Украінскі дэсант у Крыме на Дзень Незалежнасці: Што пра гэта вядома?
У Дзень Незалежнасці, у чацвер, стала вядома аб вайсковай аперацыі ўкраінскага спецназа ў акупаваным Крыме паблізу важных радыёлакацыйных аб'ектаў РФ.
Выведка паведаміла, што група ўкраінскіх вайскоўцаў высадзілася на тэрыторыю паўвострава і выканала шэраг задач — «знішчыла асабовы склад і сродкі праціўніка».
Пра гэта паведаміў прадстаўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.
«Даная спецаперацыя праходзіла ва ўзаемадзеянні з Вайскова-марскімі сіламі Украіны. Усе пастаўленыя задачы выкананыя. Асабовы склад і тэхніка праціўніка знішчаныя, страт сярод украінскіх спецназаўцаў няма», — сказаў ён.
Па стане на 12:00 украінскія вайскоўцы ўжо вярнуліся пасля спецаперацыі — яны выканалі ўсе пастаўленыя задачы, а сама аперацыя «насіла рэйдавы характар», паведамілі прадстаўнікі ГУР у каментары «РБК Украіна».
Пазней прэс-служба ГУР удакладніла, што ўкраінскі спецназ на плаўсродках высадзіўся на бераг у раёне населеных пунктаў Аленаўка і Маяк. ГУР настойвае, што ў выніку бою асабісты склад і тэхніка расіян былі знішчаныя.
«Таксама ва ўкраінскім Крыме зноў залунаў дзяржаўны сцяг», — паведамляе ГУР.
Таксама было апублікаванае відэа, на якім бачна, як людзі ў цемры вывешваюць украінскі сцяг на будынку. Затым салдаты садзяцца ў лодкі і адплываюць, чуюцца гукі стрэлаў.
Мінабароны Расіі гэтую інфармацыю не каментавала.
Пра страляніну і выбухі ў раёне пасёлка Маяк на крымскім мысе Тарханкут стала вядома раніцай у чацвер.
Расійскія тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што да берага падплыла група людзей на лодках — колькі было лодак, даныя разыходзяцца, адны пішуць пра дзве лодкі, іншыя — пра чатыры. Канал Baza піша, што ля мясцовага кемпінга гучала страляніна, адзін з дамоў на колах быў прастрэлены, але ніхто не пацярпеў, а «дыверсанты» адплылі.
Больш дэталяў спецаперацыі Юсаў раскрываць адмовіўся, але даў зразумець, што гэта толькі адна з «цэлай серыі запланаваных мерапрыемстваў».
«Гэта звязана з папярэднімі падзеямі ў Крыме, калі аналізаваць папярэднія падзеі, і, адпаведна, праца працягваецца», — сказаў ён.
І дадаў, што цяпер Крым «знаходзіцца не толькі ў зоне дасяжнасці зброі, але і ў зоне дасяжнасці дзеянняў асабістага складу Сіл бяспекі і абароны Украіны».
Цікава, што на мысе Тарханкут знаходзіцца расійская радыётэхнічная база і працуюць некалькі радыёлакацыйных комплексаў.
Напярэдадні ўкраінская выведка паведаміла, што ў Крыме знішчаны расійскі комплекс С-400 — зенітна-ракетны комплекс вялікай і сярэдняй далёкасці. Выбухам, паводле вызведкі, былі знішчаны сама ўстаноўка, устаноўленыя на ёй ракеты і персанал.
«Улічваючы абмежаваную колькасць такіх комплексаў на ўзбраенні праціўніка, гэта балючы ўдар па сістэме супрацьпаветранай абароны акупантаў, які сур'ёзна адаб'ецца на далейшых падзеях у акупаваным Крыме», — гаворыцца ў паведамленні ГУР.
Гэта паведамленне яны праілюстравалі відэа. У Мінабароны Расіі гэтую аперацыю не каментавалі.
Напярэдадні Дня Незалежнасці ў сваім інтэрв'ю кіраўнік МУС Кірыл Буданаў адкрыта заявіў, што ўкраінская армія здольная дайсці да любога пункту акупаванага Крыма, каб разграміць ворага.
«Пакуль у нас ёсць магчымасць нанесці ўдар па любой частцы часова акупаванай тэрыторыі Крыму. Мы можам дастаць праціўніка абсалютна ў любым пункце», — сказаў Буданаў у інтэрв'ю ўкраінскай рэдакцыі «Свабоды».
Паводле слоў Буданава, ёсць шмат розных варыянтаў дэакупацыі Крыма, але «гэта немагчыма без ваенных дзеянняў, без баявых дзеянняў».
Вядома, што Кірыл Буданаў асабіста ўдзельнічаў у аперацыі ў Крыме ў жніўні 2016 года, пры гэтым ён быў цяжка паранены.
Паводле ВВС, сацсетак