У Сербіі прайшлі пратэсты пасля парламенцкіх выбараў. Апазіцыя заявіла пра фальсіфікацыі
У Сербіі пасля перамогі на выбарах кааліцыі дзеючага прэзідэнта Аляксандра Вучыча пачаліся пратэсты. Прадстаўнікі аб'яднанай кааліцыі-апазіцыйнага блока «Сербія супраць гвалту» патрабавалі адмяніць вынікі парламенцкіх выбараў і заявілі пра фальсіфікацыі.
Паводле даных тэлеканала RTS, мітынг пачаўся напярэдадні каля 18:00 па мясцовым часе каля будынка гарадскога сходу Бялграда. Пратэстоўцы — іх было каля 1,6 тысячы чалавек — дабраліся да будынка Рэспубліканскай выбарчай камісіі.
Удзельнікі мітынгу закідалі будынак яйкамі, памідорамі і туалетнай паперай. Таксама, паводле звестак тэлеканала, адбылася бойка паміж прыхільнікамі апазіцыі. Некаторыя паспрабавалі прарваць ахоўныя агароджы перад будынкам выбаркама, аднак лідары апазіцыі заклікалі прысутных «не паддавацца на правакацыі» і захоўваць спакой.
Як распавядае RTS, каля 22:30 па мясцовым часе ахоўнікі паспрабавалі правесці ў будынак дырэктара Рэспубліканскага інстытута статыстыкі Міладзіна Кавачэвіча. У гэты момант у дзверы выбаркама запусцілі некалькі пустых бутэлек, а адзін з удзельнікаў пратэсту збіў Кавачэвіча з ног. Аднаго чалавека, падазраванага ў нападзе, затрымалі.
Акцыя працягвалася каля чатырох гадзін, пасля чаго яе ўдзельнікі пачалі разыходзіцца.
Лідары апазіцыйнага блока — Міраслаў Алексіч (Народная партыя) і Марыніка Тэпіч (Партыя свабоды і справядлівасці) — абвясцілі галадоўку, якая, паводле іх слоў, будзе доўжыцца да анулявання вынікаў выбараў.
Вучыч 1 лістапада абвясціў аб роспуску Народнай Скупшчыны (аднамандатнага нацыянальнага парламента) і прызначыў на 17 снежня датэрміновыя выбары.
Сербская прагрэсіўная партыя, фармальна ўжо не ўзначаленая прэзідэнтам Аляксандрам Вучычам, але па-ранейшаму цалкам кантраляваная ім, атрымала 47,36% галасоў (па выніках апрацоўкі 97,22% бюлетэняў).
Тым не менш ва ўлады з'явіўся сур'ёзны канкурэнт — кааліцыя ліберальных партый, якая на гэтых выбарах выступіла пад назвай «Сербія супраць гвалту», набраўшы 22,7% галасоў і істотна палепшыўшы свой леташні вынік. Абедзве кааліцыі атрымалі падобныя вынікі ў Бялградзе — 37,74% у прэзідэнцкай кааліцыі супраць 34,12% у апазіцыі.
Пазачарговыя парламенцкія выбары прэзідэнту давялося прызначыць праз самыя масавыя з часоў Слабадана Мілошавіча пратэсты, якія пачаліся пасля двух выпадкаў скулшутынгу ў Сербіі ў траўні гэтага года.
Паводле «Новай газеты. Еўропа».