Выведка Украіны: Вайсковы кантынгент РФ у Казахстане адмаўляецца вяртацца на радзіму
Вайсковы кантынгент Расіі, размешчаны ў Казахстане, адмаўляецца вяртацца да месцаў пастаяннай дыслакацыі. Вайскоўцы не хочуць ваяваць ва Украіне.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны.
У выведцы распавялі, што фармальная прычына адмовы — адсутнасць спецыяльнага паветранага транспарту, які ў поўным складзе задзейнічаны ў вайне з Украінай. «Рэальна ж вайскоўцы не хочуць папоўніць склад акупацыйнага кантынгенту. Зрэшты, камандаванне РФ не пакідае намераў цалкам вывесці войскі з тэрыторыі Казахстана, уведзеныя туды падчас падаўлення студзеньскіх мітынгаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што цяпер у Казахстане знаходзіцца блізу тысячы вайскоўцаў з поўным узбраеннем і тэхнікай, якія дыслакуюцца паблізу крытычных аб'ектаў інфраструктуры — аэрадромы, вайсковыя палігоны, нафтабазы, касмадром Байканур і гэтак далей.
Таксама, па даных выведкі, Расія практычна цалкам вывела свае ваенныя кантынгенты з узбраеннем і тэхнікай з тэрыторыі Таджыкістана і Арменіі для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.