Вайна Расіі супраць Украіны, дзень 214-ты: Новыя страты і прымусовая мабілізацыя

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Расея можа рыхтавацца да прымусовай мабілізацыі ўкраінскіх ваеннапалонных, што было б парушэннем Жэнеўскай канвенцыі.

Рэшткі дрона-камікадзэ, якім рускія раніцай атакавалі Адэсу.

Рэшткі дрона-камікадзэ, якім рускія раніцай атакавалі Адэсу.


За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы ліквідавалі не менш за 400 расейскіх акупантаў. Страты краіны-агрэсара Расеі з пачатку вайны супраць Украіны склалі 56 700 забітых, паведаміў Генштаб УСУ раніцай у нядзелю, 25 верасня.
******
УСУ абстралялі гатэль Play у Херсоне з РСЗА HIMARS.
Два чалавекі загінулі. Расейскія СМІ паведамляюць, што адзін з іх — экс-дэпутат Вярхоўнай Рады ад «Партыі рэгіёнаў» Аляксей Жураўка. У 2014 годзе ён пераехаў у Расію, аднак у 2022 годзе вярнуўся ў Херсон і пачаў супрацоўнічаць з акупантамі.
У гатэлі акрамя Жураўкі таксама жыла група расейскіх прапагандыстаў. Пасля прылёту іх заваліла абломкамі, але яны засталіся ў жывых.
*****
За мінулыя суткі расейскія захопнікі нанеслі 7 ракетных і 22 авіяцыйных удараў, здзейснілі больш за 67 абстрэлаў з РСЗА па ваенных і грамадзянскіх аб'ектах на тэрыторыі Украіны.
Ад варожых удараў пацярпелі больш за 35 населеных пунктаў. Сярод іх Запарожжа, Ачакаў, Мікалаеў, Міралюбаўка, Нью-Ёрк (Данецкая вобласць), Белагораўка, Краснагораўка, Паўлаўка і Маёрск.
***** У нядзелю, 25 верасня, расейскія войскі атакавалі Адэсу дронамі-камікадзэ. Каля 8:00 у Адэскім гарсавеце паведамілі, што, па інфармацыі аператыўнага камандавання «Поўдзень», вораг тройчы трапіў у адмінбудынак у цэнтры горада.
*****
Брытанская выведка сцвярджае, што мабілізацыю могуць распаўсюдзіць не толькі на расейскае войска, але і на Нацгвардыю праз неабходнасць падаўлення іншадумства. Аб гэтым раней прасіў дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн.
*****
З самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі могуць прымусова заклікаць у войска некалькі тысяч чалавек, паведаміла «Медузе» крыніца, блізкая да Адміністрацыі прэзідэнта.
У сакавіку вайскоўцаў з самаабвешчаных рэспублік заўважылі ва Украіне. У канцы месяца частка вайскоўцаў з Паўднёвай Асеціі адмовіліся ад удзелу ў вайне і вярнуліся дадому. Далейшы іх лёс невядомы.
*****Беларусь прыме рашэнне па выніках «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны, «зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў».
Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.
*****
Міністэрства інтэграцыі назвала краіны, якія сталі саўдзельнікамі злачынства, падаўшы назіральнікаў для незаконных рэферэндумаў ва Украіне. У Міністэрстве па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый у суботу, 24 верасня, распавялі, што акрамя грамадзян Расеі, у незаконных «рэфэрэндумах» на акупаваных тэрыторыях Украіны прымалі ўдзел у якасьці назіральнікаў прадстаўнікі васьмі краін: самой Расеі, а таксама Беларусі, Сірыі, Егіпта, Бразіліі, Венесуэлы, Уругвая, Тога, ПАР.
*****
Расея можа скінуць адну або некалькі тактычных ядзерных бомбаў магутнасцю 0,3-100 кілатон, паведамляе французскае выданне AFP.
Выбух адбудзецца над вадой або ў атмасферы над Украінай, што створыць электрамагнітны імпульс і выведзе са строю электроннае абсталяванне.