Украіна зрывае планы расіян па наступе на Харкаў і Сумы — Зяленскі

Аперацыяй у Белгарадскай вобласці Расіі УСУ спрабуюць сарваць планы РФ па наступе на Харкаў і Сумы, патлумачыў Уладзімір Зяленскі. Але Украіне патрэбныя сістэмы СПА, і яна гатовая за іх заплаціць. Ідуць 1142-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі на фронце ва Украіне зафіксавана 149 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 40 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Калінава, Шаўчэнкі, Траецкага, Праабражэнкі, Успенаўкі, Новааляксандраўкі, Удалага, Вадзянога Другога, Елізаветаўкі, і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 27 разоў, спрабуючы рушыць наперад паблізу Надзеі, Кацярынаўкі, Мірнага, Ямпалаўкі і ў іншых напрамках.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 20 атак непадалёк Тарэцка, Дружбы, Дачнага, Леанідаўкі і Шчарбінаўкі. На Северскім кірунку армія РФ здзейсніла 10 атак на пазіцыі УСУ у раёнах Белагораўкі, Грыгароўкі і Верхнекаменскага.

У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ за мінулыя суткі адбілі 19 атак расійскіх войск. Расіяне нанеслі 46 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 82 кіраваных авіябомбаў

* * *

Сілы абароны Украіны прасунуліся на Пакроўскім і Тарэцкім кірунках. Між тым фіксуецца прасоўванне з боку расійскіх войскаў пад Купянскам, Ліманам, Тарэцкім, Пакроўскім і на захадзе Запарожскай вобласці, а таксама ў раёне мяжы паміж Сумскай і Курскай абласцямі, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец 9 красавіка заявіў, што расійскія падраздзяленні захапілі Басоўку (на поўдзень ад Новенькага) і спрабуюць прасунуцца ў кірунку Локні (далей на поўдзень ад Новенькага) і перакрыць трасу Н-07 Юнькаўка — Суджа на Курскім кірунку.

У ISW пры гэтым лічаць, што групоўка войскаў РФ у гэтым раёне, хутчэй за ўсё, не зможа пачаць буйную наступальную аперацыю на Сумы ў бліжэйшы час без атрымання значнага падмацавання.

Расійскія войскі прасунуліся на паўночны ўсход ад Купянска. Як паказваюць апублікаваныя 8 красавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся ва ўсходняй частцы Каменкі. Таксама геалакацыйныя кадры ад 9 красавіка паказваюць, што расійцы прасунуліся ў лесе на ўсход ад Зялёнай Даліны (на поўнач ад Лімана).

Сілы абароны Украіны прасунуліся на Тарэцкім кірунку — на паўночны ўсход ад Дружбы, але расійскія войскі на тым жа кірунку прасунуліся ў паўночна-заходняй частцы Тарэцка і ў мікрараёне Забалка на поўдні Тарэцка.

УСУ таксама прасунуліся ў паўночна-ўсходняй частцы Котліна (паўднёва-захад ад Пакроўска), а армія РФ прасунулася ў паўднёвай частцы Тарасаўкі (на паўночны ўсход ад Пакроўска) і на поўдзень ад Багданаўкі (на паўднёвы захад ад Пакроўска).

Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што УСУ контратакавалі на паўночна-ўсходняй ускраіне Зялёнага (на поўдзень ад Пакроўска) і на поўнач ад Дачанскага (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска).

Як паказваюць апублікаваныя 9 красавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся ў цэнтры Шчарбакоў (на паўночны захад ад Рабоціна).

* * *

У ноч на 10 красавіка аналітычны праект DeepState абнавіў карту, паведаміўшы аб прасоўванні расійцаў каля чатырох населеных пунктаў Данецкай вобласці. Па іх даных, расійцы прасунуліся ля Дружбы, Разліву, Разлеглага і ў Надзіеўцы.

* * *

Расійскае ваеннае камандаванне, верагодна, спрабуе сфармаваць буферную зону ўздоўж мяжы ў Сумскай вобласці, хоць расійскія камандзіры, магчыма, маюць намер прасоўвацца далей у Сумскую вобласць і ў напрамку горада Сумы ў будучыні, — так ацэньвае ход баявых дзеянняў Інстытут вывучэння вайны (ISW)

Раней ISW ацэньвала, што расійскія войскі не будуць спрабаваць прасунуцца далей на поўнач Сумскай вобласці або атакаваць Сумы, пакуль украінскія войскі захоўваюць свае пазіцыі ў Курскай вобласці. Аднак цяпер ISW назірае паступовыя, але паслядоўныя расійскія поспехі і атакі ўздоўж лініі Уладзіміраўка — Жураўка — Новенькае (на поўнач і паўночны ўсход ад Сумаў) на поўначы Сумскай вобласці, і намаганні Расіі адціснуць украінскія сілы з пазіцый, якія засталіся на поўдзень ад Суджы Курскай вобласці Расіі з пачатку сакавіка 2025 года

Экспэрты адзначаюць, што нядаўнія атакі Расіі на поўнач Сумскай вобласці паказваюць, што расійскае камандаванне можа паспрабаваць скарыстацца разбурэннем украінскага плацдарму ў Курскай вобласці, каб стварыць буферную зону ў Сумскай вобласці або пачаць наступ на Сумы і зрабіць горад непрыдатным для пражывання цывільных.

«Верагодна, Пуцін мае намер выкарыстоўваць буферную зону на поўначы Сумскай вобласці і наступ на горад Сумы, каб апраўдаць пашырэнне сваіх прэтэнзій на тэрыторыю Украіны... Інфармацыйны і палітычны ціск, выкліканы наступам на Сумы, можа быць больш прывабным для Пуціна, чым прасоўванне ў іншых прыфрантавых раёнах», — адзначаецца ў справаздачы інстытута.

* * *

490314252_1018822660430812_3217257691303340413_n.jpg

* * *

У ноч на чацвер Нікалаеў падвергнуўся ўдару дронаў-камікадзэ. Пашкоджаныя дзевяць шматпавярховак, дзясяткі гаражоў і аўтамабіляў, дзесяць чалавек атрымалі раненні.

Падчас начной атакі на подступах да Кіева было зафіксавана 30 дронаў, 16 з якіх знішчыла супрацьпаветраная абарона (СПА). Астатнія былі лакацыйна страчаныя або пакінулі паветраную прастору ўкраінскай сталіцы.

У Дарніцкім раёне Кіева ў выніку атакі пашкоджаны прыватныя дамы і аўтамабілі, знішчана адна з гаспадарчых пабудоў. Вядома пра двух пацярпелых. У Галасееўскім раёне адбылося ўзгаранне складскога памяшкання.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі патлумачыў дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў на Белгарадскім кірунку. Паводле яго слоў, УСУ сарвалі планы расійцаў па наступу на Харкаўскую і Сумскую вобласці. 

Зяленскі распавёў, што на сёння больш за 67 тысяч вайскоўцаў РФ знаходзіцца на Курскім кірунку. «Яны завяршалі гэтае перамяшчэнне для наступу на Сумскі кірунак. Трэба было крыху змяніць іх планы. Адпаведна, былі крокі ў Курскай вобласці, дзе яна мяжуе з Белгарадскім кірункам. Адпаведныя крокі былі зробленыя нашымі ваярамі, што расцягнула і не дало сфармаваць расійцам наступальны "кулак" у тым выглядзе, на які яны разлічвалі», — патлумачыў прэзідэнт Украіны.

«Крокі ў Белгарадскім кірунку правільныя, каб прымусіць расійцаў не зрабіць адзін "кулак" ні на Харкаўскім, ні на Сумскім кірунку», — падкрэсліў ён.

* * *

Украіна гатовая заплаціць за будучыя пакеты дапамогі ад ЗША, у тым ліку за сістэмы Patriot, сказаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас размовы з журналістамі ў аўторак, 9 красавіка.

«Што тычыцца дадатковага пакета (збройнай дапамогі Украіне — рэд.), мы хочам і мы гатовыя, і мы перадавалі амерыканскаму боку вялікі пакет, які мы хочам купіць. Купіць у тым ці іншым выглядзе. Гэта наш фармат, мы заплацім за гэта. І мы не прасілі будучы пакет бясплатна», — распавёў кіраўнік Украіны.

Са слоў Зяленскага, падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам ішла гаворка аб перадачы хоць бы 10 сістэм Patriot. «Я яму сказаў па тэлефоне, дайце нам хаця б дзесяць (сістэм Patriot-рэд.). Гэта абарона, гэта нам будзе дапамогай пасля заканчэння вайны, гэта гарантыя бяспекі, што ў нас Украіна закрытая супрацьпаветранай абаронай. Шмат розных фарматаў і інструментаў, на якія мы гатовыя. Мы былі гатовыя і 30, і 50 мільярдаў знайсці на адпаведны пакет», — адзначыў ён.

Як вядома, адміністрацыя Дональда Трампа не вылучала Украіне ваенную дапамогу пасля прыходу да ўлады, але зброя ў рамках пакетаў, абвешчаных папярэдняй адміністрацыяй, працягвае паступаць. Раней Трамп запэўніваў, што ЗША працягнуць адпраўляць Украіне зброю, але выказаў надзею, што спыненне агню ўдасца дасягнуць хутка.