ЗША. У Нью-Джэрсі знайшлі яшчэ 5 самаробных бомбаў
Бомбы былі знойдзеныя на другі дзень пасля выбуху на Манхэтане, пры якім пацярпелі 29 чалавек.
Паліцыя выявіла каля вакзала ў горадзе Элізабэт ў штаце Нью-Джэрсі заплечнік з пяццю самаробнымі выбуховымі прыладамі, паведамляе ВВС.
Адна з самаробных бомбаў спрацавала пры спробе яе абясшкодзіць. Сапёры выкарыстоўвалі дыстанцыйна кіраванага робата, так што ахвяр і пацярпелых не было. Выбух адбыўся ў момант, калі робат паспрабаваў перарэзаць адзін з дратоў.
Мэр горада Крысціян Балуэйдж сказаў рэпарцёрам, што падазроны заплечнік ляжаў побач са сметніцай паміж вакзалам і барам. Ён не выключае, што ўладальнік заплечніка нёс бомбы ў іншае месца і проста вырашыў пазбавіцца ад іх, убачыўшы паліцыю.Па словах Балуэйджа, у выпадку, калі б усе пяць бомбаў адначасова падарваліся ў людным месцы, колькасць ахвяр была б вельмі высокай.
Тэлеканал NBC сцвярджае, што знойдзеныя бомбы аналагічныя той, якая выбухнула на Манхэтане, але афіцыйна гэта не пацверджана.
Нагадаем, у суботу, 17 верасня, на Манхэтане спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаванне, начыненае паражальнымі элементамі. У выніку выбуху пацярпелі 29 чалавек, загінулых не было. Яшчэ адну такую ж бомбу ў той жа дзень знайшлі і абясшкодзілі ў некалькіх кварталах ад месца першага выбуху.
Бомбы былі зробленыя са скараварак, а ў якасці дэтанатараў выкарыстоўваліся мабільныя тэлефоны. Паводле дадзеных паліцыі, бомбы былі ідэнтычныя тым, што спрацавалі на Бостанскім марафоне ў 2013 годзе. Тады загінулі тры чалавекі, яшчэ 260 былі параненыя.
Адзін з меркаваных арганізатараў бостанскага выбуху, Тамерлан Царнаеў, загінуў у перастрэлцы з паліцыяй. Яго брат і меркаваны саўдзельнік Джахар Царнаеў быў затрыманы і прыгавораны да смяротнага пакарання, аднак у выкананне прысуд не прыведзены.