Замежныя СМІ пра Беларусь: 10 мая — 17 мая

Мясцовыя назіральнікі не выключаюць, што ўплыў на адносіны Мінска і Брусэля будуць мець дзве заявы. Першая — пра размяшчэнне ў краіне расійскіх авіяцыйных ваенных баз.



smi4.jpg

 Другая заява прагучала з вуснаў праўладнага аналітыка Юрыя Шаўцова: «Беларусь ужо валодае прыкладна 2,5 тоны ядзерных матэрыялаў, частка якіх мае высокую ступень узбагачэння, дастатковую, напрыклад, для хуткага вырабу «бруднай» атамнай бомбы».

Цяпер усё залежыць ад таго, як да сказанага паставяцца ў Брусэлі. Ці дазволяць беларускаму прэзідэнту выкарыстоўваць палітыку лавіравання паміж Еўропай і Расіяй, якая называецца ў экспертным асяроддзі палітыкай «арэляў». Ці спалохаюцца паглыблення ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі да той ступені, каб дараваць Лукашэнку «маленькія» дыктатарскія замашкі?

«Независимая газета» (Расія)
 

Нягледзячы на прамовы расійскіх дыпламатаў пра ўзаемавыгаднае міждзяржаўнае супрацоўніцтва, час ад часу за ўсходняй мяжой Латвіі нацэльваюцца ў наш бок і бразгаюць зброяй. У ходзе ваенных вучэнняў абкатваюцца сцэнары, у адпаведнасці з якімі краіны Балтыі знаходзяцца ў статусе ворагаў Расіі. Рыхтуюцца наступныя вучэнні Захад–2013, у якіх у верасні гэтага года прымуць удзел Расія і Беларусь. Для Латвіі цяпер няма наўпроставай ваеннай пагрозы, але мы не можам рабіць выгляд, што не заўважаем павелічэння ваеннай прысутнасці Расіі каля нашых межаў і ў нашых суседзяў — беларусаў.

«IR» (Латвія)

Простага вырашэння праблем Беларусі няма. Мясцовыя прадпрыемствы могуць змагацца з затаваранасцю складаў двума спосабамі. Першы — адправіць рабочых у неаплатны адпачынак на некалькі тыдняў і нават месяцаў. Аднак у Мінску лічаць гэты варыянт не магчымым палітычна: улада прэзідэнта Лукашэнкі трымаецца на грамадскім кансэнсусе, маецца на ўвазе занятасць, блізкая да поўнай. Другі варыянт — прадпрыемствы будуць вымушаныя знізіць цэны на свае тавары, каб прадаць іх і выратаваць хоць бы частку абаротнага капіталу. Гэта прывядзе да сур’ёзных фінансавых страт у прамысловасці.

«Rytall» (Расія)

Ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці і праблем з плацежаздольнасцю сваіх грамадзян беларускія ўлады робяць усё магчымае для таго, каб на ўнутраны рынак не траплялі імпартныя тавары, а людзі куплялі сваё, беларускае. Гэта, увогуле, традыцыйная практыка для афіцыйнага Мінска: кожны раз, калі на беларускім рынку з’яўляецца тавар, з якім не могуць канкураваць мясцовыя вытворцы, улады дапамагаюць «сваім» пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу. Да нядаўніх часоў гэта, зрэшты, мала каго цікавіла, але цяпер Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Мытнага саюза, сяброўства ў якім мае на ўвазе амаль поўную адсутнасць пратэкцыянісцкіх мер. Афіцыйны Мінск, аднак, ігнаруе патрабаванні, што стала вельмі злаваць расійскіх вытворцаў.

«Эксперт» (Казахстан)
 

Беларускі афіцыёз імкнецца старанна заціраць нават намёкі на тое, што справы з пераўзбраеннем войскаў ідуць дрэнна. Службовыя асобы «пакідаюць на сумленні нядобрасумленных крытыкаў іх відавочную некампетэнтнасць, калі яны, мякка кажучы, робяць скептычныя заключэння аб магчымасцях сістэмы забеспячэння ваеннай бяспекі нашай краіны» (словы міністра абароны РБ генерал-лейтэнанта Юрыя Жадобіна). Дзяржаўная прапаганда працуе ў духу даволі вядомай вадэвільнай песенькі, у якой «все хорошо, все хорошо». Калі Расія на працягу шэрагу гадоў рашуча не паспрыяе Беларусі ў пераўзбраенні яе войскаў, то апошнія, вобразна кажучы, будуць гатовыя ваяваць, як неандэртальцы супраць маманта.

«Военно-промышленый курьер» (Расія)