Замежная прэса пра Беларусь: 12–19 жніўня
Крэмль можа выкарыстаць (для атакі на Украіну) і тэрыторыю Беларусі. У Беларусі праходзяць ваенныя вучэнні. Ніхто не спытае Лукашэнку, калі палічаць патрэбным скарыстацца тэрыторыяй яго краіны для нападу.«Обозреватель» (Украіна)
Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, змяніўшы ліберала Шушкевіча, ён прапанаваў Расіі адзіную федэратыўную дзяржаву, адзіную банкаўскую сістэму і адзіны рубель. Нават пашпарты прапаноўвалася зрабіць адзінымі. Большага і ўявіць было немагчыма. Аднак расійскія лібералы вырашылі для сябе, што ім давядзецца дзяліцца барышамі і карміць слабую беларускую эканоміку, і зрабілі ўсё, каб як мага больш аддаліць Беларусь ад Расіі. Акрамя таго, праўду сказаць, баяліся яны — як і цяпер баяцца — магутнай постаці Лукашэнкі. З таго перыяду не былі рэалізаваны канстытуцыйна-прававыя пытанні арганізацыі Саюзнай дзяржавы. (...) Адсюль і, як часам здаецца, празмерная «самастойнасць» Бацькі.
Russland (Расія)
Сёння сярэдні заробак у Мінску (не беручы ў разлік усялякіх IT-шнікаў) складае каля 320–340 еўра. У іншых гарадах і таго менш. Крэдытныя стаўкі амаль паўсюль не ніжэй за 20–25% гадавых, а набыццё кватэр адбываецца праз чаргу і цяжкія пазыкі. Інфляцыя ў дзяржаве ўжо даўным-даўно скача ад 10–20% і вышэй, а чарговая дэнамінацыя беларускага рубля прымушае ўзгадаваць пра Зімбабвэ і Веймарскую рэспубліку. Для любога эканаміста, вывучанага ў лепшых традыцыях капіталістычнага мыслення, такі расклад азначаў бы толькі адно — краіне будзе «кірдзец». А ён усё не надыходзіць і не надыходзіць. Чаму? Таму што ў Беларусі іншая мадэль развіцця. У ёй па-ранейшаму нямала так званага саўковага шалупіння, але пры гэтым у мясцовага насельніцтва маецца вельмі здаровае стаўленне да працы і вытворчасці «свайго прадукту».
Grani (Латвія)
Ён (Лукашэнка) можа пакінуць пераемніка, але дзе гарантыі, што чыноўніцкая эліта не збярэцца і не з’ясі пераемніка? Такіх гарантый няма, бо пераемнік павінен валодаць харызмай Лукашэнкі. А такіх людзей сёння ў палітыцы рэспублікі няма і не прадбачыцца. Нават сярод сілавікоў. Справа ў тым, што цяперашнія беларускія сілавікі жывуць ужо ў выбудаванай Лукашэнкам палітычнай сістэме ўлады, яны за яе не змагаліся. Яны не разумеюць, што сілавыя структуры — гэта толькі інструмент. Таму што ёсць начынне праекта, нейкая сутнасць, пры ўсіх нюансах знешнепалітычнай эквілібрыстыкі апошніх пяці-васьмі гадоў. І ад гэтага сысці нельга. А вось якім начыннем будуць насычаць праект Беларусі пасля Лукашэнкі яго пераемнікі — гэта вялікае пытанне.
«Материк» (Расія)
Беларусам усё ж варта прыслухацца да некаторых рэкамендацый МВФ, бо існуючая камандна-адміністрацыйная сістэма, пры якой раней дзяржава, выкарыстоўваючы спрыяльную кан’юнктуру на нафтавым рынку, магла дазволіць сабе выдаваць неэфектыўным прадпрыемствам грошы з бюджэту і ўтрымліваць войска гультаёў, ужо практычна цалкам сябе вычарпала. І чым далей беларускія ўлады будуць адмаўляцца ад рэформаў, тым складаней будзе вывесці эканоміку краіны з цяперашняга крызісу. Асабліва ва ўмовах, калі партнёры Беларусі па ЕАЭС ужо канчаткова вырашылі перабудоўваць свае мадэлі развіцця, арыентуючыся не на велізарны дзяржаўны сектар, а на прыватны бізнес. Ці разумеюць гэта сёння ў Беларусі? Пытанне даволі спрэчнае, бо ў рэспубліцы палітычныя матывы ўсё яшчэ пераважаюць над эканамічнай мэтазгоднасцю.
«Ритмы Евразии» (Расія)