Арсень Сівіцкі: Неўзабаве Беларусь можа страціць індыйскі рынак
Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі распавёў «Филину» аб тым, з якімі цяжкасцямі афіцыйны Мінск можа сутыкнуцца ў Індыі.
— На сустрэчы з паслом Індыі Лукашэнка заявіў: «Я не скажу, што ўсё абсалютна ўрэгулявана, што ў нас няма ніякіх праблем,
але я спадзяюся, што праблемы, якія існуюць у нашых узаемаадносінах,
вырашальныя». Аб якіх праблемах можа ісці гаворка і наколькі яны сапраўды
вырашальныя?
— Гаворка ідзе аб праблемах, якія ўзніклі ў сувязі заходнімі
сектаральнымі санкцыямі і лагістычнай блакадай Беларусі. Яны прывялі да
немагчымасці працягваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ў нармальным
рэжыме.
Усё гэта вядзе да таго, што экспарт прадукцыі ў Індыю
практычна заблакаваны з-за лагістычных і фінансавых праблем. Нават схема
разлікаў у нацыянальных валютах дае збой па ўжо заключаных кантрактах з-за
заходніх фінансавых санкцый.
Пры гэтым Індыя не далучылася да санкцыйных рэжымаў супраць
Расіі і Беларусі. Індыйскі бок дамогся негалоснага дазволу ад ЗША на працяг
эканамічнага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй.
Яно заклікана ўзмацніць Індыю ў рэгіянальным супрацьстаянні
з Кітаем, таму Вашынгтон глядзіць на працяг такога супрацоўніцтва спакойна.
Аднак у той час, як Індыя атрымлівае такія негалосныя
выключэнні для працы з Расіяй, для Беларусі яны не прадугледжаныя. Гэта добра
відаць па сітуацыі з пастаўкамі калійных угнаенняў, для якіх расійскія кампаніі
атрымалі паслабленні з боку ЗША.
У гэтых умовах Індыі прасцей весці справы з Расіяй, чым з
Беларуссю. Ёсць і прэтэнзіі да якасці пастаўленай у Індыю беларускай прадукцыі
машынабудавання.
Таму не выключана, што ў хуткім часе Беларусь можа страціць
індыйскі рынак, а яе доля будзе перахопленая расійскімі канкурэнтамі.
Да таго ж Індыя не супраць скарыстацца складаным
знешнепалітычным становішчам Расіі і Беларусі, настойваючы на сур'ёзных
саступках і зніжках пры пастаўках прадукцыі з гэтых краін.
— Як у цэлым можна ахарактарызаваць сённяшнія адносіны
Беларусі з Індыяй? Паводле слоў Лукашэнкі, гэта наш найважнейшы партнёр у Азіі.
Ці так гэта?
— Думаю, гэта заяву трэба разглядаць як праяву дыпламатычнага этыкету. Мінск традыцыйна называе дзяржавы Інда-Ціхаакіянскага
рэгіёна найважнейшымі і стратэгічнымі партнёрамі. Асабліва тыя, якія ніколі не
канфліктавалі з Беларуссю.
Акрамя таго, Індыя заўсёды выступала важным рынкам збыту для
калійных угнаенняў (на яе долю прыпадала 13% экспартных паставак «Беларуськалія»), прадукцыі машынабудавання і нафтахімічнай
прамысловасці.
Тавараабарот з гэтай краінай на працягу апошніх трох гадоў
перавышаў 550 млн долараў са стабільна растучым гандлёвым прафіцытам.
Беларускі экспарт складаў 380-400 млн долараў.
Аднак у параўнанні з расійска-індыйскімі адносінамі, якія
маюць статус «асабліва прывілеяванага стратэгічнага партнёрства», казаць пра
раўназначны характар стасункаў паміж Мінскам і Дэлі не выпадае.
Адносіны зводзяцца пераважна да гандлёва-эканамічных
аперацый без значных інвестыцыйных праектаў і трансферу тэхналогій.
Аднак страта індыйскага рынку ва ўмовах росту санкцыйнага
ціску з боку Захаду яшчэ больш пагоршыць сітуацыю з пераарыентацыяй знешняга
гандлю Беларусі на краіны так званай далёкай дугі.