У Крамлі быццам бы ўжо ў 2013 быў план на Украіну

У адным можна быць упэўненым — нішто, што адбываецца цяпер ва Украіне, не павінна нас здзіўляць.



snijh.jpg

Хроніка прадказанага распаду Украіны — пад такім злавесным загалоўкам польскае выданне "Polityka" друкуе артыкул пра тое, як можа развівацца сітуацыя ва Украіне. Сяргей Пашынскі, былы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны, сцвярджае, што яшчэ ў траўні 2013 года ў Крамлі была гатовая карта Украіны, на якой не было Крыму і Данбасу. Але былі два варыянты — забіраюць толькі Крым або таксама Данбас.

Гэтыя словы Пашынскага перадаў быццам бы Аляксандр Лукашэнка. Калі ім верыць, то канфлікт быў непазбежны.

У адным можна быць упэўненым – нішто, што адбываецца цяпер ва Украіне, не павінна нас здзіўляць, паколькі аб гэтых сцэнарах у Расіі гавораць ужо апошнюю чвэрць стагоддзя. Але праблема ў тым, што ніхто на Захадзе не верыў, што гэта ўсё сапраўды можа здарыцца, паколькі гэтыя сцэнары былі, паводле заходняга пункту гледжання, надта вар’яцкія. А калі Ангела Меркель адкрыла, што “Пуцін жыве ў іншай рэчаіснасці”, было ўжо позна.

Расіяне ніколі не трактавалі сур’ёзна ўкраінскую незалежнасць. У Расіі мяркуюць, што культура “хахлоў” — гэта горшы варыянт расійскай высокай культуры, а ўкраінская гісторыя — частка расійскай гісторыі. З атачэння Ельцына на Захад высылалі сігнал, што не варта адкрываць ва Украіне амбасады. У Крамлі рыхтавалі планы, якія амаль не адрозніваліся ад таго, што цяпер адбываецца, але ніхто на Захадзе не верыў, што Расія паставіць на карту ўсё, каб вярнуць Украіну.

Аднак пасля Майдану, анексіі Крыму і паўстання “Наваросіі” аказалася, што сіла ўдару Расіі намнога меншая, чым здавалася, а Украіна больш з'яднаная, чым меркаваў Пуцін. Многія расіяне ў Данбасе адкрываюць са здзіўленнем, што ўкраінскія жаўнеры, якія з імі змагаюцца, размаўляюць на рускай мове. І дзе тут украінскі фашызм? Варыянт “Б”, які прадбачваў адарванне ад Украіны Наваросіі — ад Данецка па Прыднястроўе, аказаўся поўнай паразай. Магчыма, цяпер Крэмль шкадуе, што ўвязаўся ў гэтую авантуру, але Пуціну ўжо нялёгка выйсці з яе, не губляючы твару, — падсумоўвае выданне.

www.radyjo.net