У Расіі заблакавалі месэнджары BlackBerry, Imo і Line
"Роскомнадзор" унёс у спіс забароненых рэсурсаў адрасы месэнджараў BlackBerry, Imo і Line. У пераліку таксама апынуўся аўдыёвізуальны чат Vchat.
Месэнджары,
якія раней адмовіліся рэгістравацца ў ведамстве ў статусе распаўсюджвальнікаў
інфармацыі, былі ўнесеныя ў рэестр забароненых сайтаў з пазнакай
"Restricting". Гэта азначае, што ў будучыні "Роскомнадзор" будзе
блакаваць усе сервісныя IP-адрасы і тэхнічныя дамены сервісаў, паведамляе сайт
грамадскага праекта "Роскомсвобода".
Прадстаўнік "Роскомнадзора" Вадзім Ампелонскі пацвердзіў унясенне месэнджараў у чорны спіс. "Мы сумесна з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, планамерна напаўняем рэестр арганізатараў распаўсюду інфармацыі. Тыя, хто не рэагуе, аказваецца пад блакаваннем", — сказаў Ампелонскі.
Раней у красавіку 2017 года на тых жа падставах было заблакавана мабільнае прыкладанне Zello. Сервісам-рацыяй нярэдка карысталіся актывісты, у тым ліку дальнабойнікі, падчас каардынацыі пратэстных акцый.
Папраўкі ў расійскі закон "Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналогіях і абароне інфармацыі", распрацаваныя дэпутатам Ірынай Яравой і сенатарам Віктарам Озеравым, былі прынятыя ў Расіі ў 2014 годзе. Дакумент увёў паняцце "арганізатараў распаўсюду інфармацыі".
Пад ім разумеецца ўладальнік сэрвісу, які выкарыстоўваецца інтэрнэт-карыстальнікамі для абмену паведамленнямі. Гэтыя сэрвісы ўносяць у адпаведны рэестр Роскомнадзора.
Прыняты ў 2016 годзе пакет "антытэрарыстычных" законаў патрабуе ад "арганізатара распаўсюду інфармацыі" з 2018 года захоўваць звесткі аб перададзеных карыстальнікамі паведамленнях на працягу паўгода і перадаваць праваахоўным органам ключы для расшыфроўкі паведамленняў.
Паводле ВВС