатарскі, і згубны, і ашалелы, і разгульны, і вульгарны, і, зразумела, заходні — гэта значыць такі, што горшым ужо быць не можа.
Лібералізм ідзе ў адным пакеце з распустай, мярзотай і заходнепаклонствам — словам, усімі тымі мярзотамі, якімі спрабуюць нашпігаваць нашу моладзь тыя, для каго мы «небяспечныя аўтарытэтам, самастойнасцю і сілай беларускай дзяржавы. Урэшце, і гэта самае галоўнае — сваім прыкладам» (30.06.2023).
Зразумела, у заходнепаклоннікаў іншае ўяўленне пра лібералізм. Абмяжуюся варыянтам ад прафесійнага адваката, а паралельна — палітолага Уладзіміра Пастухова: «Лібералізм — гэта ў першую чаргу парадак, а ў другую — свабода. Таму што свабоды без парадку не існуе. Ліберальны парадак адрозніваецца ад іншых відаў парадку тым, што ён заснаваны на праве, а не на тым, што ён гуманны. Ліберальны парадак — не вельмі сімпатычная штука, часам ён бывае невыносны. Але ў гэтага несімпатычнага парадку ёсць адна перавага: грамадства, у якім ён існуе, цяжка падманам прымусіць ваяваць».
Ці патрэбны нам такі (ліберальны) парадак? І нам — гэта каму?