Сяргей Будкін: Калі б сілавікі выхоўваліся на творах Арлова і на музыцы Вольскага, то гэтага жаху не было б
Імя Сяргея Будкіна знаёмае кожнаму, хто цікавіцца незалежнай беларускай культурай. На працягу 18 гадоў аўтар праекта «Тузін гітоў» знаёміў беларусаў з творамі нашых суайчыннікаў, якімі варта ганарыцца, пакуль па БТ круцілі даўно знаёмых і не надта таленавітых таварышаў. 2020 год у той ці іншай ступені змяніў жыццё кожнага беларуса, і мой суразмоўца не стаў выключэннем.
Сёння Сяргей Будкін вымушана знаходзіцца па-за межамі роднай краіны і ўзначальвае Беларускую Раду Культуры. Мы паразмаўлялі з Сяргеем пра лёс беларускай культуры і пра тое, чаго атрымалася дасягнуць за год на пасадзе кіраўніка Рады.
— Сяргей, нядаўна пайшоў з жыцця спадар Філімонаў — ваш сябар, аўтар праграмы «Відзьмо-Невідзьмо», чалавек, які значна паўплываў на музычны і эстэтычны густ беларусаў. А каго б вы яшчэ паставілі ў шэраг людзей, што зрабілі падобны ўнёсак у развіццё нашай культурнай свядомасці?
— Такіх людзей шмат. Найперш адзначу тых, хто паўплываў асабіста на мяне: Максім Жбанкоў, Міхал Анемпадыстаў, Адам Глобус, нашаніўская супольнасць — тыя, хто адраджалі «НН» у дзевяностых — Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, Ігар Бабкоў… Спіс гэты можна доўжыць. У беларусаў хапае тых, хто выхоўвае нацыянальны густ.
— А хто, на вашую думку, наадварот вінаваты ў тым, што дурны музычны густ так распаўсюджаны? Ці ёсць канкрэтныя персаналіі?
— Складана прызначыць вінаватага. Гэта комплексная праблема, завязаная на атачэнні, выхаванні, адукацыі… Проста нехта лянуецца і спажывае тое, да чаго лёгка дакрануцца, а хтосьці не шкадуе высілкаў, каб капнуць глыбока. Каб дацягнуцца да добрай музыкі, фільмаў, кніг, варта зрабіць пэўныя намаганні.
— Вы прысвяцілі беларускай андэграўнд-сцэне значную частку свайго жыцця. Чаму для вас так істотна распаўсюджваць менавіта беларускае, і што такога асаблівага ёсць у нашых музыках, што вас прываблівае?
— Варта адзначыць, што я не пазіцыяную сябе як музычнага крытыка. Проста калісьці музыка стала выдатным інструментам, каб паспрабаваць вырашыць праблему з тым, што беларуская мова трактуецца шмат кім як надуманая, непатрэбная, як мова, з якой нельга нічога вартага стварыць, якая не зацікавіць публіку… І каб абвергнуць падобнае меркаванне, прыйшла ідэя зрабіць гіт-парад беларускамоўных песень. Потым гіт-парад ператварыўся ў вялікі праект «Тузін гітоў», які існаваў 18 гадоў. Зараз ужо мы працуем на іншым узроўні як Беларуская Рада Культуры і выкарыстоўваем розныя інструменты для данясення простай і зразумелай думкі, што без культуры фактычна няма і народа.
Усе трагічныя падзеі, якія з намі здарыліся і працягваюць здарацца, можна было прадухіліць, калі весці добрую, сур’ёзную працу ў полі культуры. Вось, скажам, калі б сілавікі выхоўваліся на творах Арлова, на музыцы Вольскага, то мы б не ўбачылі б тое, што бачым ужо на працягу многіх месяцаў.
— Пасля падзей 2020 года падаецца, што ў беларускай нацыянальнай культуры, асабліва беларускай музыкі, з’явіўся шанец стаць народнай, нарэшце выйсці з андэграўнду, а раней, ёсць адчуванне, што такога шанца ўвогуле быць не магло. Людзі проста не ведалі беларускіх музыкаў, акрамя тых, каго круцілі па ТБ. Як у тыя часы вы захоўвалі веру ў беларускую музыку?
— Тут трэба разумець, што беларуская незалежная культура, у тым ліку музыка, пачынаючы як мінімум з дзевяноста пятага года, развівалася насуперак. І можна толькі ўявіць, які магутны патэнцыял ёсць у нашых людзей, наколькі моцная іх вера ў тое, што яны робяць правільную, годную справу, наколькі важная іх творчасць, калі нават ва ўмовах перашкодаў, забаронаў, адсутнасці поля для выказванняў яна працягвае існаваць. У 2015 годзе «Тузін» зрабіў маштабнае апытанне каля 100 экспертаў, каб вылучыць 100 найлепшых беларускіх песень. І на другім месцы была песня «Тры чарапахі» гурта «N.R.M.», які цягам усёй творчай дзейнасці быў непажаданым для дзяржаўных ідэолагаў і развіваўся сам па сабе. Гурт «N.R.M.» таго часу — сымбаль нескаронасці беларускай культуры. Усё роўна іх творчасць прарвалася да людзей і ўсе ведаюць гэтую песню. Іншая справа, што такіх песень магло быць нашмат больш.
— Дарэчы, вялікі дзякуй вам за гэты праект — «Сто беларускіх песень». Асабіста мне ён калісьці вельмі дапамог азнаёміцца з вялізным пластам беларускамоўнай музыкі.
— Няма за што. Зараз я сутыкаюся з тым, што новае пакаленне беларусаў ужо не ведае, што, напрыклад, гурты «Мумій Троль», «Zdob-Si-Zdub», «Воплі Відаплясава», а таксама Андрэй Макарэвіч спявалі па-беларуску. Праблема сучаснай беларускай культуры ў адсутнасці пераемнасці. Пра тое, што стваралі папярэднікі, іх наступнікі могуць не ведаць. Шкада, што нітка абрываецца. І потым, у 2020 годзе з’яўляюцца людзі, якія кажуць: тое, што вы зрабілі, нам не цікава, і наогул вы лузеры, таму што ў свой час не перамаглі. Такая рыторыка была па вясне мінулага года.
— А чыя была рыторыка? Хто так выказваўся?
— Так званая новая апазіцыя. Людзі, якія штосьці зразумелі толькі ў дваццатым годзе. Па назіраннях, беларусы, на жаль, мала зацікаўленыя ў вывучэнні папярэдняга досведу, у звароце да падзеяў мінулага.
— Як вы лічыце, беларускія музыкі старой хвалі — Вайцюшкевіч, Хаменка, Памідораў і іншыя — значна паўплывалі на рэвалюцыйныя падзеі 2020 года?
— І згаданыя людзі, і ў прынцыпе тыя людзі, якія стаялі ля вытокаў беларускай незалежнай музыкі, свае словы сказалі. І яны не абавязаны гэтыя словы паўтараць і паўтараць, пакуль прыходзяць новыя людзі, таму што гэта людзям варта звяртацца да іх напрацовак, песень, падымаць гэты пласт і натхняцца. А патрабаваць ад музыкаў ствараць новыя рэвалюцыйныя гімны, як мінімум, непаважліва. Таму што ў кожнага чалавека ёсць свой рэсурс, яны не павінны малаціць у рэжыме робатаў.
— Але, як вам падаецца, чаму многія зноў жа са старой хвалі — «ULIS», Кася Камоцкая («Новае Неба»), Вераніка Круглова («Крыві») і іншыя — у адказны момант так прыціхлі?
— Час ідзе, людзі змяняюцца… І гэта нармальны працэс, калі замест адных людзей прыходзяць іншыя, калі замест умоўнага «ULIS» прыйшоў гурт «TOR BAND», падабаецца камусьці гэта ці не. Гэта натуральна, таму я не думаю, што ёсць праблема.
Нядаўна мне пажадалася рэпоснуць пост Касі Камоцкай, якая, у сваю чаргу, перапосціла відэа, дзе Маргарыта Ляўчук спявае песню Касі на словы Анатоля Сыса «Залатыя краты». У такіх прыкладах і адчуваецца пераемнасць, хаця і песня сумная, і нагода сумная, і лёс Сыса сумны… Усё гэта вельмі сумна, але выдатна, што людзі падхопліваюць тыя песні, актуалізуюць іх для новага часу і такім чынам музыка прарастае, набывае новыя сэнсы… Калі падобных прыкладаў будзе больш, тады ўсё запрацуе, як мае быць. Тады наша культурнае поле будзе насычаным, тады там будуць створаныя ўзаемасувязі, якія дазволяць нашай культуры рухацца наперад.
— Каго з музыкаў, якіх нарадзіла ці падсвятліла рэвалюцыя 2020, вы лічыце выбітнымі?
— Гэта будзе бачна з адлегласці. Створана вельмі шмат, але я са здзіўленнем гляжу на некаторыя прыклады, калі з боку музыкаў было моцнае выказванне, а потым яно кудысьці знікла. У гурта «NEMIGA» быў моцны эмацыйны кліп «Самый белый цветок». Яны выпусцілі кліп, зняты на першых маршах. Песня вельмі кранальная, яна выдатна паклалася на настрой таго часу. Да таго ж гэты гурт мусіў выступаць 8 жніўня 2020 года на пляцоўцы ля Палаца Спорту ў падтрымку рэжыму (тады ў розных абласных гарадах планаваліся канцэрты, але былі адмененыя пасля таго, як іх патэнцыйных удзельнікаў закідалі просьбамі не выступаць там). І парадаксальна, што літаральна праз тыдзень тыя самыя патэнцыйныя ўдзельнікі здымаюць кліп на песню з радком «на вашае вогнішча мой народ адказвае толькі кветкамі». Зараз тую песню ўжо не знойдзеце, аўтары яе выдалілі. Вельмі прыкра назіраць за тым, як некаторыя музыкі зачышчаюць свае ж кліпы і песні, як радыёвядоўцы каюцца ў тым, што яны пісалі і казалі ўлетку 2020 года. Я разумею, што пануе атмасфера страху, што за любое выказванне можна сесці, атрымаць вялікі тэрмін... Усё гэта вытлумачальна, але вельмі сумна.
— Як вы лічыце, ці жывы беларускі рок і хто зараз галоўны яго прадстаўнік?
— Я не вылучаю з музыкі нейкі галоўны для сябе стыль. Мне ўвогуле хочацца, каб на беларускай мове было больш электроннай музыкі. Мне падаецца, рок быў актуальным раней, але зараз яго час сышоў. Да таго ж, што лічыць рок-музыкай? Гэта дыскусійнае пытанне — якія тэгі ставіць на тую ці іншую музыку. Мне падаецца, што калі творца цікавы, пратэгаць яго творчасць нейкім канкрэтным стылем немагчыма.
— Калі б вас папрасілі вылучыць з шэрагу беларускіх музыкаў аднаго чалавека альбо адзін гурт, чыя творчасць адлюстроўвае маральны настрой беларусаў у апошні год, — хто б гэта быў?
— Я разумею, што гэта спецыфіка маёй працы — каб прыцягнуць увагу, трэба выдаваць людзям інфармацыю ў выглядзе падборак і топаў. Але гэта немінуючы вядзе да крыўдаў, прылятае адразу: чаму гэтага няма, чаму таго няма… Я ў прынцыпе схільны разглядаць любую сітуацыю ў комплексе. Таму вызначаць самае-самае трэба па колькасці праслухоўванняў ці паводле апытання нейкай групы людзей. Вось, напрыклад, зрабіць апытанне ста шахцёраў і такім чынам вызначыць улюбёную песню шахцёраў.
Для мяне ўсё залежыць ад настрою. Але, напэўна, безумоўны гімн рэвалюцыйных падзеяў і песня, з якой будзе асэнсавацца наш час — «Правілы» гурта «Nizkiz».
— Сяргей, апошнім годам вы займаецеся кіраваннем Беларускай Рады Культуры. Распавядзіце, якія асноўныя мэты ставіць перад сабой Рада і ў чым непасрэдна заключаецца вашая праца ў якасці яе кіраўніка?
— Патрэба стварыць падобную структуру ўзнікла ўвосень мінулага года, калі амаль адначасова ўзніклі фонды спартовай, медыцынскай салідарнасці… На той час наша дзейнасць разглядалася як місія — такая выратавальная каманда, якая працуе тут і цяпер, каб захаваць рэсурсы беларускага грамадства ў сферы культуры, каб наладзіць хуткую дапамогу, а потым вярнуцца дамоў, да ранейшага жыцця. Але сітуацыя зацягнулася, стала зразумела, што працэс зменаў значна даўжэйшы, чым былі спадзевы, і з’явілася шмат ідэяў наконт таго, як наладзіць працэс абмеркавання рэформаў культуры, правілаў, па якіх нам далей жыць. І мы пачалі распрацоўваць праграмы таго, як наладзіць падтрымку, але ўжо не хуткую, заснаваную на данатах, а доўгатэрміновую.
Да таго ж вялікая праблема была ў тым, што творцы ў пэўны момант увогуле перасталі выказвацца. Была распаўсюджаная думка, што зараз не да песень, не да выставаў, канцэртаў, тэатраў… Але пры гэтым людзі маюць, што сказаць, і іх выказванне можа рэальна дапамагчы асэнсаваць сітуацыю, кагосьці натхніць, матываваць. Таму мы шмат высілкаў прысвяцілі таму, каб данесці і да саміх творцаў, што іх голас істотны, патрэбны.
То-бок, адна з нашых асноўных мэтаў — стварэнне спрыяльнага, творчага клімату ў, мякка кажучы, неспрыяльных умовах. Мы працуем з культурнай палітыкай, выпрацоўваем механізмы ўплыву на працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, менавіта праз культуру. Мы назіраем, маніторым, аналізуем культурную сферу і тое, што ў ёй адбываецца, каб сфармуляваць канкрэтныя запыты і патрэбы, і прапанаваць шляхі рэалізацыі гэтых грамадскіх запытаў.
Беларуская Рада Культуры займаецца і лабіяваннем. Лепшы прыклад — міжнародны Тыдзень Беларускай Культуры, які мы ініцыявалі разам з Офісам Святланы Ціханоўскай і з дыяспарамі. Спадзяюся, гэты Тыдзень стане штогадовай падзеяй для ўсіх беларусаў. Яшчэ мы правялі кампанію па Еўрабачанні, у выніку якой БТ было выключана з Еўрапейскага вяшчальнага саюза.
На сёння можна вылучыць тры асноўныя лініі далейшага развіцця нашай структуры: Рада як рэсурсны цэнтр, які працуе на захаванне і назапашванне рэсурсаў (людзей, ведаў, фінансаў); Рада як Культурніцкі Сойм (стварэнне камунікацыйнай пляцоўкі, на якой творцы маглі б выказваць свае ідэі, прапановы, рэальна ўплываць на дзяржаўную палітыку ў сферы культуры); Рада як інстытут. Гэты кірунак пакуль у распрацоўцы, але мы б вельмі жадалі стварыць мадэль структуры, падобнай на Польскі, Дацкі, Шведскі інстытуты.
— Ці вы задаволеныя вынікамі года працы Рады, ці ўсё атрымалася рэалізаваць?
— Галоўная для мяне лічба — 400. Гэта колькасць кейсаў дапамогі (падтрымка, спрыянне, аказанае аднаму чалавеку ці групе людзей — музычнаму гурту, творчай суполцы). Гэта тыя, хто так ці інакш атрымаў ад нас рэакцыю ў выглядзе альбо хуткай фінансавай дапамогі (вельмі шмат зваротаў з аплатай штрафаў, нават з нейкімі побытавымі рэчамі), альбо псіхалагічнай, праектнай (творчай) падтрымкі.
Шмат даводзіцца працаваць з рэлакацыяй. Мы спрабуем як толькі можам падтрымаць людзей, якія не ведаюць, што ім далей рабіць. Кагосьці ўдаецца працаўладкоўваць, калі чалавек прафесійны і можа ўпісацца ў нейкі калектыў ці ў структуру, блізкую да творчай сферы, каб не ісці ў таксісты ці ў будаўнікі. На жаль, ёсць і такія прыклады, калі чалавек не можа ўбудавацца ў іншае грамадства — там іншыя патрабаванні, іншы канкурэнтны асяродак, часам проста не хапае кампетэнцыі. Таму адна з мэтаў, якія мы ставім перад сабой — распрацоўка адукацыйных праграмаў, каб людзі мелі магчымасць творчых стажыровак, удзелу ў міжнародных творчых калабарацыях.
Я задаволены , што атрымалася дапамагчы такой колькасці людзей, і мы не збаўляем абароты.
— Хто вашыя паплечнікі ў справе адраджэння беларускай культуры?
— У Беларускай Радзе Культуры ёсць так званы «борд» — людзі, якія вызначаюць канкрэтныя пытанні, кірункі працы. Гэта вельмі аўтарытэтны склад, але я не магу называць людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, а гэта значная частка. Мы не эмігранцкая структура, як можа падавацца. Праблема ўспрымання Рады ў тым, што мы можам паказваць толькі некаторыя твары — выканаўчага дырэктара Аляксандра Чахоўскага, Мікалая Халезіна, які далучыўся да нас, каб працаваць над стратэгічным развіццём, знешніх дарадцаў — напрыклад, Арцемія Троіцкага, які вельмі тонка адчувае беларускую сітуацыю. А знакавых у сваіх сферах людзей, якія застаюцца ў Беларусі, назваць не магу. Сама Рада складаецца з 15 чалавек, усяго ў нашай камандзе — 28, а яшчэ ёсць вялікае кола партнёраў.
— Год таму вы казалі: «Няма ніякага сумніву ў тым, што мы пераможам». Ці атрымалася захаваць гэты настрой і на сёння, і калі так, што яго падмацоўвае?
— Настрой абсалютна такі ж. Калі не верыць у гэта, ува што тады верыць? Любое маё дзеянне скіраванае на тое, каб наблізіць момант перамогі. Калі кожны будзе жыць з такім падыходам, тады аб’яднанне ўсіх нашых высілкаў і дасць адпаведны вынік.
Калі вы проста не вешаеце нос — гэта таксама набліжае нас да перамогі, таму што агульны настрой складаецца з настрояў асобных людзей. Я разумею, што гэта вельмі складана. Я ў бяспецы, але я вымушаны тут быць, каб весці справы, каб працаваў механізм, які мы выбудавалі на карысць беларусам. Але я кожны дзень на сувязі з Беларуссю, я плачу за беларускі нумар, жыву па беларускім часе і думаю пра канкрэтныя беларускія праблемы. Зразумела, што настрой у маёй роднай краіне не вельмі добры, таму я заклікаю, наколькі гэта магчыма, знаходзіць сілы, каб верыць у лепшае. Ясна, што раскідвацца фразамі пра тое, што перамога будзе заўтра — глупа, але пры гэтым верыць у тое, што перамога будзе заўтра, захоўваць гэтую наладку ўнутры сябе — вельмі істотна.