У ААН прыдумалі, як абысці вета Расіі ў Радзе Бяспекі — The Guardian
Расія працяглы час блякуе ініцыятывы краінаў Захаду ў Радзе Бяспекі ААН адносна выкарыстання хімічнай зброі ў Сірыі — у краіны як пастаяннага чальца Рады ёсць права вета. Расія выстаўляе свае прапановы, але іх блакуюць заходнія краіны, пиша "Радыё Свабода".
Як піша The Guardian, краіны Захаду хочуць спыніць «параліч» у ААН у сірыйскай тэме. Ідэя ў тым, каб выкарыстаць нячаста ўжыванае правіла, вызначанае яшчэ падчас халоднай вайны (рэзалюцыя Генасамблеі «Адзінства дзеля міру» 1950 года): перадаць адказнасць за вырашэнне крызісу ад Рады Бяспекі з 15 дзяржаваў да Генеральнай асамблеі 193 дзяржаваў праз «нязгоду пастаянных чальцоў» Рады.
«Расійскае права вета не павінна быць канцом намаганняў дзеля калектыўных дзеянняў з боку ААН, — расказвае былы кіраўнік Amnesty International і былы дзеяч ААН Іэн Мартын. — Абавязак патрабаваць адказнасці за выкарыстанне хімічнай зброі і пакласці канец жахам сірыйскага канфлікту ляжыць на сусветнай супольнасці як адзіным цэлым».
Ідэя была ўзнятая на сустрэчы прадстаўнікоў заходніх дзяржаваў у Радзе Бяспекі за зачыненымі дзвярыма на мінулых выходных — і, верагодна, будзе абмяркоўвацца цягам бягучага тыдня. Заходнія дзяржавы, піша The Guardian, баяцца, што адсутнасць механізму вызначэння адказнасці за хімічныя атакі дае сірыйскім уладам магчымасць працягваць ужыванне хімічнай зброі, а таксама сур’ёзна падрывае цяперашні міжнародны парадак.
***
14 красавіка пасля чарговага правалу перамоваў наконт Сірыі ў Радзе Бяспекі ААН сілы ЗША нанеслі авіяўдары па сілах Асада ў адказ на чарговую атаку з ужываннем хімічнай зброі. Пры ракетных ударах па сілах Асада, паводле ЗША, мірнае насельніцтва не пацярпела, сірыйскі ўрад не паведамляў пра чалавечыя страты, але прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пісаў, «місія выкананая».