Наступ пачаўся, але заходнія чыноўнікі не чакаюць поўнага вызвалення акупаваных тэрыторый Украіны

Зяленскі сказаў, што ўкраінскае контрнаступленне пачалося: усе камандуючыя настроены пазітыўна, так Пуціну і перадайце.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Амерыканскія і еўрапейскія чыноўнікі лічаць малаверагодным поўнае вызваленне акупаваных тэрыторый Украіны ў ходзе контрнаступлення УСУ. Поспехам для Украіны стане вяртанне і ўтрыманне ключавых тэрыторый або нанясенне такога ўдару, які прымусіць Крэмль задумацца пра перспектывы вайны, піша The New York Times.

Крыніцы выдання ў амерыканскіх спецслужбах лічаць найбольш верагодным сцэнаром невялікія перамогі ўкраінскай арміі на пачатковым этапе наступу, напрыклад, вяртанне некаторых тэрыторый Данбаса і выцясненне Расіі з паўднёвага захаду Украіны. Сімвалічнай і стратэгічнай перамогай стала б вызваленне Запарожскай АЭС, адзначае газета.

Заходнія саюзнікі таксама кажуць, што для Украіны было б важным перарэзаць або звузіць наземны мост у Крым, які з'яўляецца асноўным маршрутам забеспячэння расійскіх войскаў.

Іншы патэнцыйны сцэнар контрнаступлення, на думку выведкі, палягае ў тым, што Расія зробіць памылку, напрыклад, размесціць войскі не ў тым месцы, і яны будуць недастаткова абароненыя, што дазволіць УСУ нанесці знішчальны ўдар.

Пры гэтым заходнія чыноўнікі асцерагаюцца таго, што контрнаступленне можа аказацца занадта паспяховым, што вымусіць Уладзіміра Пуціна пачаць масавую мабілізацыю насельніцтва.

Няўдачай будзе лічыцца, калі УСУ не змогуць захапіць ніводнага горада, і захаваецца дзейная лінія фронту.


Мінабароны РФ сцвярджае, што ўкраінская армія 4 чэрвеня пачала наступаць на адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей Украіны, але расійскія сілы, як сказаў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу, «сарвалі» наступ.

Таксама прыкметы распачатага контрнаступлення заўважылі ў краінах Захаду, пра што ў апошнія дні паведамілі вядучыя сусветныя медыя.

9 чэрвеня Уладзімір Пуцін заявіў, што ўкраінскае контрнаступленне пачалося, але УСУ не дасягнулі пастаўленых задач ні на адным з участкаў фронту. Улады Украіны кажуць аб наступальных аперацыях на некаторых напрамках, але афіцыйна ход поўнамаштабнага контрнаступлення не каментуюць.

Сёння, 10 чэрвеня, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўсе ўкраінскія камандуючыя настроены пазітыўна наконт контрнаступлення.


Зяленскі пра контрнаступленне: усе камандуючыя настроены пазітыўна, так Пуціну і перадайце

Зяленскі ў суботу на прэс-канферэнцыі ў Кіеве пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо, калі адказваў на пытанне аб ходзе контрнаступлення, адзначыў: «Я штодня на сувязі з нашымі камандуючымі розных напрамкаў – Сырскім, Тарнаўскім, Маскалёвым, Наевым, Залужным. Усе цяпер настроены пазітыўна. Так Пуціну і перадайце...

З майго пункту гледжання, контрнаступныя абаронныя дзеянні праходзяць ва Украіне. На якой стадыі — я не буду казаць дэталёва. І лічу, што мы будзем гэта адчуваць».

Зяленскі таксама падкрэсліў, што «не давяраў бы тэлеграм-каналам і Пуціну».

«Давяраць трэба нашым вайскоўцам», — сказаў ён.


Паводле meduza.io, www.pravda.com.ua