Выведка ЗША: Расія ўмешвалася ў выбары ў 9 дэмакратычных краінах
Паводле даных амерыканскіх спецслужбаў, Крэмль і высокапастаўленыя расійскія ўрадавыя чыноўнікі «бачаць каштоўнасць у падобных аперацыях па аказанні ўплыву і лічаць іх эфектыўнымі».
Апублікаваныя ацэнкі
амерыканскай выведкі, паводле якіх Масква выкарыстоўвае шпіёнаў, сацыяльныя
сеткі і расійскія дзяржаўныя
СМІ для падрыву даверу грамадскасьці да дэмакратычных выбараў ва ўсім свеце.
«Гэта глабальны феномен, — гаворыцца ў дакуменце. — Наяўная ў нас інфармацыя кажа пра тое, што высокапастаўленыя расійскія ўрадавыя чыноўнікі, уключаючы Крэмль, бачаць каштоўнасць у падобных аперацыях па аказанні ўплыву і лічаць іх эфектыўнымі».
Да актывізацыі аперацый па аказанні ўплыву на выбары Расію падштурхнулі яе поспехі ў распаўсюдзе дэзінфармацыі аб выбарах у ЗША ў 2020 годзе і пандэміі COVID-19, паведаміў журналістам высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамента, які гутарыў на ўмовах ананімнасці.
«Поспех спараджае поспех, і мы вызначана разглядаем выбары ў ЗША як каталізатар», — сказаў чыноўнік.
Паводле яго слоў, гэтыя высновы амерыканскай разведкі былі накіраваны Дзярждэпартаментам у больш чым 100 пасольстваў ЗША ў Амерыцы, Еўропе, Азіі і Афрыцы для азнаямлення з гэтай інфармацыяй урадаў краін, якія прымаюць дыпмісіі.
Вашынгтон падзяліўся ацэнкамі «напярэдадні выбараў, якія чакаюцца ў найбліжэйшы год», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамента.
Дакумент амерыканскай выведкі рэкамендуе краінам прыняць захады для змякчэння эфекту ўмяшання Расіі ў выбары праз увядзенне санкцый, абмен інфармацыяй, выправаджэнне расійскіх шпіёнаў і забароны на ўезд.
Даклад амерыканскай выведкі ўяўляе сабой новы крок Вашынгтона ў барацьбе са спробамі Масквы «пасеяць нестабільнасць» у дэмакратычных краінах праз прадстаўленне выбараў – як непрацуючай працэдуры, а ўрадаў, якія прыйшлі да ўлады, — як нелегітымных.
Вашынгтон «прызнае ўласную ўразлівасць перад гэтай пагрозай», гаворыцца ў дакуменце, у якім таксама адзначаецца, што амерыканская выведка выявіла, што «расійскія суб'екты распаўсюджвалі і ўзмацнялі інфармацыю з мэтай падарваць давер грамадскасці да выбараў у ЗША 2020 года».
У 2020 годзе дэмакрат Джо Байдэн перамог на прэзідэнцкіх выбарах рэспубліканца Дональда Трампа, які адмовіўся прызнаць вынікі і ілжыва заяўляў, што вынікі галасавання былі сфальсіфікаваныя.
Скаардынаваныя расійскія аперацыі ў 2020-2022 гадах былі накіраваныя на «падрыў даверу грамадскасці прынамсі да 11 выбараў у дзевяці дэмакратычных краінах, уключаючы ЗША», гаворыцца ў дакуменце без удакладнення, пра якія краіны ідзе гаворка.
Так, напрыклад, сцвярджаецца ў дакуменце, ФСБ вяла таемную працу па запалохванні супрацоўнікаў выбарчых органаў, арганізацыі пратэстаў у дзень выбараў і «сабатаванню галасавання за мяжой» на выбарах 2020 года ў неназванай еўрапейскай краіне.
Расійскія дзяржаўныя СМІ адкрыта сцвярджалі, што галасаванне будзе недэмакратычным, і «ўзмацнялі ілжывыя сцвярджэнні аб фальсіфікацыях» напярэдадні шматлікіх выбараў у Азіі, Еўропе, на Блізкім Усходзе і Паўднёвай Амерыцы ў 2020-2021 гадах, гаворыцца ў дакуменце.
Паводле ацэнкі амерыканскай выведкі, Кітай хоць і ўмешваецца ў выбары, але не выкарыстоўвае падобную тактыку.