Вывяржэнне вулкана ў Новай Зеландыі: колькасць загінулых вырасла
Колькасць загінулых ад вывяржэння вулкана ў Новай Зеландыі вырасла да 15 чалавек. Ратавальнікі знайшлі яшчэ два целы. Паўнавартасныя выратавальныя працы пачаліся толькі ў пятніцу, 13 снежня, бо існавала пагроза паўторнага вывяржэння.
Мясцовыя ўлады кажуць пра не менш за 15 загінулых. Фота: cnn.com
У Новай Зеландыі ўлады паведамляюць пра не менш за 15 загінулых пры вывяржэнні вулкана. Пра гэта інфармуе CNN.
Ратавальнікі знайшлі яшчэ два целы, адно з іх было заўважана ў вадзе непадалёк ад узбярэжжа.
Улады здолелі распачаць паўнавартасную выратавальную аперацыю толькі ў пятніцу, бо раней існавала 50–60% верагоднасць паўторнага вывяржэння, таму накіроўваць ратавальнікаў было небяспечна.
На востраве ўсё яшчэ захоўваюцца хімічная і фізічная пагрозы, таму ратавальнікі носяць спецыяльныя ахоўныя касцюмы, што таксама ўскладняе пошукавую аперацыю.
Вывяржэнне вулкана на востраве Уайт-Айлэнд адбылося 9 снежня. Паводле паліцыі, у момант здарэння ў ваколіцах і на востраве знаходзіліся 47 чалавек.
Першапачаткова паведамлялася, што ахвярамі вывяржэння сталі восем чалавек, сем з якіх памерлі ў бальніцы. Яшчэ каля 30 пацярпелі.
Паводле korrespondent.net