Улюблёная ў нябёсы. Пяць цікавостак пра каралеву «металічных птушак» Амелію Эрхарт

Здзейсніўшы адзіночны трансатлантычны пералёт, які доўжыўся амаль 15 гадзін, Амелія Эрхарт стала самай знакамітай у гісторыі пілатэсай. Дзякуючы ёй свет мае сучасную і прагрэсіўную авіяцыю, якая не ставіць бар’ераў для навучання і працаўладкавання жанчын. А яшчэ ў яе гонар названа вуліца ў беларускай вёсцы!

vokladka__1.jpg

 Першы палёт у 20 гадоў — не прыгавор, каб стаць пілатэсай!

З юных гадоў Амелія была авантурнай дзяўчынай, любіла бавіць час на свежым паветры і даследаваць тэхніку. У чатыры гады яна ўжо магла чытаць самастойна, а з дзесяці каталася верхам, плавала, грала ў тэніс і страляла з падоранай бацькам вінтоўкі. Яе хобі былі, мякка кажучы, некласічнымі для тыповай дзяўчынкі пачатку мінулага стагоддзя.

Свой першы самалёт яна ўбачыла на святочным кірмашы ў штаце Аёва, калі ёй было 10 гадоў. Тады яна не толькі не ўсведамляла, што калісьці стане самай вядомай пілатэсай усіх часаў, але і не адчула асаблівай любові і захаплення ад «алюмініевай птушкі», як гэта звычайна бывае ў пілотаў, бортправаднікоў і іншых працаўнікоў авіяцыі з самага дзяцінства. Наадварот, самалёт у сэрцы Эрхарт адгукнуўся не як спадарожнік душы, а лятаючая груда металу.

Амелія Эрхарт у дзяцінстве

Амелія Эрхарт у дзяцінстве

Ва ўзросце 20 гадоў дзяўчына паехала ў Таронта, каб наведаць сваю сястру, і вырашыла застацца ў краіне клёнаў, каб дапамагаць у ліквідацыі наступстваў Першай сусветнай памочніцай медсястры. Убачыўшы «птушкі» канадскіх пілотаў і здзейсненыя імі гераічныя ўчынкі, Амелія праніклася авіяцыяй.

Яна пачала наведваць усемагчымыя авіяшоу, чытаць адпаведную літаратуру, даследаваць канструктыўныя асаблівасці паветраных суднаў і дазнавацца пра палётныя навыкі. Праз тры гады Эрхарт трапіла на авіяцыйную выставу ў Каліфорніі і ўпершыню паднялася ў нябёсы — гэта быў дзесяціхвілінны палёт у якасці пасажыра. Адчуванні замацаваліся, і дзяўчына пачала браць урокі пілатавання.

«Палёт можа быць не зусім простым плаваннем, але задавальненне ад яго вартае таго», — казала Эрхарт.

 Яе інструктаркай была легендарная Аніта Снук — адна з нямногіх тагачасных пілатэс. Снук прызнавалася, што ў сваёй авантурнасці Амелія значна пераўзыходзіла нават яе.

Аніта Снук

Аніта Снук

Першая ў свеце ўласніца самалёта

Каб завесці ўласную «птушку», а заадно і аплаціць нятанныя заняткі для пілотаў, будучая знакамітасць грала на банджа ў мюзік-холе, была фатографкай, кінааператаркай, выкладчыцай, сакратаркай, тэлефаністкай, працаўніцай аўтамайстэрні і кіроўцай грузавіка. Да свайго 24-годдзя Эрхарт самастойна накапіла на ярка-жоўты б/ушны біплан Kinner Airster, стаўшы першай на планеце ўладальніцай самалёта.

Амелія Эрхарт

Амелія Эрхарт

Галоўны трыумф Амеліі

20 траўня 1932 года Эрхарт зрабіла вырашальны крок да сусветнай вядомасці, спланаваўшы адзіночны палёт да Парыжа! Вылецеўшы з Ньюфаўндленда, пілатэса за 15 гадзін перасекла Атлантыку. Акрамя таго, што перагружаны палівам «кукурузнік» быў досыць няўстойлівай у пілатаванні машынай, будзь-якая сувязь з сушай адсутнічала. У выпадку няспраўнасцяў ці крушэння паплаўкі, што замянялі колы, верагодна хіба што адцягнулі б немінучую смерць ад магутных марскіх хваляў.

Неўзабаве пасля наступлення цемры самалёт Эрхарт увайшоў у зону моцнага шторма з навальніцай і парывамі ветру, якія пашкодзілі ўсе дадатковыя ўмацаванні і электроніку борта. Пасля дажджу пачалося жорсткае абмярзанне корпуса, што выклікала разбурэнне трубаправода паліўнага бака.

На світанні, зірнуўшы на крыло, пілатэса ўбачыла тонкую брую паліва, якая выцякала з расколіны. Разумеючы, што пры такім стане самалёта палёт да Францыі выключаецца, Эрхарт вырашыла садзіцца на першы ж прыдатны ўчастак сушы. Пасадзіўшы судна на ўзбярэжжы Паўночнай Ірландыі, Эрхарт стала першай пілатэсай, якая пераадолела Атлантыку ў адзіночку.

Амелія Эрхарт пасля пасадкі ў Паўночнай Ірландыі

Амелія Эрхарт пасля пасадкі ў Паўночнай Ірландыі

Колькасць новых сусветных рэкордаў Амеліі пасля атлантычнага палёту толькі павялічвалася.

 Баролася за правы жанчын і распрацавала ўласны мерч!

Калі Амелія працавала сацыяльнай работніцай, яна натхнілася на тое, каб дапамагчы пракласці шлях да большай колькасці адукацыйных магчымасцяў для дзяўчат. Эрхарт выступала за роўнасць жанчын ва ўсіх аспектах жыцця. Калі мужчына мог гэта зрабіць, то не было прычын, па якіх жанчына не магла б зрабіць тое ж самае, настойвала пілатэса.

«Час ад часу жанчыны павінны рабіць для сябе тое, што ўжо зрабілі мужчыны, а часам і тое, што не зрабілі мужчыны, тым самым сцвярджаючы сябе як асобы і, магчыма, заахвочваючы іншых жанчын быць больш незалежнымі ў сваіх думках і дзеяннях. Некаторыя з гэтых меркаванняў былі адной з прычын, чаму я хацела зрабіць тое, што я так хацела зрабіць», — казала яна.

Амелія дапамагла заснаваць арганізацыю для жанчын-лётчыц «Ninety-Nines» і стала яе першай прэзідэнткай. У 1935 годзе Эрхарт запрасілі выкладаць ва Універсітэце Перд'ю, дзе яна выступала ў абарону жанчын у інжынерыі і навуцы.

Каларызаваны здымак Амеліі Эрхарт 

Каларызаваны здымак Амеліі Эрхарт 

Будучы дзяячкай дадзенай прафесіі, Амелія ведала, што жаночая мода таго часу была цалкам несумяшчальная са спадарынямі, якія захапляліся спортам, рухам і фізічна актыўным лайфстайлам. Каб не пакідаць гэты гештальт незакрытым, напачатку 1930-х гадоў яна стварыла ўласную лінейку адзення Amelia Fashions. «Эрхартаўскі мерч» складаўся з сукенак, штаноў, касцюмаў і іншых прадметаў адзення, якія выклікалі максімальна прыемныя адчуванні падчас руху часцін цела. Акрамя таго, Эрхарт распрацавала фірмовы лётны касцюм «Ninety-Nines» з унікальным дызайнам.

Лётны касцюм «Ninety-Nines» Амеліі Эрхарт

Лётны касцюм «Ninety-Nines» Амеліі Эрхарт

Адна з вуліц пад Мінскам названа ў гонар Амеліі Эрхарт

У 1937 годзе Амелія ўзяла курс на пералёт праз Ціхі акіян, з якога больш ніколі не вярнулася. Існуе мноства тэорый пра тое, што адбылося насамрэч, але праз вялікі тэрмін часу даведацца праўдзівую версію гібелі ўжо фактычна не прадстаўляецца магчымым. Найбольш абгрунтаваныя здагадкі мяркуюць, што яна зноў магла патрапіць у ўраган ці здзейсніць аварыйную пасадку праз недахоп паліва.

Вядома адзінае — Амелію Эрхарт у гонцы за сваімі мэтамі не спыняла нічога.

«Найцяжэйшае — гэта рашэнне дзейнічаць. Астатняе — проста настойлівасць. Страхі — папяровыя тыгры. Вы можаце рабіць усё, што хочаце. Вы можаце дзейнічаць, каб змяніць і кантраляваць сваё жыццё і руціну. Гэты працэс сам па сабе ўзнагарода», — так гучала філасофія яе жыцця.

Хаця Эрхарт не мае непасрэднага дачынення да Беларусі, адна з вуліц у жылым комплексе «Новая Баравая», што пабудаваны на месцы былога аэрадрома ў вёсцы Копішча Мінскага раёна, названа ў гонар легендарнай пілатэсы. На аўтобусных прыпынках па ўсім раёне ўсталяваны QR-коды з падкастамі пра Амелію Эрхарт, братоў Райт, Леанарда Да Вінчы, Міхаіла Міля і іншых дзеячаў авіяцыі.

QR-коды з падкастамі на прыпынках у «Новай Баравой»

QR-коды з падкастамі на прыпынках у «Новай Баравой»