547-мы дзень вайны: Дзень незалежнасці Украіны, ракетны ўдар па Дняпры і дэсант у Крыме

Выбухі ў Крыме: Што адбываецца на мысе Тарханкут? Уначы расіяне ўдарылі ракетамі па Дняпры, пацярпелі сем чалавек. 

Фота з сацсетак Генштаба УСУ

Фота з сацсетак Генштаба УСУ

Уначы расіяне ўдарылі ракетамі па Дняпры, пацярпелі сем чалавек 

Ракеты пускалі з Крыма, Растоўскай вобласці і акупаванага Такмакскага раёна Запарожскай вобласці. Адну з ракет збілі сілы СПА, але ёсць і траплянне па транспартным аб'екце. Пра гэта паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. Пацярпелі сем чалавек, шасцёра шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасці. Пашкоджаны таксама каля дзесяці аб'ектаў, сярод якіх банк, запраўка, гасцініца, аграфірма, вытворчасць мэблі, адмінбудынак, два жылыя дамы.

Прэс-сакратар камандавання ВПС Узброеных сіл Украіны Юрыя Ігнат распавёў пра гэта ў эфіры ў тэлемарафону. Па словах Ігната, праціўнік размяшчае С-300 у Такмакскім раёне і звычайна адтуль наносіць удары па Днепрапятроўскай вобласці зенітнымі ракетамі наземнага базіравання. «Акрамя таго, з Растоўскай вобласці зафіксаваны пуск дзвюх ракет «Іскандэр-М». Гэта балістыка. Мы ведаем, што такое балістыка, наколькі яна небяспечная і як мала часу на гэтую пагрозу», — сказаў прэс-сакратар.

Рускія таксама выпусцілі з Крыма крылатую ракету «Іскандэр-К», якую збілі украінскія ВПС у зоне адказнасці Усходняга камандавання ВПС.

  • У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Часавым Яры), яшчэ чацвёра атрымалі раненні. У Херсонскай вобласці сямёра параненых.
  • Ноччу расіяне абстралялі горад Ваўчанск Чугуевскага раёна Харкаўскай вобласці. Пашкоджана медыцынская ўстанова, узнік пажар. Таксама пашкоджаны аб'ект грамадзянскай прамысловасці, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінегубаў.
  • У Мікалаеўскай вобласці тры чалавекі параненыя ў выніку расійскіх абстрэлаў за мінулыя суткі. Вораг абстраляў горад Ачакаў — пашкоджаная жыллёвая інфраструктура, а таксама Куцурубскую грамаду, дзе пашкоджаныя жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім.

Байцы ГУР у рамках спецаперацыі высадзіліся ў Крыме

Выбухі ў Крыме: Што адбываецца на мысе Тарханкут?

У Крыме раніцай адбыўся бой з удзелам плаўсродкаў і авіяцыі, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на крыніцы ў выведцы. Мясцовыя жыхары паведамілі, што прыкладна з 5:00 каля населенага пункта Маяк на мысе Тарханкут былі чутныя выбухі. Падрабязнасці бою не вядомыя. У сяле Маяк знаходзіцца база 3-га радыётэхнічнага палка ў складзе радыётэхнічных войскаў Паветрана-касмічных сіл РФ. 

Таксама на паўвостраве размешчаны радыёлакацыйны вузел РЛК Неба-М і РЛС Каста-2Е2. Па перыметры падрыхтаваныя пазіцыі для СПА. 

Пазней прадстаўнік ГУР Мінабароны Андрэй Юсаў удакладніў, што ўкраінскія вайскоўцы здзейснілі высадку ля мыса Тарханкут у рамках спецаперацыі, праведзенай ва ўзаемадзеянні з ваенна-марскімі сіламі. Паводле яго слоў, усе задачы выкананыя, страт сярод асабістага складу няма. 

Спецаперацыя працягваецца, таму ўсе дэталі ГУР не раскрывае. Юсаў адзначыў, што ў праціўніка ёсць страты сярод асабістага складу, сіл і сродкаў, інфармацыя аб колькасці страт удакладняецца.

Адзначым, што сёння раніцай мясцовыя тэлеграм-каналы паведамілі, што выбухі былі чутныя каля пасёлка Маяк на мысе Тарханкут з 5 гадзін раніцы.

Украінскія абаронцы 23 жніўня знішчылі расійскі зенітна-ракетны комплекс С-400 “Трыумф” на тым самым мысе Тарханкут у Крыме. Як паведамілі ўчора ў Міністэрстве абароны Украіны, каля вёскі Аленаўка на мысе Тарханкут у часова акупаваным Крыме адбыўся выбух, які знішчыў расійскі зэнітна-ракетны комплекс С-400 «Трыюмф» вялікай і сярэдняй далёкасці. У выніку выбуху сама ўстаноўка, устаноўленыя на ёй ракеты і персанал былі цалкам знішчаны.

Таксама ўчора ўкраінская армія знішчыла або пашкодзіла тры расійскія пускавыя ўстаноўкі С-300 у Херсонскай вобласці. Пра гэта распавяла спікер Сіл абароны поўдня Наталля Гумянюк. Пры гэтым яна дадала, што ў расіян яшчэ шмат зброі, «таму сезон бавоўны працягваецца».

З пачатку шырокамаштабнай вайны Расія страціла больш за 20% сваіх самалётаў і верталётаў з-за збояў у сістэме, памылак пілотаў, сяброўскага агню і іншых інцыдэнтаў, наўпрост не звязаных з баявымі дзеяннямі, піша Newsweek.

Глядзіце таксама

Навіны вайны

Камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў, што наведаў асноўныя напрамкі дзеянняў украінскіх войскаў у аператыўна-тактычных групоўках Ліман і Саледар: «Галоўная мэта — вывучэнне аператыўнай абстаноўкі непасрэдна ў раёнах вядзення баявых дзеянняў, вывучэнне праблемных пытанняў, каб прымаць адпаведныя меры па іх вырашэнні. Адпрацавалі актуальныя задачы з камандзірамі брыгад, аператыўна-тактычных груповак, адкарэктавалі тэрміны і парадак іх выканання».

Украінскія вайскоўцы наступаюць на поўдзень ад Бахмута, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, а таксама мелі поспех у кірунку Новапракопаўкі на Мелітопальскім кірунку, паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў.

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 24 жніўня: асабовага складу — каля 259 160 (+340) чалавек.

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

На працягу сутак на фронце адбылося 23 баявыя сутыкненні, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, армія РФ вяла беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах: Новаягораўкі Луганскай вобласці, Данецкай вобласці, Малой Такмачкі Запарожскай вобласці. Таксама сілы абароны Украіны працягваюць адбіваць атакі і стрымліваць наступ расійскіх войскаў каля Аўдзееўкі, Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці.

ЗША пераацаніла армію РФ

Сенатар ЗША Ліндсі Грэм на прэс-канферэнцыі ў Кіеве назваў дапамогу Украіне «найлепшай інвестыцыяй» для амерыканскай бяспекі: «ЗША выдаткоўвалі мільярды падчас халоднай вайны, каб прадухіліць расійскую агрэсію. Цяпер мы выдаткавалі менш за 3% нашага абароннага бюджэту на дапамогу ўкраінскім вайскоўцам, а яны знішчылі палову расійскага войска. Гэта лепшая інвестыцыя для амерыканскай бяспекі за ўвесь час. Украіна — выдатны партнёр. Мы не бачылі такога партнёра з часоў Чэрчыля».

Таксама сенатар прызнаў, што амерыканская выведка памылялася перад расійскім уварваннем, бо моцна пераацаніла моц расійскага войска: «Нам казалі, калі пачалося расійскае ўварванне, што Кіеў падзе праз чатыры дні, а краіна — праз тры тыдні. Гэта было самае вялікае неразуменне ўкраінцаў і пераацэнка расійскай арміі нашай выведкай. Я сам думаў, што расійскае войска лепшае, чым яно ёсць».

Глядзіце таксама

Кірыл Буданаў пра вызваленне Крыма 

Украіна можа нанесці ўдар па ворагу ў любым пункце акупаванага Крыму, заявіў кіраўнік ГУР Мінабароны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода»: «У нас ёсць магчымасць уразіць любую частку часова акупаванай АРК па стане на дадзены момант. Абсалютна ў любым пункце мы можам дасягнуць праціўніка».

Буданаў таксама параіў усім, «хто нарабіў глупстваў», з'ехаць: «а тым, хто чакае, трэба рыхтавацца і рабіць усё для дапамогі перш за ўсё разведвальным органам, ну і далей, калі ўжо войскі пойдуць у адкрытую. Для падтрымкі, для стварэння спрыяльных умоў. Каб гэта адбылося проста хутчэй. І найбольш бяскроўна, наколькі гэта магчыма будзе зрабіць».

Украінскі ўрад распрацоўвае эканамічную мадэль развіцця Крыма ў рамках стратэгіі аднаўлення паўвострава пасля яго дэакупацыі. Пра гэта распавёў Шмыгаль падчас трэцяга саміту Крымскай платформы. Гэтая мадэль складаецца з пяці ключавых пунктаў:

  • Крым — новы турыстычны цэнтр Еўропы. Гэта новая гасцінічная інфраструктура і новыя публічныя прасторы пад брэндам Крым 365.
  • Злучэнне Крыма з Украінай, Еўропай і светам: інтэграцыя паўвострава ў еўрапейскую транспартную прастору, будаўніцтва чатырох аўтабанаў, двух міжнародных аэрапортаў, дэмантаж Крымскага моста для бяспечнага мараплаўства ў Чорным і Азоўскім морах.
  • Інтэграцыя Крыма ў еўрапейскую энергетычную сістэму ENTSO-E і развіццё аднаўляльных крыніц энергіі; распрацоўка Чарнаморскага газавага шэльфа. Дзякуючы гэтаму Крым стане нета-экспарцёрам энергарэсурсаў.
  • Развіццё аграрнага сектара, аднаўленне Кахоўскай ГЭС для арашэння поўдня Украіны.
  • Стварэнне на паўвостраве IT-хаба еўрапейскага і сусветнага ўзроўню, увядзенне спецыяльнага рэжыму для прыцягнення інвестыцый у навуку, адукацыю і інавацыі. Крым павінен стаць украінскай Крамянёвай далінай.