Вызваленне ЗАЭС: «Калі б аперацыя атрымалася, мы б распавядалі пра яе ўнукам»

У кастрычніку 600 украінскіх вайскоўцаў спрабавалі адбіць Запарожскую АЭС, але пацярпелі няўдачу, піша брытанская The Times.

Запарожкая атамная электрастанцыя. 11 верасня 2022 года. AFP / Scanpix / LETA

Запарожкая атамная электрастанцыя. 11 верасня 2022 года. AFP / Scanpix / LETA

У кастрычніку 2022 года элітныя ўкраінскія падраздзяленні здзейснілі спробу вызваліць Запарожскую атамную электрастанцыю (ЗАЭС), захопленую расійскімі войскамі падчас наступлення мінулай вясной.

Афіцыйна Кіеў не пацвярджае, што праводзіў такую аперацыю, аднак пра яе дэталі The Times распавялі вайскоўцы спецназа, выведкі і флоту, якія мелі дачыненне да правядзення атакі. Кантроль над ЗАЭС важны і стратэгічна — таму што ад яго залежыць ядзерная бяспека ўсяго рэгіёна, і тактычна — паколькі расійскія войскі, што замацаваліся на аб'екце, абстрэльваюць суседнія гарады і прамысловыя прадпрыемствы, якія застаюцца пад кантролем Украіны.

Адзін з удзельнікаў баёў сказаў карэспандэнту The Times, што калі б аперацыя завяршылася паспяхова, «ён мог бы распавядаць пра яе ўнукам».

Украінскія спецпадраздзяленні разлічвалі на тое, што расіяне не стануць прымяняць артылерыю з асцярогі непрадказальных наступстваў на атамным аб'екце. Усяго ў аперацыі, якая праводзілася позна ўначы, было задзейнічана каля 600 чалавек, усе ўжо былі загартаваныя ў баях. Аднак, са слоў суразмоўцаў The Times, ніхто не чакаў, што расійскія войскі акажуць такі масіраваны супраціў ужо на падыходзе, — яны пачалі абстрэльваць украінскія кацеры, калі тыя спрабавалі перасекчы Дняпро, на паўднёвым беразе якога размешчаная ЗАЭС.


Па ўсёй бачнасці, украінскі бок разлічваў, сярод іншага, што спроба абараняць станцыю акажацца такой жа хаатычнай, як і сама акупацыя. Паводле разведвальных даных, яна вызначалася раскаардынаванасцю ў дзеяннях розных падраздзяленняў.

Агнявую падтрымку ўкраінцам, якія перасякалі Дняпро, аказвалі ракеты, выпушчаныя з РСЗА HIMARS па цэлях на паўднёвым (падкантрольным РФ) беразе. На пытанне, ці давала амерыканская выведка інфармацыю пра гэтыя цэлі, крыніцы The Times перадалі, што паведамілі пэўныя «адчувальныя» звесткі, але адмовіліся ўдакладніць, якога кшталту.


Як толькі ўкраінскія катэры падышлі да процілеглага берага, расійскі агонь рэзка ўзмацніўся. У выніку толькі невялікая група спецназа на маленькіх катэрах змагла высадзіцца і навязаць акупантам бой на ўскраінах Энергадара, які непасрэдна прымыкае да ЗАЭС. Перастрэлка пачалася на досвітку і працягвалася каля трох гадзін. Астатнія ўкраінскія сілы спрабавалі выкарыстоўваць супрацьтанкавыя гарматы, але рабіць гэта, калі рухаліся на высокай хуткасці па вадзе, было амаль немагчыма.

У выніку камандзір аперацыі аддаў загад да адступлення, чым, на думку ўдзельнікаў, змог выратаваць мноства жыццяў. Цяпер, піша The Times, нават сярод украінскіх чыноўнікаў няма адзінага меркавання аб неабходнасці падобнага кшталту нападаў. У прыватнасці, дырэктар Украінскага манапаліста «Энергаатам» мяркуе, што УСУ трэба засяродзіцца на вялікім контрнаступленні і нават не спрабаваць весці ніякіх баявых дзеянняў каля АЭС, паколькі «любое пашкоджанне прывядзе да радыяцыйнага заражэння людзей і ўсяго свету».

Калі здарыцца аварыя на ЗАЭС, радыяцыйны пыл можа даляцець і да Беларусі. Як адзначаюць навукоўцы, у выпадку аварыі на Запарожскай атамнай электрастанцыі радыеактыўнае забруджанне перш за ўсё закране Украіну, але зачэпіць і суседнія дзяржавы: яно пагражае не толькі Кіеву, але і захопленым тэрыторыям Данбаса, усходняй частцы Беларусі, Польшчы і нават краінам Балтыі.

Паводле ВВС, Медузы