Трамп ужо не спадзяецца на хуткае завяршэнне вайны ва Украіне
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які абяцаў закончыць вайну ва Украіне за адзін дзень пасля свайго ўступлення на пасаду кіраўніка ЗША, падаецца, пакрысе цверазее. Ён ужо дапусціў, што яму не ўдасца дасягнуць міру паміж Украінай і Расіяй, і выстаўляе больш прымальныя ўмовы для Украіны. А тым ва Украіне «перамолваюць» расійскае войска.

Ідзе 1100-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, пры падтрымцы і саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
У цэлым, за мінулыя суткі зафіксавана 110 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 лютага. Траціна з іх — 33 атакі, — былі спыненыя на Пакроўскім кірунку ў бок населеных пунктаў Тарасаўка, Новатарэцкае, Міралюбаўка, Прамень, Котліна, Удалае і іншых.
Па пяць разоў расіяне спрабавалі прарваць абарончыя рубяжы УСУ на Харкаўскім, Купянскім, Ліманскім і Краматорскім кірунках. На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 10 штурмаў у раёнах Тарэцка і Крымскага.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне на працягу мінулага дня здзейснілі 19 атак у напрамку населеных пунктаў Канстанцінопаль, Раздольнае, Шаўчэнка і Бурлацкае.
Украінскія войскі працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі, адбіўшы 18 штурмавых дзеянняў расіян.
* * *
У ноч на 27 лютага аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў у двух населеных пунктах Данецкай вобласці. Паводле звестак праекта, расійцы прасунуліся каля Бурлацкага і ў Андрэеўцы. Таксама DeepState паведаміў, што расійскія войскі акупавалі населены пункт Новаачаратаватае Данецкай вобласці.
* * *
Паводле інфармацыі паўднёвакарэйскіх медыя, Паўночная Карэя адправіла дадатковыя вайсковыя падраздзяленні да месцаў баявых дзеянняў у Курскай вобласці Расіі. У гэтым рэгіёне расійскія войскі вядуць баі з украінскімі вайскоўцамі, што здзейснілі пераход праз мяжу ў заходняй частцы Расіі, нагадвае Reuters.
Паўднёвакарэйскае выданне JoongAng са спасылкай на шматлікія крыніцы паведамляе, што ў перыяд са студзеня да лютага 2025 года КНДР накіравала ў Расію да трох тысяч вайскоўцаў. Перакідка войскаў ажыццяўлялася расійскімі грузавымі судамі і ваеннымі самалётамі. Туды прыбылі мотастралковыя, інжынерныя і разведвальныя падраздзяленні, якія раней не ўдзельнічалі ў баях у Курскай вобласці.
* * *

* * *
Крэмль патрабуе ад Украіны адмовіцца ад буйных гарадоў, у прыватнасці Запарожжа, Херсона і Краматорска, праз палітычны ціск і перамовы, паколькі не мае магчымасці захапіць іх ваенным шляхам, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Па даных экспертаў, Расія працягвае заяўляць пра намер захапіць Запарожскую, Данецкую, Луганскую і Херсонскую вобласці цалкам. Аднак буйныя гарады, такія як Запарожжа (706 тыс. чалавек), Херсон (275 тыс.) і Краматорск (147 тыс.), застаюцца пад кантролем Украіны. Аналітыкі адзначаюць, што акупацыя гэтых тэрыторый прывядзе да маштабнай гуманітарнай катастрофы, паколькі Расія, верагодна, прыменіць тыя ж метады рэпрэсій, дэпартацый і прымусовай асіміляцыі, якія выкарыстоўвае на ўжо захопленых тэрыторыях.
Аднак ваенны наступ Расіі фактычна спыніўся — армія нясе значныя страты ў тэхніцы і жывой сіле. Таму Крэмль спрабуе выкарыстаць дыпламатычны ціск і прапаганду, каб прымусіць Украіну пайсці на саступкі і адмовіцца ад кантролю над сваімі гарадамі.
Расійскія чыноўнікі, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у перамовах са Злучанымі Штатамі, працягваюць настойваць на тым, што любое мірнае пагадненне аб спыненні вайны ва Украіне павінна грунтавацца на расійскіх патрабаваннях 2021 года. Яны таксама настойваюць на перадачы Расіі тэрыторыі, якую цяпер утрымліваюць украінскія войскі і на якой размешчаныя буйныя гарады і пражывае больш за мільён чалавек.
Пастаянныя адмовы Лаўрова і іншых крамлёўскіх чыноўнікаў ад спынення агню і іншых умоў, якія прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і еўрапейскія лідары вызначылі як неабходныя для дасягнення трывалага міру ва Украіне, дэманструюць, што Пуцін застаецца незацікаўленым у змястоўных перамовах і мяркуе, што ён можа дасягнуць сваіх вайсковых мэтаў вайсковым шляхам у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі можа не падпісаць пагадненне па рэдказямельных украінскіх мінералах, калі яно не ўтрымлівае больш шырокіх гарантый бяспекі, піша The Economist.
У новым пагадненні паміж Украінай і ЗША няма згадкі пра законапраект Дональда Трампа на 500 мільярдаў долараў, а таксама пра амерыканскае патрабаванне стоадсоткавага кантролю над інвестыцыйным фондам. Як піша выданне, уласнасць на фонд будзе размяркоўвацца прапарцыйна ўзносаў абодвух бакоў, што сведчыць аб далейшай падтрымцы Украіны з боку ЗША.
Таксама застаецца адкрытым пытанне кантролю фонду. Адзін пункт прадугледжвае, што ЗША будуць кантраляваць «максімальную суму», дазволеную іх заканадаўствам, што можа супярэчыць палажэнню аб прапарцыйным размеркаванні ўласнасці.
The Economist адзначае, што будучае пагадненне павінна ўдакладніць механізмы кантролю, а таксама гарантыі бяспекі, якія Зяленскі імкнуўся атрымаць яшчэ ў верасні ў абмен на доступ да ўкраінскіх мінеральных рэсурсаў. Аднак рамачнае пагадненне пакуль утрымлівае толькі палажэнні аб «абароне ўзаемных інвестыцый», але яго прэамбула прадугледжвае больш шырокую «архітэктуру пагадненняў» і падтрымку ў атрыманні гарантый бяспекі.
Са слоў крыніц выдання, знаёмых з перамовамі, Зяленскі не мае намеру падпісваць пагадненне, якое не ўтрымлівае больш шырокіх гарантый бяспекі. Першапачатковы рамачны дакумент не запатрабуе ратыфікацыі парламентам, але будучае пагадненне — так.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дапусціў, што яму не ўдасца дасягнуць міру паміж Украінай і Расіяй. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні амерыканскага ўрада, размаўляючы з прэсай.
Адказваючы на пытанне, ці не будзе прыкладам для Кітая, калі РФ пакіне сабе акупаваныя тэрыторыі Украіны, Трамп запэўніў, што ён зробіць усё магчымае, каб заключыць «найлепшае пагадненне для абодвух бакоў».
«Але для Украіны мы будзем старацца асабліва старанна, каб яны змаглі атрымаць як мага больш. Вы вельмі ўпэўненыя ў нас, бо мяркуеце, што мір магчымы. Але ёсць верагоднасць, што гэта не спрацуе. Спадзяюся, што спрацуе — дзеля чалавецтва», — сказаў ён.
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп сцвярджае, што ў рамках «урэгулявання вайны» ва Украіне расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін будзе вымушаны пайсці на пэўныя саступкі. Трамп заявіў, што «яму давядзецца» гэта зрабіць.
Ён не ўдакладніў, якімі могуць быць гэтыя саступкі, але заявіў, што калі б яго не абралі прэзідэнтам ЗША, вайна ва Украіне «працягвалася б яшчэ доўга». Прэзідэнт ЗША таксама заявіў, што Украіне «можна забыцца пра NATO» у рамках будучага «мірнага пагаднення».
Ён таксама адмовіўся абяцаць канкрэтныя гарантыі бяспекі Украіне з боку Штатаў, заявіўшы, што гэта павінна рабіць Еўропа.